Адбылося пасяджэньне аргкамітэту Чарнобыльскага ШляхуДададзена 11.04.2017 11:03:03 | 590 праглядаў 11 красавіка ў сядзібе БНФ адбылося чарговае пасяджэньне аргкамітэту па правядзеньні традыцыйнай акцыі Чарнобыльскі шлях, прысьвечанай 31-м угодкам аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
3 красавіка ў Менгарвыканкам была пададзена заяўка на правядзенне мітынгу і дэманстрацыі 26 красавіка – у гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Ад імя Партыі БНФ заяўку падпісаў намесьнік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў. Аргкамітэт Чарнобыльскага шляху ў Менску абвясьціў збор подпiсаў пад зваротам да Менгарвыканкаму, у якім зьмешчана патрабаваньне зацьвердзiць заяўлены маршрут акцыі. Адна прычына збору подпісаў у тым, што ўлады трактуюць распаўсюд інфармацыі пра заплянаваную акцыю як парушэньне заканадаўства. На сёняшнім пасяджэньні аргкамітэта быў зацьверджаны праект рэзалюцыі, якую плянуецца прыняць 26 красавіка. У ім утрымліваецца патрабаваньне да ўладаў неадкладна спыніць будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Астраўцы, а таксама правесьці кансультацыі аб мэтазгоднасці ўвядзення мараторыя на будаўніцтва АЭС у Беларусі і абмеркаваць з грамадствам стратэгію «ўстойлівага бяз’ядзернага развіцьця Беларусі». У праекце рэзалюцыі ўтрымліваецца патрабаваньне спыніць засваеньне чарнобыльскіх зямель і прамысловую вытворчасьць прадуктаў харчавання на іх, а таксама вярнуць праграмы сацыяльнай абароны ліквідатарам аварыі на ЧАЭС і ўсім, хто пацярпеў у выніку катастрофы. Аўтары рэзалюцыі таксама прапаноўваюць запатрабаваць ад уладаў «спыніць сацыяльнае і палітычнае напружаньне ў краіне», адмяніўшы дэкрэт № 3 “Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства», і стварыць «пляцоўку для раўнапраўнага дыялога з грамадствам». Прынята рашэньне 13 красавіка ў офісе Партыі БНФ (вул. Чарнышэўскага, 3) у 12.00 правесьці прэс-канфэрэнцыю аргкамітэту «Чарнобыльскага шляху». А 18 красавіка ў офісе партыі “Зялёныя” (вул. Фабрыцыуса, 4) пройдуць грамадзкія слуханьні на тэму «Спыніць будаўніцтва Астравецкай АЭС». Плянуецца шырокая дыскусія з удзелам экспэртаў, палітыкаў, прадстаўнікоў грамадскіх рухаў і ініцыятываў, дэпутатаў парлямэнту.
|
|
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.
|