Партыя БНФ » Вадзім Саранчукоў падае скаргу ў пракуратуру на ачарняльныя рэпартажы дзярж-ТВ
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Вадзім Саранчукоў падае скаргу ў пракуратуру на ачарняльныя рэпартажы дзярж-ТВ

Дададзена 21.04.2017 12:01:48 | 249 праглядаў

Дзяржаўны тэлеканал «Беларусь-4 Гродна» паказаў рэпартаж пад назвай «Маршам у нікуды», у якім асуджаюцца «Маршы недармаедаў», што адбыліся ў лютым-сакавіку шмат у якіх гарадах Беларусі, у тым ліку ў Горадні. Адзін са згаданых у «рэпартажы» апазыцыйных палітыкаў, старшыня Гарадзенскай арганізацыі Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў, рыхтуе заяву ў пракуратуру.

У відэа ананімны дыктар, расказваючы пра «маршы недармаедаў», сьцьвярджае, што на іх сабраліся тыя, каму «рабіць, па сутнасьці, няма чаго, як толькі маршыраваць».

Маўляў, размаўляць канструктыўна ў будынку адміністрацыі яны адмовіліся, але ім выпала нагода «засьвяціцца перад камэрамі з выглядам заўзятага змагара за справядлівасьць, каб потым даць справаздачу сваім куратарам…»

У час маршу намесьніца старшыні гарвыканкаму Зоя Кулеша прапаноўвала мітынгоўцам прайсьці ў актавую залю, якая зьмяшчае 250 чалавек, на акцыі ж сабралася каля 1000 чалавек. У адказ на абурэньне мітынгоўцаў яна ня раз паўтарала, што Горадня — прыгожы горад і «культурная сталіца Беларусі».

Затым у абʼектыў трапляюць паасобныя апазыцыянэры, якія пасьля «маршаў недармаедаў» былі асуджаныя на розныя тэрміны арышту і штрафы. Сярод іх сябра партыі «Справядлівы сьвет» Валянціна Навумава, кіраўнік гарадзкой арганізацыі партыі БНФ Вадзім Саранчукоў, сябра АГП Ежы Грыгенча, каардынатар кампаніі «Гавары праўду» Зьміцер Бандарчук, сябра БХД Сяргей Верамеенка і каардынатар руху «За свабоду» Ўладзімер Лявон.

Дыктар робіць выснову, што апазыцыянэры, якія «добра ўладкавалі сваё жыцьцё», толькі «робяць выгляд, што змагаюцца за правы беларусаў». У «рэпартажы» паказваецца дом, у якім жыве кіраўнік гарадзкой арганізацыі партыі БНФ Вадзім Саранчукоў, школьны атэстат каардынатара руху «За свабоду» па Гарадзеншчыне Вадзіма Лявона, агучваецца, хто і чым займаецца, расказваюцца іншыя падрабязнасьці — некаторыя амаль інтымнага характару — пра грамадзкіх і палітычных дзеячоў Гарадзеншчыны.

Вадзім Саранчукоў

Вадзім Саранчукоў сказаў карэспандэнту Радыё Свабода, што рыхтуе заяву ў пракуратуру па факце зьяўленьня такога матэрыялу на публічнай тэлевізіі:

«Відаць, што там выкарыстоўваюцца матэрыялы, якія яўна носяць апэратыўны характар. Гэтыя матэрыялы выкарысталі незаконна, як, у прынцыпе, і незаконна праводзілі здымкі. Усё скіравана на тое, каб чалавека абразіць і прынізіць. Відавочна, што гэта зроблена на замову, але зроблена вельмі непрафэсійна. Думаю, гэтым людзям будзе некалі вельмі сорамна за сваю працу».

Жнівень 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліп    
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031  
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.