Партыя БНФ » Дэлегацыі польскага Сэйму распавялі пра перасьлед беларускіх патрыётаў
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Дэлегацыі польскага Сэйму распавялі пра перасьлед беларускіх патрыётаў

Дададзена 13.04.2017 2:54:34 | 196 праглядаў

Парлямэнцкая дэлегацыя Сэйму Польшчы наведала Беларусь 11–13 красавіка з афіцыйным візытам. Польскія парлямэнтары сустрэліся зранку 13 красавіка з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі.

Беларуская дэмакратычная апазыцыя была прадстаўленая на сустрэчы  старшынём БСДГ Станіславам Шушкевічам, лідэрам Партыі БНФ Аляксеем Янукевічам, лідэрам «Гавары праўду» Андрэем Дзьмітрыевым, намесьнікам старшыні АГП Мікалаем Казловым, намесьніцай старшыні РПГА «Рух «За свабоду» Галінай Скараход, адказным сакратаром БХД Дзянісам Садоўскім.

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч распавёў Радыё Свабода пра сустрэчу:

Аляксей Янукевіч Красавік 2017«Падчас размовы польская дэлегацыя падкрэсьліла, што гэтая сустрэча для іх важная. У першую чаргу яны лічаць для сябе патрэбным пачуць меркаваньні беларускіх дэмакратычных партыяў і арганізацыяў пра тыя падзеі, якія адбываліся ў краіне апошнія паўтара месяца, нашы прагнозы пра тое, як сытуацыя будзе разьвівацца далей, нашы ацэнкі палітыкі Польшчы ў дачыненьні Беларусі, што праводзіцца цяпер.

У нечым думкі прадстаўнікоў беларускіх арганізацыяў адрозьніваліся, у нечым былі падобныя. Але першы і самы важны момант, зь якім пагадзіліся ўсе беларускія прадстаўнікі, — гэта неабходнасьць як мага хутчэйшага спыненьня крымінальнай «справы патрыётаў» і вызваленьня ўсіх арыштаваных. Гэта самы першы пункт парадку дня для нас, і мы заклікаем, каб гэта быў першы пункт міжнароднай супольнасьці ў кантактах зь беларускімі ўладамі.

Я, у прыватнасьці, падкрэсьліў, што неабходна, каб разьвіваўся палітычны дыялёг і эканамічная супраца між Польшчай і Беларусьсю, бо толькі калі Польшча будзе актыўна прысутная ў Беларусі, польскія палітыкі будуць мець рычагі для таго, каб уплываць на сытуацыю ў Беларусі, у тым ліку на сытуацыю з правамі чалавека.

Але паралельна з разьвіцьцём кантактаў на ўрадавым узроўні надзвычай важна, каб кантакты з грамадзянскай супольнасьцью не скарачаліся, а разьвіваліся яшчэ болей. Вельмі важна, каб падтрымка незалежных мэдыя і грамадзкіх арганізацыяў не зьмяншалася, а павялічвалася.

Тыя людзі, якія расчароўваюцца ўсё больш і больш у эканамічнай і сацыяльнай палітыцы беларускіх уладаў, або пяройдуць на бок тых, хто прапагандуе рынкавыя рэформы і адкрытасьць да вольнага сьвету і краінаў Захаду, або іх перацягнуць на свой бок прыхільнікі «русского мира». Тады сацыяльныя пратэсты ў Беларусі могуць мець прарасейскую афарбоўку, што не адпавядала бы ні беларускім інтарэсам, ні інтарэсам заходніх суседзяў.

На гэта польскія дэпутаты адказалі, што пачулі нашу думку, што давядуць яе да калегаў у польскім Сэйме, у польскім Міністэрстве замежных спраў ды іншых зацікаўленых бакоў у Польшчы. І яны выказалі зацікаўленасьць падтрымліваць наўпроставыя двухбаковыя кантакты» – сказаў Аляксей Янукевіч.

Wd9eBqobXFM

Раней польская дэлегацыя сустрэлася з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў і беларускімі палякамі.

Пасьля сустрэчы з беларускай апазыцыяй парлямэнцкая дэлегацыя польскага Сэйму ўсклала вянкі да магілаў ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў у Курапатах.

Разам з польскай дэлегацыяй у Курапатах быў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Беларусі Андрэй Навумовіч.

641ED9A2-1910-4BAE-A4BB-14D1B6BD2259_w1023_r1_s

Пасьля ўскладаньня кветак польскія парлямэнтары пагутарылі з журналістамі. Дэпутаты згадалі, што выслухалі і прадстаўнікоў беларускай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці, размаўлялі пра падзеі апошняга месяца ў Менску, казалі пра сваю падтрымку. На думку дэпутатаў, трэба працягваць і дыялёг з уладамі, кансультацыі і ўзгадненьні (гэта, кажуць дэпутаты, пацьвярджае і беларуская апазыцыя), і кантакт зь беларускай грамадзянскай супольнасьцю; важна, каб у дыялёгах была ўзаемнасьць.

Па словах амбасадара Польшчы ў Беларусі Конрада Паўліка, кожны візыт польскіх дэлегацый у Беларусь дае плён. Як прыклад ён прывёў сустрэчу ў Міністэрстве адукацыі, дзе дэпутаты пабачылі адкрытасьць да дыскусіі на тэму польскіх дзяцей, якія ходзяць у беларускія школы: для палякаў важна, каб дзеці мелі адчуваньне ўласнай айчыны, але і былі добрымі грамадзянамі Беларусі. Таксама прыкладам плёну ў дыялёгу ён лічыць рост экспарту ў Беларусь польскіх прадуктаў харчаваньня, які летась дасягнуў 350 млн эўра (і гэта ня максымум). Цяпер Польшча чакае, у прыватнасьці, зьняцьця бар’ераў на экспарт польскай ялавічыны.

Па словах дэпутата Адама Андрушкевіча, у час візыту абмяркоўвалася і сытуацыя з тэлеканалам «Белсат»: з польскага боку нічога не зьмянілася, тэлеканал існуе і карыстаецца вялікай падтрымкай польскага ўраду.

Што да заяваў беларускай дзяржаўнай тэлевізіі пра падрыхтоўку ў Польшчы баевікоў-сьмяротнікаў для «фашысцкіх пераваротаў» у Беларусі, Андрушкевіч заявіў, што на перамовах зь беларускімі дэпутатамі гаворкі пра гэта не было: ён пра гэта даведаўся ад журналістаў. Польшча, заявіў ён, такой дзейнасьці не вядзе і не зацікаўленая ў ёй. МЗС Польшчы будзе аналізаваць гэтыя заявы.

Дэпутат Аркадыюш Мулярчык з усьмешкай назваў такія заявы «палітычнай фантастыкай»:

«Гэта з катэгорыі фантастыкі, political fiction. Польскаму грамадзтву патрэбныя добрыя ўзаемныя адносіны, гаспадарчы абмен, супраца… Мы не вядзем ніякіх непрыязных дзеяньняў адносна Беларусі».

Паводле Радыё Свабода

Травень 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кра    
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.