Партыя БНФ » 23 сьнежня прайшла прэс-канфэрэнцыя кіраўніцтва Партыі БНФ + тэкст заявы
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


23 сьнежня прайшла прэс-канфэрэнцыя кіраўніцтва Партыі БНФ + тэкст заявы

Дададзена 23.12.2011 3:08:37 | 1,350 праглядаў

Партыя БНФ пратэстуе супраць забойстваў пратэстоўцаў у Казахстане, плянуе пікетаваць амбасаду гэтай краіны. Кіраўніцтва Партыі лічыць, што гэты трагічны інцыдэнт дэманструе сутнасьць плянаванага “Эўразійскага Саюзу” як зьвязу рэпрэсіўных рэжымаў.

23 сьнежня на сядзібе Партыі БНФ адбылася прэсавая канфэрэнцыя кіраўніцтва, якая была прысьвечаная рэакцыі Партыі БНФ на падзеі, якія адбываюцца ў Казахстане і ў зьвязку з плянаваным Эўразійскім саюзам паміж Беларусьсю, Расеяй і Казахстанам.

Быў агучаны пратэст супраць дзеяньняў сілавікоў Казахстана, якія 16 сьнежня ўжылі зброю супраць мітынгоўцаў у Жанаазэне, што прывяло да гібелі пратэстоўцаў, таксама кіраўніцтва Партыі зьвярнула ўвагу на тое, што дзеяньні дзяржаўных сілавых структураў у Казахстане могуць стацца мадэльлю паводзінаў і для беларускіх сілавікоў у будучыні ў тым выпадку, калі Эўразійскі саюз здолее стацца рэчаіснасьцю.

Cтаршыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч нагадаў, што яшчэ ў лістападзе 2011 году Сойм Партыі БНФ прыняў рашэньне распачаць кампанію супраць уступленьня Беларусі ў Эўразійскі зьвяз і за выхад з усіх наддзяржаўных утварэньняў з удзелам Расеі, якая разглядае іх як аднаўленьне Расейскай Імпэрыі, што супярэчыць нацыянальным інтарэсам Беларусі. Кампанія супраць Эўразійскага саюзу распачалася заявай, ужо падрыхтаваная першая ўлётка “Беларусь не павінна зьнікнуць у Эўразійскім саюзе”, дзе прыводзяцца факты, якія сьведчаць што ужо ад самага моманут, калі былі падпісаныя першыя пагадненьні, узровень жыцьця беларусаў упаў, узровень бяспекі беларусаў абнізіўся, узровень упэўненасьці ў заўтрашнім дні таксама істотна зьнізіўся. То бок, мы ўжо маем негатыўныя вынікі супрацоўніцтва і ўступленьня Беларусі ў Мытны саюз з Расеяй і Казахстанам.

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў абвесьціў аб падачы заяўкі на пікет каля амбасады Казахстана, і падкрэсьліў, што гэта першае масавае мерапрыемства, якое фронтаўцы будуць спрабаваць правесьці згодна з нормамі зьмененага закону аб масавых мерапрыемствах, што станецца своеасаблівым тэстам для ўлады: ці прыняцьцё гэтага закону азначае ўвогуле пазбаўленьне усякай легальнай магчымасьці масавых мерапрыемстваў у Беларусі, ці ўсё ж такі, калі пікет будзе дазволены і праведзены без інцыдэнтаў, будзе азначаць, што ячшэ існуюць магчымасьці для пратэстных мерапрыемстваў застаюцца ў Беларусі.

 

Аб пазыцыі Партыі БНФ адносна падзеяў у Заходнім Казахстане і пэрспэктывах стварэньня Эўразійскага саюзу з Казахстанам і Расеяй

Заява Ўправы Партыі БНФ

Партыя БНФ выказвае сваю глыбокую занепакоенасьць падзеямі ў Заходнім Казахстане, дзе 16-17 сьнежня 2011 году, у выніку ўжыцьця супрацоўнікамі дзяржаўных сілавых структураў вогнястрэльнай зброі супраць пратэстуючых страйкоўцаў, загінулі і атрымалі раненьні многія дзясяткі людзей. Мы спачуваем сем’ям ды блізкім загінулых і заклікаем улады Казахстану неадкладна спыніць гвалт у Мангістаўскай вобласьці.

Партыя БНФ цалкам падзяляе заклапочанасьць, выказаную з нагоды гэтых падзеяў дзеючым старшынём АБСЭ, Камітэтам ААН па правах чалавека, Вярхоўным прадстаўніком Эўразьвязу па зьнешняй палітыцы, міжнароднымі і нацыянальнымі праваабарончымі арганізацыямі, і падтрымлівае іх патрабаваньні аб’ектыўнага і празрыстага расследваньня падзеяў у Жанаазені і Шэтпе, пакараньня вінаватых у гібелі людзей і гвалтоўным здушэньні шматлюдных акцыяў пратэсту.

Партыя БНФ зьвяртае ўвагу на тое, што дзеяньні дзяржаўных сілавых структураў у Казахстане 16-17 сьнежня 2011 году могуць стацца мадэльлю паводзінаў і для беларускіх сілавікоў у будучыні ў тым выпадку, калі Эўразійскі саюз здолее стацца рэчаіснасьцю.

На вялікі жаль, падыходы да пратэстоўцаў ужо сёньня маюць шмат агульнага. Дастаткова ўзгадаць дзеяньні сілавых структураў Беларусі 19 сьнежня 2010 году, калі выкарыстаўшы правакацыю каля Дому ўраду ў Менску, улады гвалтоўна зьбілі ды пазбавілі волі каля тысячы чалавек, уключна з большасьцю кандыдатаў у Прэзыдэнты. Частка зь іх застаецца за кратамі па сёньняшні дзень, а да іх на працягу ўсяго апошняга году далучаюцца ўсё новыя і новыя палітвязьні, асуджаныя па адміністратыўных і крымінальных артыкулах, у тым ліку арыштаваныя літаральна на днях удзельнікі мірнай акцыі “Запалі сьвятло надзеі” 19.12.2011. Падобным жа чынам на масавыя пратэсты супраць фальсыфікацыяў на парлямэнцкіх выбарах у Расеі 4 сьнежня 2011 году рэагавалі ў шмат якіх гарадах і расейскія “сілавікі”.

Падобнасьць падзеяў і паводзінаў уладных структураў ва ўсіх трох краінах будучай “Адзінай эканамічнай прасторы”, якая павінна пачаць сваё функцыянаваньне з 1 студзеня 2012 году, зь пэрспэктывай да 2015 г. ператварыцца ў гэтак званы “Эўразійскі саюз”, яшчэ раз дэманструе, у якую “прастору” гвалту і прававога бязьмежжа ўцягваецца Беларусь.

 

Намаганьнямі сёньняшніх уладаў беларусы могуць апынуцца ў саюзе, дзе цынічна парушаюць і міжнароднае, і сваё ўласнае ўнутранае заканадаўства, адкрыта ігнаруюць правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, уключна зь яго падставовым правам – правам на жыцьцё.

У сувязі з гэтым Партыя БНФ, як асноўная сіла абароны нацыянальных інтарэсаў беларускага народу, яшчэ раз нагадвае пра сваю ясную і прынцыповую пазыцыю – ніякіх хаўрусаў з эканамічна адсталымі, антыдэмакратычнымі і рэпрэсіўнымі “эўраазіяцкімі” рэжымамі! Мы пацьвярджаем, што згодна з рашэньнямі лістападаўскага (2011 г.) пасяджэньня Сойму Партыі БНФ мы будзем дамагацца неўваходжаньня Беларусі ў Эўразійскі саюз, а таксама яе выхаду зь іншых шкодных для нацыянальных інтарэсаў праектаў: Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі, Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы, Эўразійскай эканамічнай супольнасьці, Мытнага зьвязу Беларусі, Казахстану і Расеі, Адзінай эканамічнай прасторы Беларусі, Казахстану і Расеі.

Заклікаем усіх неабыякавых да лёсу Бацькаўшчыны грамадзянаў, усе патрыятычныя грамадзкія ініцыятывы, партыі і арганізацыі далучацца да нашай працы і барацьбы. Толькі разам, толькі сумеснымі высілкамі мы зможам пакласьці канец нацыязабойчым інтэграцыйным авантурам!

 

Менск, 23.12.2011

Сакавік 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Лют    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.