Партыя БНФ » Суд не падтрымаў ініцыятараў вуліцы імя Слуцкіх паўстанцаў
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Суд не падтрымаў ініцыятараў вуліцы імя Слуцкіх паўстанцаў

Дададзена 24.06.2017 4:48:35 | 694 праглядаў

Суд Слуцкага раёну не задаволіў скаргі актывіста Партыі БНФ Віталя Амяльковіча на адмоўнае рашэньне Слуцкага райвыканкаму ў перайменаваньні вуліцы – паведамляе беларуская служба Радыё Свабода.

Віталь Амяльковіч суд22 чэрвеня ў судзе Слуцкага раёну была разгледжаная скарга кіраўніка слуцкай суполкі БНФ  Віталя Амяльковіча на дзеяньні Слуцкага райвыканкаму, якія «ўшчамляюць правы і законныя інтарэсы грамадзян».

Грамадзкі актывіст лічыць, што Слуцкі райвыканкам пры вырашэньні пытаньня аб перайменаваньні ў лістападзе 2016 году парушыў закон «Аб найменьнях геаграфічных аб’ектаў», а таксама законы «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў», «Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах».

У заяве ў суд гаворыцца, што ў суправаджальным лісьце да калектыўнага звароту ставілася пытаньне перайменаваньня вуліцы і разгляду прапановы па сутнасьці. Згодна з заканадаўствам, паводле Віталя Амяльковіча, разглядам канкрэтнага пытаньня ў перайменаваньні вуліцы павінен быў займацца Слуцкі раённы савет дэпутатаў. І гэта пацьвердзіў сам райвыканкам у сваім нэгатыўным адказе.

Амяльковіч лічыць, што Слуцкі райвыканкам павінен быў на працягу 5 дзён перанакіраваць 550 подпісаў грамадзян і суправаджальнае пісьмо ў Слуцкі раённы савет дэпутатаў, чаго ён не зрабіў і парушыў п. 3 арт. 10 закону «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў».

Замест гэтага Слуцкі райвыканкам сам арганізаваў сход грамадзян па «вывучэньню меркаваньня і мэтазгоднасьці перайменаваньня». Пры арганізацыі і яго правядзеньні, на думку Амяльковіча, былі дапушчаны шматлікія парушэньні на гэты раз ужо заканадаўства аб правядзеньні сходаў.

Так, інфармацыя пра сход, які адбыўся 24 лістапада 2016 году, не была даведзена да грамадзян праз СМІ. Зацікаўленыя асобы, якія зьбіралі подпісы, таксама не былі папярэджаныя пра сход. Згодна з арт. 20 закону, для неабходнай правамоцнасьці сходу павінна была адбыцца рэгістрацыя яго ўдзельнікаў згодна з пашпартнымі зьвесткамі (гэта не было зроблена). У самім пратаколе сходу не былі вызначаны ні час правядзеньня сходу, ні колькасьць яго ўдзельнікаў, якія маюць права ўдзельнічаць. Сам пратакол быў падпісаны намесьнікам старшыні райвыканкаму ў пытаньнях ідэалёгіі Ларысай Дабравольскай безь неабходнай дакладнай інфармацыі аб старшыні сходу — з парушэньнем закону.

Віталь Амяльковіч прасіў суд абавязаць суд прызнаць незаконным і неабгрунтаваным рашэньне Слуцкага райвыканкаму аб разглядзе суправаджальнага ліста і калектыўнага звароту па сутнасьці, а таксама абавязаць вярнуць арыгіналы аркушаў з подпісамі грамадзян з тым, каб у далейшым накіраваць іх ва ўпаўнаважаны дзяржаўны орган — Слуцкі раённы савет дэпутатаў.

— Зьбіраць новыя подпісы — цяжкая праца, — заявіў у судзе грамадзкі актывіст. — Лічу, што райвыканкам не павінен быў сам прымаць рашэньне пра подпісы, а перанакіраваць іх ў савет дэпутатаў. Ён паступіў інакш, проста адмахнуўся ад 550 жыхароў гораду і ўшчаміў законныя правы і інтарэсы грамадзян.

Пазыцыю райвыканкаму адстойвала начальніца юрыдычнай службы Аляксандра Тарасевіч. Яна настойвала на тым, што пытаньне пра перайменаваньне было разгледжана адпаведна зь беларускім заканадаўствам і па яго сутнасьці.

23 чэрвеня судзьдзя Сьвятлана Пастухова зачытала рашэньне суду аб адмове Віталю Амяльковічу ў задавальненьні яго скаргі на дзеяньні Слуцкага райвыканкаму.

Амяльковіч зьбіраецца абскардзіць гэтае рашэньне ў судах больш высокай інстанцыі.

Паводле Радыё Свабода

Верасень 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Жні    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
30  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.