Партыя БНФ » Судовы працэс “Саранчукоў супраць БТ” адбудзецца 6 ліпеня
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Судовы працэс “Саранчукоў супраць БТ” адбудзецца 6 ліпеня

Дададзена 20.06.2017 11:18:17 | 249 праглядаў

У Ленінскім судзе Горадні 20 чэрвеня адбылася папярэдняя сустрэча бакоў па скарзе старшыні гарадзенскай арганізацыі Партыі БНФ пра абарону гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі да абласной тэлерадыёкампаніі. Разгляд справы прызначаны на 6 ліпеня.

Вадзім Саранчукоў судЯшчэ 17 красавіка Гарадзенскае абласное тэлебачаньне паказала ў эфіры відэасюжэт «Маршам у нікуды». Сюжэт датычыўся акцый пратэсту «дармаедаў» у Горадні. Адным зь ягоных «герояў» быў Вадзім Саранчукоў. Пасьля гэты сюжэт быў зьмешчаны на афіцыйным сайце тэлеканалу, а таксама на сэрвісе Youtube.

Паводле Саранчукова, відэасюжэт паказалі без указаньня аўтарства, а інфармацыя, распаўсюджаная ў ім, не адпавядае сапраўднасьці. Саранчукоў сьцьвярджае, што зьнятыя кадры ў хутчэй нагадваюць апэратыўныя здымкі супрацоўнікаў праваахоўных органаў, а не працу журналістаў.

Са скаргай Саранчукоў зьвяртаўся ў пракуратуру, але адказу адтуль не атрымаў і вырашыў зьвярнуцца ў суд.

— Ад Гарадзенскай тэлерадыёкампаніі я патрабую, каб мне было прынесеныя прабачэньні, а таксама каб у этэры была абвешчаная інфармацыя, што факты, прыведзеныя ў відэасюжэце, не адпавядаюць сапраўднасьці. Ніякай грашовай кампэнсацыі я ад іх не хачу.

Вадзім Саранчукоў завастрыў увагу суду на тым, што ў паказаным відэасюжэце «Маршам у нікуды» была закранута ягоная дзелавая рэпутацыя. Ён насамрэч рамесьнік, вырабляе канкрэтны прадукт і рэалізоўвае яго. А тэлерадыёкампанія, маўляў, паставіла пад сумнеў гэтыя факты, зьвёўшы іх да таго, што рамесьнікам ён нібыта зарэгістраваўся толькі з прыняцьцем дэкрэту № 3.

Суд прапанаваў Саранчукову ўдакладніць патрабаваньні пісьмова і прадставіць да першага паседжаньня. Саранчукоў запэўніў суд, што ў якасьці доказаў прадставіць сваю рэгістрацыю рамесьніка і дамовы на рэалізацыю прадукцыі з крамамі ў розных гарадах Беларусі.

Прадстаўнік тэлерадыёкампаніі сказаў, што ўсе факты, паказаныя ў відэасюжэце, спраўджаныя. Маўляў, рэгістрацыя рамесьніка, а таксама дамовы, заключаныя з крамамі, яшчэ ня сьведчаць пра добрую рэпутацыю майстра. Таму прадстаўнік адказчыка зьбіраецца дабівацца ў судзе, каб Саранчукоў засьведчыў сваё майстэрства.

Саранчукоў запатрабаваў, каб у суд у якасьці сьведкі быў выкліканы аўтар фільму, паколькі відэасюжэт быў ананімны. На гэта прадстаўнік тэлерадыёкампаніі сказаў, што канкрэтнага аўтара ў фільму няма, гэта праца калектыўная, і паводле заканадаўства яе ўладальнік — тэлерадыёкампанія. А таму, маўляў, ейныя інтарэсы будзе прадстаўляць ён.

Судзьдзя Ксенія Стасюкевіч праводзіла паседжаньне на беларускай мове. Хаця прадстаўнік тэлерадыёкампаніі хадайнічаў, каб працэс вёўся па-расейску, паколькі фільм зроблены на расейскай мове і пераклад у судзе, паводле яго, можа сказіць сутнасьць.

На гэтыя словы заля загула. Прадстаўнік тэлерадыёкампаніі адказаў залі, што ён кожны дзень карыстаецца ў сямʼі і на працы расейскай мовай, хоць беларускую мову вучыў у Алеся Белакоза.

Саранчукоў настойваў, каб судовы працэс вёўся на беларускай мове. А адмысловага перакладу фільму не спатрэбіцца, бо ён ведае і расейскую мову.

— А калі ёсьць праблемы з разуменьнем дзяржаўнай беларускай мовы ў прадстаўніка тэлерадыёкампаніі, то няхай ён нойме сабе перакладчыка, — сказаў Саранчукоў.

 

Паводле Радыё Свабода

Снежань 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.