Партыя БНФ » Рыгор Кастусёў камэнтуе выкрыцьцё ў Магілёве злачыннай групоўкі, створанай былым міліцыянтам у галіне ЖКГ
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Рыгор Кастусёў камэнтуе выкрыцьцё ў Магілёве злачыннай групоўкі, створанай былым міліцыянтам у галіне ЖКГ

Дададзена 18.05.2017 12:01:23 | 274 праглядаў

Былы міліцыянт стварыў «устойлівую злачынную групоўку» ў жыльлёва-камунальнай гаспадарцы, якая, паводле папярэдніх зьвестак міліцыі, нашкодзіла за тры гады дзяржаве на 2 мільёны рублёў.

Магілёўская міліцыя заяўляе, што выкрыла злачынную групоўку ў мясцовым камунальным прадпрыемстве «Жылкамгас». Супраць былога яго кіраўніка распачата крымінальная справа за перавышэньне ўлады, службовых паўнамоцтваў. Імя зламысьніка не называецца.

Паводле начальніка Ўпраўленьня па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Дзьмітрыя Шчадракова, які пракамэнтаваў сытуацыі сайту Ўпраўленьня ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкаму, супраць удзельнікаў злачыннай змовы распачата 36 крымінальных спраў, у 12 праводзяцца праверкі. Паводле папярэдняй інфармацыі, толькі з выяўленых фактаў, паведамляе Шчадроў, памер нанесенай шкоды складае болей за 20 мільярдаў недэнамінаваных рублёў (2 мільёны новымі).

«Выяўлены факт супрацьпраўных дзеяньняў былога кіраўніка Магілёўскага УКП „Жылкамгас“ — частка маштабнай злачыннай схемы, — адзначае Дзьмітры Шчадракоў. — Мерапрыемствы па суправаджэньні зьдзейсьненых дзяржаўных закупаў і закупаў за кошт уласных сродкаў прадпрыемстваў ЖКГ, праведзеных супрацоўнікамі ўпраўленьня па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі, дазволілі выкрыць злачынную схему, зьвязаную з пастаўкамі згаданымі прадпрыемствамі таварна-матэрыяльных каштоўнасьцяў па завышаных цэнах».

Паводле міліцыянта, «у пэрыяд ад 2012-га да 2015 году ўстойлівая група, якую ачольваў дырэктар і заснавальнік болей як дзесяці камэрцыйных структур у Менску, у змове з кіраўнікамі прадпрыемстваў ЖКГ ажыцьцяўляла пастаўкі абсталяваньня па цане, завышанай у трынаццаць разоў». Злачынная схема ахоплівала болей за трыццаць раёнаў ва ўсіх абласьцях краіны.

Журналістам удалося высьветліць, што дырэктарстваваў у Магілёўскім жылкамгасе палкоўнік міліцыі ў адстаўцы, у мінулым намесьнік начальніка Ўпраўленьня ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкаму Ўладзімер Агееў.

Паводле спэцыяліста ў пытаньнях жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, намесьніка старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, кіраўнік жылкамгасу з так званых «шклоўскіх». Пасьля выхаду ў адстаўку Агеева прызначылі на пасаду камунальнага прадпрыемства. Кастусёў адзначае, што брат Уладзімера Агеева, Аляксандар, кіраваў Шклоўскім раёнам.

Рыгор Кастусёў

«Аляксандар Агееў у 2001 годзе мяне звальняў з пасады дырэктара камунальнай гаспадаркі Шклоўскага раёну. На гэтай пасадзе я прабыў шэсьць гадоў, і мяне не ўдалося пасадзіць, як тых, хто кіраваў гаспадаркай пасьля мяне. Колькі не правакавалі, знайсьці падставы для затрыманьня не змаглі, бо ўсё, што я рабіў, было паводле закону», — прыгадаў Рыгор Кастусёў.

«Сытуацыя з выкрыцьцём злачыннай групоўкі цалкам праўдападобная. Яна нават да канца не расьсьледаваная, — лічыць намесьнік старшыні Партыі БНФ. — Такая сытуацыя стала магчымай праз адчуваньне ўсёдазволенасьці чыноўнікаў, заганную практыку прызначэньня кадраў ды непразрыстасьць працы ў жыльлёва-камунальнай гаспадарцы».

Кастусёў адзначае, што зьвесткі пра выкрыцьцё злачыннай групоўкі прасочваліся ў СМІ даўно, але «нехта ўплывовы перашкаджаў абнародаваньню яе цалкам», і толькі цяпер міліцыя вымушаная была паведаміць пра ход расьсьледаваньня. Выкрыцьцё зламысьнікаў у жыльлёва-камунальнай гаспадарцы ня зьменіць у ёй агульнай сытуацыі. Яна, як і раней, будзе закрытай ад грамадзтва і спажыўцоў паслуг, лічыць Рыгор Кастусёў:

«Можа, нехта прыціхне, але, як казаў той, вада адстаіцца і зьявяцца новыя схемы. Дырэктара падбяруць паводле прынцыпу „кумаўства“. Чужога чалавека на начальніцкую пасаду ня возьмуць. Такі чалавек будзе працаваць так, як патрэбна сыстэме. Наступствы ад такой практыкі ўкладуцца ў сабекошт паслуг камунальнай гаспадаркі. Плаціць за іх будуць спажыўцы».

Паводле Радыё Свабода

Верасень 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Жні    
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930  
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.