Партыя БНФ » Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч – у “Гараскопе свабоды” на Радыё Свабода
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч – у “Гараскопе свабоды” на Радыё Свабода

Дададзена 25.06.2017 1:25:17 | 758 праглядаў

Надыходзіць час Ракаў. Як рыхтавацца? На што спадзявацца і куды, у якой рацэ ці пад які корч схавацца? Беларусы робяць свае прагнозы і складаюць гараскоп надзеяў на гэты год. Аляксей Янукевіч, старшыня Партыі БНФ.

Калі сонца заходзіць у сузорʼе Рака, пачынаецца найлепшая частка лета. Менавіта на гэтую пару прыпадаюць даты бліскучых перамогаў нашых гераічных продкаў над чужынскімі заваёўнікамі з захаду ды з усходу — 28 чэрвеня 1660 году пад Палонкай ды 15 ліпеня 1410 году пад Грунвальдам. І таму гэтыя дні будуць вельмі спрыяльныя для таго, каб годна адзначыць угодкі тых лёсавызначальных перамогаў. Але часам падаецца, што сёньняшняя Беларусь сама падобная да рака: залягла на дно або наагул рухаецца назад. І нават паводле афіцыйнага дня незалежнасьці нарадзілася пад знакам Рака ў 1944 годзе.

Але мы з вамі добра ведаем, што Беларусь утварылася шмат стагодзьдзяў таму і жыве пад знакам Пагоні. І таму гэтым летам, а таксама ва ўсе далейшыя часы, удача будзе асабліва спрыяць тым, хто носіць вопратку з выявамі Пагоні ды бел-чырвона-белага сьцягу, упрыгожвае адпаведным чынам свой дом або аўтамабіль ці ровар. А падарунак з нацыянальнымі сымбалямі, які вы зробіце, абавязкова вернецца вам новымі надзейнымі сябрамі.

Увосень чакаецца прыезд у Беларусь трох тысяч расейскіх вайскоўцаў. Тут варта прыгадаць прымаўку пра тое, што французы сыходзяць, не разьвітаўшыся, а расейцы разьвітваюцца, ды не сыходзяць. Таму пакуль гаспадыні рыхтуюцца перад візытам тысяч няпрошаных гасьцей хаваць сала ды яйкі, гаспадарам — асабліва калі яны жадаюць застацца гаспадарамі на сваёй зямлі — варта ўжо цяпер актыўна выказаць свой пратэст супраць прыезду расейскіх вайскоўцаў. У выпадку такіх вашых дзеяньняў у кароткатэрміновай пэрспэктыве ня выключаныя непрыемнасьці ў выглядзе штрафаў ды адміністрацыйных арыштаў, але канчатковая перамога нас з вамі не абміне.

І, нарэшце, гэтае лета абяцае быць цудоўным для дзяўчат і хлопцаў, якія вырашаць далучыцца да суполкі «Моладзі БНФ». Вас чакаюць новыя сябры, цікавыя сустрэчы ды вандроўкі, захапляльная дзейнасьць на карысьць Бацькаўшчыны.

Дарагія сябры! Менавіта цяпер надышоў той час, каб ажыцьцяўляць усе вашы задумы ды мары! Зоркі кажуць, што ўсё ў вас атрымаецца.

Наперад!

Жыве Беларусь!

 

Паводле Радыё Свабода

Верасень 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Жні    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
30  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.