Партыя БНФ » Студэнцкія актывісты і праваабаронцы падпісалі зварот да міжнароднай акадэмічнай супольнасці
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Студэнцкія актывісты і праваабаронцы падпісалі зварот да міжнароднай акадэмічнай супольнасці

Дададзена 28.06.2017 2:10:23 | 749 праглядаў

26 чэрвеня ў Мінску адбылася канферэнцыя “Падаць рэпрэсіям урок: акадэмічныя свабоды ў Беларусі”, у якой узялі ўдзел прадстаўнікі Моладзі БНФ.

Падчас мерапрыемства прадстаўнікі студэнцкіх і праваабарончых арганізацый абмяркоўвалі магчымыя шляхі спынення рэпрэсій з боку адміністрацый беларускіх ВНУ супраць студэнтаў за іх грамадскую дзейнасць.

Пратэстная вясна ў Беларусі яскрава паказала, што праблема адлічэння студэнтаў з універсітэтаў па палітычных матывах усё яшчэ застаецца актуальнай. Так, на канферэнцыі выступілі адлічаныя пасля Дня Волі Юрась Лукашэвіч (старшыня Моладзі БНФ) і Крысціян Шынкевіч, якія распавялі пра тое, чаму вырашылі судзіцца з адміністрацыямі сваіх ВНУ.

Райнер Бобан, прадстаўнік нямецка-швейцарскай праваабарончай арганізацыі Libereco – Partnership for Human Right, якая з’яўлялася суарганізатарам канферэнцыі, упэўнены, што пра рэпрэсіі супраць студэнтаў трэба як можна больш казаць на міжнародным узроўні.

“Мы лічым, што ў краіне, якая знаходзіцца побач з Еўрасаюзам, такі стан справаў наўпрост непрымальны. Гэтыя адлічэнні і ўвогуле тое, як абыходзяцца са студэнтамі ў некаторых беларускіх універсітэтах, супярэчыць і правам чалавека, і каштоўнасцям Балонскага працэсу. Мы лічым, што людзі ў Германіі і ў іншых заходніх краінах, і ў прыватнасці тыя, хто супрацоўнічае з беларускімі ўніверсітэтамі, працуе ў сферы адукацыі, павінны ведаць пра тое, што адбываецца ў Беларусі”, – адзначыў Райнер Бобан.

«Сёння ва ўніверсітэтах адсутнічае любая свабода. Выкладчыкі і студэнты не маюць ніякае вагі. Там працуюць ідэолагі, розныя прадстаўнікі «Белай Русі» і гэтак далей, якія кіруюць усім, але па факце выкладчыкі і студэнты – яны дзесьці там убаку», – тлумачыць карэспандэнту тэлеканалу Белсат старшыня Моладзі БНФ Юрась Лукашэвіч.

«Існуе ўнутраная недапасаванасць на ўзроўні палітычным, але маюцца яшчэ і адміністрацыйныя праблемы, звязаныя з тым, што між рознымі ведамствамі існуюць сурʼёзныя рознагалоссі і адсутнічае ўзаемаразуменне. І, нарэшце, адсутнасць моцнае акадэмічнае супольнасці, якая зацікаўленая за свае правы», – мяркуе Уладзімір Дунаеў з Грамадскага Балонскага камітэту.

Кульмінацыйным момантам канферэнцыі стала падпісанне прадстаўнікамі студэнцкіх і праваабарончых арганізацый супольнага зварот да замежных партнераў беларускіх універсітэтаў. У ім прадстаўнікі грамадскага сектару заклікаюць замежныя арганізацыі станоўча паўплываць на стан акадэмічных свабод і правоў студэнтаў у Беларусі.

Мы прапануем замежным партнёрам прыпыніць сумесныя праекты і праграмы з тымі ўніверсітэтамі, якія адлічылі студэнтаў, а таксама спыніць супрацу з тымі супрацоўнікамі ВНУ і адмовіцца ад фінансавання тых арганізацый, якія датычныя да выключэння і пераследу студэнтаў за іх грамадскую дзейнасць (напрыклад, БРСМ і “Беларус Русі”). Мы лічым, што ў новых праграмах трэба дамагацца супрацы непасрэдна са студэнтамі і студэнткамі, прадстаўнікамі акадэмічнай супольнасці без кантролю з боку адміністрацыі, – адзначыў арганізатар мерапрыемства, праваабаронца ПЦ “Вясна” Зміцер Салаўёў.

Наступны крок – гэта далучэнне да звароту новых арганізацый і давядзенне яго да міжнароднай акадэмічнай супольнасці. На дадзены момант зварот падпісалі шведская праваабарончай арганізацыі ÖstgruppenПраваабарончы цэнтр “Вясна”, Задзіночанне беларускіх студэнтаў, Libereco – Partnership for Human Right, Фундація Регіональних Ініціатив (Україна), “Моладзь БНФ”, “Маладыя дэмакраты”, прадстаўнік Балонскага камітэту Уладзімір Дунаеў. У бліжэйшы час да звароту плануюць далучыцца Варшаўская Хельсінкская Фундацыя (Польша) і Українська асоціація студентів (Украіна).

Паводле Праваабарончага цэнтру “Вясна”

 

Верасень 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Жні    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
30  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.