Партыя БНФ » Гісторык Кур’яновіч знайшоў дзясяткі недакладнасцяў у інтэрв’ю дэпутата Марзалюка
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Гісторык Кур’яновіч знайшоў дзясяткі недакладнасцяў у інтэрв’ю дэпутата Марзалюка

Дададзена 31.05.2017 12:06:28 | 416 праглядаў

У другой палове мая 2017 года газета «Звязда» надрукавала інтэрв’ю з доктарам гістарычных навук, па сумяшчальніцтве — дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Ігарам Марзалюком. Нягледзячы на відавочныя банальнасці і прапісныя ісціны, якія вядомыя нават школьніку, усё ж паспрабуем адказаць спадару Марзалюку, бо інтэрв’ю дае далёка не шараговы навуковец.

МарзалюкАднак у першую чаргу звернем увагу вось на што. У пачатку інтэрв’ю карэспандэнт выдання заяўляе пра тое, што Расія ў XX стагоддзі перажыла чатыры рэвалюцыі. Больш-менш адукаваны чалавек, нават не прафесійны гісторык, пракруціўшы ў галаве 1905—1907 гады, падзеі лютага і кастрычніка 1917 года, задасць пытанне: а дзе чацвёртая? Гэта што? Путч 19—21 жніўня 1991 года, роспуск СССР 8 снежня 1991 год, ці, можа быць, падзеі ў Маскве 3—5 кастрычніка 1993 года? У гістарычнай навуцы ёсць толькі тры расійскія рэвалюцыі, афіцыйна прызнаныя навуковай грамадскасцю. Падобныя псеўданавуковыя заявы з боку рэспубліканскай газеты наконт нейкай чацвёртай расійскай рэвалюцыі абсалютна недапушчальныя.

На жаль, захапленне псеўданавуковымі тэорыямі характэрна і для спадара Марзалюка. Гэта і абазначэнне Крымскай вайны ў якасці сусветнай, і ўжыванне тэрміна «калабарацыянізм» у адносінах да Айчыннай вайны 1812 года, і тлумачэнне русіфікацыі Беларусі пасляваенным прамысловым развіццём. Своеасаблівым апагеем у гэтых адносінах стала вызначэнне спадаром дэпутатам свайго куміра Леніна (які фактычна пражыў значную частку жыцця ў эміграцыі) як прадукту Срэбнага веку з ніцшэанскім светапоглядам. Такое «адкрыццё» цягне, як мінімум, на дзяржаўную прэмію.

Найперш звернемся да Кастрычніцкай рэвалюцыі і асабіста да Леніна і зададзім некалькі пытанняў паважанаму дэпутату. Кім, напрыклад, быў разагнаны Устаноўчы сход, выбары ў які бальшавікі з буйным лікам прайгралі? Ці не Ленін паказаў сябе зацятым праціўнікам Устаноўчага сходу? Гэта пытанне ставіцца з тым разлікам, што спадар Марзалюк сам з’яўляецца народным выбраннікам нават у межах існуючай сістэмы.

Усхваляючы Леніна, спадар Марзалюк зусім не хвалюецца з-за таго, што прагнозы Леніна нават у кароткатэрміновай перспектыве не збыліся.

Дэпутат-гісторык прыгадвае артыкул Леніна пра Злучаныя Штаты Еўропы (дакладней — «О лозунге Соединенные Штаты Европы») 1915 года. І што? Адна з ідэяў — сусветная рэвалюцыя (спачатку перамога сацыялізму ў асобнай краіне, г.зн. у Расіі, а потым — у астатніх) — артыкула засталася на паперы: не дапамог ні Камінтэрн, ні золата партыі. Ці, можа, спадар Марзалюк, маючы на ўвазе сённяшнія цяжкасці ЕС, лічыць правільным сцвярджэнне Леніна аб немагчымасці саюза еўрапейскіх дзяржаў? Дык Ленін лічыў такую немагчымасць выключна па прычыне тагачаснай эканамічнай мадэлі, якую называў капіталізмам і прапаноўваў стварыць Злучаныя Штаты Свету на сацыялістычнай аснове. Аднак праект ЕС пасля Другой сусветнай вайны ўсё ж ажыццявіўся і існуе цяпер.

Усеагульнае выбарчае права? Дык яно нават у савецкім варыянце з’явілася толькі ў Канстытуцыі «пераможнага сацыялізму» 5 снежня 1936. Да гэтага ва ўсіх савецкіх канстытуцыях, у тым ліку і ў канстытуцыях БССР 1919 і 1927 гг. існавалі абмежаванні. Для каго? Напрыклад, звернемся да артыкула 71 Канстытуцыі БССР 1927 г. Адказ: для гандляроў, папоў і іншых.

Сацыяльныя гарантыі? У спадара Марзалюка як у чалавека, які мае дачыненне да адукацыі, можна спытаць: ці ў курсе ён, што платная адукацыя ў старэйшых класах сярэдніх школ, у сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных установах СССР была адменена толькі ў 1956?

Васьмігадзінны працоўны дзень? Колькі эксперыментаў пры савецкай уладзе былі з гэтымі гадзінамі. Шэсць гадзін, сем гадзін. Потым яшчэ раз восем гадзін. Пра драконаўскія законы 1940 года, калі працоўнага за самавольны сыход з прадпрыемства маглі ўпякчы за краты, увогуле трэба маўчаць. І наогул: сацыяльныя гарантыі, калі казаць пра СССР, для рознага перыяду розныя, і тым больш, для розных сацыяльных слаёў. Пры Сталіну, напрыклад, рабочы ў горадзе і калгаснік ў вёсцы — два розныя светы.

Цяпер пра федэратыўны лад СССР. Дакладней пра тое, што з самага пачатку СССР быў створаны як унітарная дзяржава. Пра гэта сведчыць Канстытуцыя СССР 1924 года: паводле артыкула 4 рэспубліка мела права выхаду з СССР, аднак жа па артыкуле 19 усе дэкрэты, распараджэнні і пастановы саюзнага Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта СССР былі абавязковыя для выканання ва ўсім СССР.

Калі быў створаны Вярхоўны Савет, дык РСФСР мела, дзякуючы сваёй тэрыторыі і насельніцтву, самую вялікую колькасць дэпутатаў, пачынаючы з 1937 года. Аб якім ідэальным ладзе можа ісці гаворка, калі Грузінская ССР, якая па насельніцтве была на 1,5 мільёна менш за БССР (да Заходняй Беларусі), мела ў Вярхоўным Савеце, дзякуючы сваім аўтаномным абласцям, больш дэпутатаў, чым Беларусь. Братэрства рэспублік, — гэта міф, а ў рэальнасці ўсё зводзілася да барацьбы за грошы ад Цэнтра і ўплыў на яго.

Спадар Марзалюк кажа пра савецкага чалавека, які не ганарыўся сваёй ідэнтычнасцю. Але, дазвольце, адкуль усё гэта: «хахлы», «жыды», «лабусы», «бульбашы», «чуркі»?

Спадар Марзалюк упэўнены, што побыт ціснуў на савецкага чалавека? Але тут жа сцвярджае, што наша «генетычная» памяць была супраць распаду СССР? Не, наадварот. Побыт, дэфіцыт настолькі дасталі людзей, што ніхто не выйшаў на вуліцы на абарону Саюза пасля падпісання Белавежскіх пагадненняў 8 снежня 1991 года.

Ігару Аляксандравічу трэба параіць быць пільным і з тэхнічнага боку пры аналізе савецкага мінулага. Так, артыкул Андропава сапраўды называўся «Учение Карла Маркса и некоторые вопросы социалистического строительства в СССР». А «Завещание» Леніна — гэта выключна «Ліст да з’езда». Астатнія апошнія працы Леніна «О кооперации», «Как нам преобразовать Рабкрин» і іншыя не маюць да «завещания» ніякіх адносін.

Даволі непераканаўча гучыць тэза аўтара пра тое, што нібыта дзекабрысты першыя адчулі нездаровыя сімптомы ў расійскім грамадстве. А як жа, напрыклад, Аляксандр Радзішчаў і яго «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву»?

Гэты чалавек, дарэчы, дзяржаўны чыноўнік, паводле вядомага выразу Кацярыны II, «бунтаўшчык, горшы за Пугачова», стаў адзін з першых у Расійскай імперыі, хто спазнаў ганенні і сылку, а потым у знак пратэсту супраць сістэмы скончыў жыццё самагубствам. Не трэба таксама ідэалізаваць дзекабрыстаў: дастаткова, напрыклад, даведацца, як «Русская праўда» Паўла Пестэля з яго лозунгам «адзінай і непадзельнай Расіі» (незалежнасць прадугледжвалася толькі для Польшчы) і «правом благоудобства» імкнулася вырашыць нацыянальнае пытанне. Чаго варта адно толькі перасяленне цыганоў з Расіі, калі яны не прымуць праваслаўя.

А як жа славуты праект 1809 года Міхаіла Сперанскага? Дый сам Аляксандр I цалкам усведамляў адставанне Расіі ад перадавых краін Захаду і асабліва ў першае дзесяцігоддзе свайго кіравання быў схільны да самых рашучых рэформаў.

Таксама вельмі цяжка пагадзіцца са сцвярджэннем спадара Марзалюка пра тое, што канцэсійная палітыка Савецкай Расіі, у выніку якой яна апынулася пад англа-амерыканскім капіталам, стала прычынай для рэваншу традыцыі. Хутчэй за ўсё, спадар Марзалюк меў на ўвазе індустрыялізацыю. Дык вось. Нельга фатальна звязваць індустрыялізацыю і канцэсіі. Індустрыялізацыя — вынік цэлай сукупнасці фактараў, у якой канцэсіі займалі далёка не першае месца. Галоўная мэта індустрыялізацыі палягала ў мілітарызацыі краіны, яе здольнасці абараніць сябе. Канцэсійная ж палітыка была цалкам кантраляванай з боку савецкіх уладаў. Больш таго, Саветы ніколі не былі ініцыятарам канцэсій. Да іх паступала столькі прапаноў, што Саветы мелі права выбару. Да таго ж канцэсіі былі прадстаўлены ў асноўным дробным і сярэднім капіталам, бо сусветна вядомыя брэнды ўсё ж баяліся звязвацца з бальшавікамі. Акрамя таго, канцэсіі былі абстаўлены шырокімі бюракратычнымі забабонамі, не гаворачы ўжо пра пільны кантроль з боку спецслужбаў.

Памыляецца спадар Марзалюк і ў тым, што быццам бы высілкамі Льва Троцкага Савецкая Расія была здадзена пад канцэсіі англа-амерыканскаму капіталу. Жаданне гісторыка-дэпутата вінаваціць ва ўсім галоўнага палітычнага праціўніка Сталіна зразумелае ў кантэксце фактычнага апраўдання спадаром Марзалюком «Шахцінскай справы» і «Справы Прампартыі» і на фоне прапагандысцкай карціны 1953 года «Другі Усерасійскі з’езд Саветаў» мастака-сталініста Пятра Сакалова-Скаля (дзе побач з Леніным стаіць Сталін у момант абвяшчэння савецкай улады), якая аздабляе інтэрв’ю народнага выбранніка.

Леў Троцкі сапраўды ў 1925—1927 гадах займаў пасаду старшыні Галоўнага канцэсійнага камітэта. Але, па-першае, гэты камітэт падпарадкоўваўся Саўнаркаму, гэта значыцца, што прынцыповыя рашэнні па канцэсіях прымаліся на ўзроўні ўрада. Па-другое, уплыў Троцкага няўхільна падаў (у 1925 г. Троцкі быў адхілены ад пасады народнага камісара па вайсковых і марскіх справах). Па-трэцяе, сучасныя постсавецкія гісторыкі, вядучыя спецыялісты па канцэсіянальнай палітыцы Савецкай Расіі, у прыватнасці Сяргей Данільчанка, не схільны бачыць у Троцкім галоўнага «рухавіка» канцэсій. Той жа Данільчанка сцвярджае, што да 1924 года Троцкі ўвогуле крытыкаваў канцэсійную палітыку. Далей гэты расійскі гісторык у сваім капітальным артыкуле «Канцэcійная палітыка савецкай дзяржавы ва ўмовах НЭПа» прысвячае Троцкаму літаральна адзін сказ, указваючы на тое, што Леў Давыдавіч з 1925 года стаў спрыяльна ацэньваць канцэсіі. Данільчанка лічыць, што самымі моцнымі прыхільнікамі канцэсій былі кіраўнік Саўнаркаму Аляксей Рыкаў і народны камісар знешняга гандлю Леанід Красін. Можна не пагаджацца з Данільчанкам, але ён выкарыстоўвае арыгінальныя дакументы з расійскіх архіваў.

А вось у спадара Марзалюка сапраўдных архіўных крыніц яўна бракуе, пра што сведчаць разважанні дэпутата пра вышэй адзначаныя «Шахцінскую справу» і «Справу Прампартыі». Ігар Марзалюк упэўнены, што жорсткія прысуды на гэтых працэсах цалкам апраўданыя, бо наўмыснае шкодніцтва нібыта мела месца. У якасці доказу спадар Марзалюк цытуе выступ у Парыжы ў 1928 годзе дырэктара Усесаюзнага цеплатэхнічнага інстытута Леаніда Рамзіна перад членамі знакамітага «Торгпрома» — арганізацыі, якая аб’яднала былых расійскіх уладальнікаў заводаў і фабрык, нацыялізаваных бальшавікамі. У сваім выступе Рамзін распавёў былым капіталістам планы па стварэнні дысбалансу савецкай эканомікі, «амярцвенні» капіталу і заклікаў да ўзброенай інтэрвенцыі супраць СССР. Таксама спадар Марзалюк цытуе старшыню «Торгпрома» Дзянісава, які запэўніў, што французскія вайскоўцы пачалі распрацоўваць план нападу на Савецкі Саюз. У якасці доказу Ігар Аляксандравіч прыводзіць загадкавыя французскія масонскія архівы, якія пасля акупацыі Францыі гітлераўскай Германіяй апынуліся ў Берліне, а ў 1945 годзе былі вывезены ў СССР і на сённяшні час рассакрэчаны. Канечне, спадар Марзалюк не канкрэтызуе назву фондаў, спраў, а ўказвае на тое, што масонскія матэрыялы захоўваюцца ў архівах КДБ.

Аднак, калі звярнуцца да яго вялікасці інтэрнэту, то тэкст з выступамі Рамзіна і Дзянісава можна знайсці, але не ў сакрэтных архівах, а ў кнізе амерыканскіх журналістаў Майкла Сэерса і Альберта Кана «Тайная война против Советской России», якая была выдадзена ў СССР (англамоўнае выданне выйшла ў Бостане ў 1946 годзе) ажно ў 1947 годзе. Таму сцвярджэнне спадара Марзалюка аб тым, што сёння «как откровение» многія даведваюцца пра тое, што «Справа Прампартыі» і «Шахцінская справа» не былі сфальсіфікаваныя, можна паставіць пад вялікі сумнеў. У кароткім уступе Сэерс і Кан сцвярджаюць, што ўсе падзеі ў кнізе мелі месца і што пры падрыхтоўцы «Тайнай вайны» яны нібыта выкарыстоўвалі афіцыйныя выданні Дзярждэпартамента ЗША, пратаколамі пасяджэнняў камісій Кангрэса ЗША, афіцыйнымі дакументамі, выдадзенымі англійскім урадам і апублікаванымі стэнаграфічнымі запісамі савецкіх судовых працэсаў. Пры гэтым гаворкі пра нейкія масонскія архівы і блізка няма. Характэрна, што самі аўтары на старонках сваёй кнігі, аднак, не падаюць ніводнай спасылкі на сур’ёзныя архіўныя крыніцы, абмяжоўваючыся ўласнымі заўвагамі, што паказвае на тое, што кніга была звычайным фэйкам.

Выступы Рамзіна і Дзянісава пачалі актыўна тыражавацца некаторымі расійскімі «гісторыкамі» ў нулявыя пуцінскія гады, калі модным стала абельванне Сталіна і яго памагатых. У прыватнасці, тэкст выступу Рамзіна і Дзянісава падае фанат «правадыра усіх народаў «і былы чэкіст Арсен Мартырасян у брашуры «Сталин и достижения СССР», якая выйшла ў 2007 годзе.

Тэза аб тым, што Сталін выступаў за памілаванне «шкоднікаў», была таксама падхоплена неасталіністамі для абароны свайго куміра. У прыватнасці, у кнізе 2006 года «Двойной заговор. Тайны сталинских преступлений» Алёны Пруднікавай і Аляксандра Калпакідзі.

Калі звярнуцца, напрыклад, да Пруднікавай, то гэтая расійская пісьменніца, фізік па спецыяльнасці, з’яўляецца аўтарам шматлікіх твораў на сталінскую тэму. Аб стаўленні спадарыні Пруднікавай да Сталіна гавораць назвы яе «шэдэўраў»: «Берия. Последний рыцарь Сталина», «Иосиф Джугашвили. Самый человечный человек» і іншыя.

Дарэчы, Ігару Аляксандравічу трэба быць больш пільным пры расстаноўцы акцэнтаў, пераправяраць тэкст перад тым, каб падаць яго ў публічную прастору. Маецца на ўвазе той факт, што Бухарын настойваў на расстрэле фігурантаў «Шахцінскай справы» 1928 года, а не «Справы Прампартыі» 1930 года, як сцвярджае паважаны дэпутат (дарэчы, спадар Марзалюк чамусьці прапускае той факт, што пяць чалавек па гэтай справе ўсё ж былі расстраляны, а робіць акцэнт на тое, што па «Справе Прампартыі» расстрэльныя прысуды былі заменены на турму). У 1930 годзе Бухарын ужо не быў членам Палітбюро, таму ўплыву не меў.

І ўвогуле, вельмі шкада, што доктар навук, дэпутат і старшыня парламенцкай камісіі ў інтэрв’ю вядучай дзяржаўнай газеце абапіраецца не на сур’ёзныя крыніцы, а на сумнеўныя цытаты без падмацавання іх адпаведнымі спасылкамі і тым больш узятыя з прапагандысцкіх сталінскіх выданняў.

І яшчэ. Спадар Марзалюк сцвярджае, што ў 1960-я гады Мікіта Хрушчоў заявіў, што «Шахцінская справа» і «Справа Прампартыі» былі сфальсіфікаваны. Гэта не адпавядае рэчаіснасці і не падмацавана крыніцамі. Такіх заяў Хрушчоў не рабіў, будучы пры ўладзе і не мог зрабіць і пасля адстаўкі. У перыяд «адлігі» фігуранты гэтых спраў рэабілітаваныя не былі. Ніводнага слова пра гэтыя працэсы няма ў кнізе Хрушчова «Успаміны», што выйшла за мяжой у 1970 годзе. Да таго ж фігуранты «Шахцінскай справы», напрыклад, былі рэабілітаваны ў Расіі толькі ў канцы 2000 года.

Вельмі спрэчным з’яўляецца сцвярджэнне спадара Марзалюка пра тое, што Руская праваслаўная царква ў шматнацыянальнай Расіі была аб’яднальным пачаткам. Аднак гэта абвяргаецца рэформамі патрыярха Нікана, якія на стагоддзі спарадзілі феномен раскольніцтва. З раскольнікамі афіцыйная праваслаўная царква вяла бязлітасную барацьбу. Так, крыжовых праваслаўных паходаў не было, але фізічная расправа з тымі ж раскольнікамі ўсё ж мела месца (спаленне Авакума). Дастаткова прыгадаць і шэраг нецаркоўных праваслаўных плыняў («хлысты» і іншыя). Яны, мабыць, не мелі вялізнага ўплыву, але ж існавалі. А ўвогуле для таго, каб азнаёміцца з супрацьлеглым пунктам гледжання на праваслаўную царкву і рэлігійны мір рускага чалавека, зацікаўленыя могуць прачытаць ліст Бялінскага да Гогаля ў 1847 годзе.

Заканчваючы пра Рускую праваслаўную царкву, трэба адзначыць, што яе зрастанне з дзяржавай прывяло да з’яўлення «распуціншчыны» з яе фатальнымі наступствамі.

Трохі дзіўнае разважанне спадара Марзалюка пра інтэрвенцыю Расіі ў Венгрыю ў 1849 годзе. У якасці доваду спадар дэпутат прыводзіць прызнанне Мікалая I аб сваім глупстве за выратаванне Аўстрыі. Аднак словы — адно, а справы — іншае. І ніякія «кракадзілавы слёзы» гэтага расійскага манарха не абвергнуць той факт, што падаўленне рэвалюцый, паўстанняў было сутнасцю мікалаеўскага рэжыму на працягу трыццацігадовага панавання. Дарэчы, Франц Іосіф фармальна не далучыўся да праціўнікаў Расіі ў Крымскай вайне.

Трэба звярнуць увагу спадара Марзалюка і на факталогію. Ён, напрыклад, адзначае, што Паскевіч прыняў армію, якая з 1812 па 1853 год не правяла ніводнага вучэння, а толькі парады. Іншымі словамі, параза Расіі ў Крымскай вайне абумоўлена тым, што расійская армія, паводле спадара Марзалюка, не выконвала сваіх непасрэдных функцый. Калі быць ужо дакладным, то расійская армія ўдзельнічала ў замежных кампаніях 1813 і 1814 гадах, затым былі даволі паспяховыя для Расіі войны з Іранам (1826—1828), Турцыяй (1828—1829). Дастаткова прыгадаць падаўленне паўстання 1830—1831 гадоў, а таксама шматгадовую вайну з Шамілём. Таксама нельга пагадзіцца з тэзай наконт таго, што Расія не пацярпела ніводнай ваеннай паразы. А як жа катастрофа рускіх пад Еўпаторыяй альбо ўзяцце Малахавага кургана?

Увогуле ў разважаннях спадара Марзалюка прасочваецца дзіўная ідэалізацыя Мікалая I. Аднак па гістарычных мерках праўленне гэтага манарха было самым няўдалым для Расіі. Асабліва катастрафічным яно было для беларускіх губерняў. Чаго варта толькі адно закрыццё Віленскага ўніверсітэта, у выніку чаго развіццё адукацыі і культуры ў краі было замаруджана на дзесяцігоддзі.

Некаторыя разважанні спадара Марзалюка зразумець цяжка. Напрыклад, як карэлююцца сцверджанні наконт таго, што на Беларусі немагчымы быў Бабі Яр і што Эрыха Коха ва Украіне не забілі, як Вільгельма Кубэ ў Мінску? Дык што, Марзалюк намякае, што ўкраінцы, будучы антысемітамі нават ва ўмовах жорсткага акупацыйнага рэжыму, віталі знішчэнне яўрэяў і таму не забілі Коха?

Усмешку выклікаць пасажы спадара Марзалюка наконт БНФ і яго «нацыяналістычнай» фракцыі ў Вярхоўным Савеце. Ніякай шкоды дэпутацкая група БНФ нанесці па моўным пытанні не магла, бо яе прадстаўнікі не былі ва ўладных структурах.

А калі быць дакладным, то актыўную працу па пашырэнні беларускай мовы (яе рэформа, выданне кніжак, падручнікаў і іншае) праводзіла камісія Вярхоўнага Савета па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны пад кіраўніцтвам Ніла Гілевіча. Як гэта ні дзіўна гучыць, такую палітыку ажыццяўляў урад Кебіча. У фондзе №7 (Урад) Нацыянальнага архіва захаваліся штогадовыя планы Савета Міністраў па папулярызацыі беларускай мовы, па пашырэнні яе ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Больш за тое, дзяржаўны статус беларускай мовы быў замацаваны ў Дэкларацыі ад 27 ліпеня 1990, за якую аддалі галасы ўсе галасаваўшыя дэпутаты, а таксама ў Канстытуцыі 15 сакавіка 1994. І не трэба навешваць апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце ярлык моўных тэрарыстаў. Група БНФ рабіла прапановы рэформаў і змен ва ўсіх сферах жыцця. Для спадара Марзалюка можа быць дзіўным, аднак яго сённяшні кумір, а тады дэпутат Аляксандр Лукашэнка рабіў неаднаразовыя рэверансы ў бок апазіцыі. Калі спадару Марзалюку будзе цікава, ён можа азнаёміцца з адпаведным 800-старонкавым зборнікам дакументаў «Апазіцыя Беларускага Народнага Фронту ў Вярхоўным Савеце 12-га склікання».

Спадар Марзалюк высока ацэньвае закон аб мовах (насамрэч — закон «Аб мовах»), прыняты Вярхоўным Саветам БССР 11-га склікання 26 студзеня 1990. Калі закон такі добры, то навошта было праводзіць рэферэндум у 1995 годзе наконт двухмоўя?

Разважанні спадара Марзалюка пакінулі дваістыя ўражанні. Ніхто не замінае выказваць свой пункт погляду. Аднак рабіць гэта трэба на строгай навуковай аснове з апорай на вывераныя крыніцы, пазбягаючы псеўданавуковасці, залішняй катэгарычнасці і, канечне ж, ідэалізацыі той ці іншай гістарычнай ці палітычнай асобы.

Як жа ў такім разе ацаніць апошні пасаж паважанага Ігара Аляксандравіча наконт таго, што Беларусь на ўсёй постсавецкай прасторы з’яўляецца самым бяспечным месцам для пражывання, дзякуючы заслугам Аляксандра Лукашэнкі? Гэта пытанне лепш адрасаваць ужо не гісторыкам, а іншым спецыялістам.

Аляксандр Кур’яновіч

Паводле газэты “Наша ніва
http://nn.by/?c=ar&i=191333

Верасень 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Жні    
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930  
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.