Партыя БНФ » Старшыня БНФ Аляксей Янукевіч – пра вайну і мір, а таксама пра парады
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Старшыня БНФ Аляксей Янукевіч – пра вайну і мір, а таксама пра парады

Дададзена 30.06.2017 10:29:36 | 782 праглядаў

Чарговы вайсковы парад падзяліў беларусаў на два лагеры: адныя прапануюць забараніць пустое марнаванне грошай на пыл у вочы, іншыя лічаць, што гэта нагода ганарыцца войскам. І ўвогуле, цікава паглядзець на танчыкі-самалёцікі. Аматар авіяцыйнай тэхнікі старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч апублікаваў відэа верталётаў над Мінскам і перакананы: незалежнай Беларусі патрэбна моцнае і патрыятычнае войска. Аднак пакуль з гэтым праблемы. Ці ёсць парад нагода для гонару?

“Беларускі партызан” размаўляе з Аляксеем Янукевічам.

Лідэр БНФ выступае за вайсковыя парады ў Беларусі і ўзгадвае старажытных рымлянаў

Мінск па вечарах стаіць у заторах – па галоўных вуліцах сталіцы едуць танкі і трактары. У Сеціве падлічваюць мільёны на новы асфальт, пацярпеў і слуп ад танка. Абурэнне выклікаў выпадак, калі пажарныя машыны не прапусцілі праз рэпетыцыю – на выклік ім прыйшлося ехаць іншым маршрутам. Беларусы жартуюць па-чорнаму: “Не дай Бог сабрацца паміраць у час рэпетыцыі і парада”. У Байнеце збіраюць подпісы адразу пад дзвюмя петыцыямі: супраць і за.

Аляксей Янукевіч, вядомы прыхільнік авіяшоў і ўсяго, што звязана з небам. Ён часцяком наведвае замежныя авіяшоў ды выставы, быў заўважаны і на MILEX-2017 у Мінску.

У сваім Фэйсбуку старшыня БНФ апублікаваў відэа з рэпетыцыі авіяпараду, якія “не псуюць асфальт ды не перашкаджаюць дарожнаму руху”. У каментарах Янукевіча патроліў журналіст Арцём Шрайбман: “Рубрыка ШОК. Лідар БНФ падтрымаў набыццё расійскай вайсковай тэнікі”.

Мы спыталі Аляксея Янукевіча, навошта патрэбны культ мілітарызму і які толк ад гэтых парадаў Беларусі і беларусам.

- Каму мірныя беларусы і што паказваюць? 

- Я, як дзяржаўнік, лічу, што Узброеныя сілы Беларусі з’яўляюцца надзвычай важным складнікам для беларускай незалежнасці. Таму іх трэба ўмацоўваць. Парад у мірны час – гэта адзін з асноўных і найбольш відовішчных сродкаў дэманстрацыі патэнцыялу ўласных Узброеных сілаў. Асабліва авіяпарад, які не цягне за сабой ніякіх нязручнасцяў для людзей. Магчыма, шум некаму не падабаецца. Аднак я перакананы, што гэта варта рабіць.

Але і наземны парад, калі нармальна і належным чынам падыйсці да яго арганізацыі, таксама важны і патрэбны. Менавіта як дэманстрацыя патэнцыялу і сілаў уласнага войска. Гэта важна, каб бачылі замежнікі. Я ведаю, што шмат вайсковых аташэ, нават якія працуюць на некалькі краінаў, абавязкова прыязджаюць на вайсковыя парады ў Мінск. Яны бачаць, аналізуюць. Важна, каб яны разумелі патэнцыял і тое, што краіна надае ўвагу сучаснасці і баяздольнасці войска.

Парады таксама важныя для суайчыннікаў, каб яны ганарыліся войскам і давяралі яму. Гэта таксама працуе на фармаванне нацыянальнай свядомасці і ўзмацненне патрыятызму. Асабліва сёння гэтыя рэчы важныя для Беларусі.

- Дык хвалімся расійскімі самалётамі? А БНФ выступае супраць расійскага войска ў Беларусі. Выходзіць, мы набываем тэхніку ў патэнцыйнага агрэсара, якім лічаць усходнюю суседку нацыянальна арыентаваныя сілы.

- У нашым рэгіене, гэта тычыцца і Беларусі, небяспека вайсковай агрэсіі ў першую чаргу сыходзіць ад Расіі. Так, тэхніка, якая дэманструецца, яна альбо дасталася нам у спадчыну ад СССР, альбо наўпрост набыта ў Расіі. Хоць ёсць і выключэнні – выдатная ўласная распрацоўка “Паланэз”.

Што тычыцца старой савецкай тэхнікі, яна вельмі глыбока мадэрнізаваная. Фактычна гэта новыя ўзоры ўзбраення. Навуковы і інжэнерны патэнцыял Беларусі вельмі добра выяўляецца. Беларускай мадэрнізацыяй старой савецкай тэхнікі да сучасных узораў мы можам ганарыцца. На гэтым мы можам зарабляць, ужо зарабляем і мусім зарабляць у будучым.

Што тычыцца найноўшых верталётаў, якія нядаўна набылі ў Расіі, альбо вучэбна-баявых самалётаў, то мы можам іх выкарыстоўваць паводле нашага рашэння ў любой сітуацыі, калі гэта будзе запатрабавана.

У кароткатэрміновай перспектыве – гэта больш пазітыўны крок беларускіх уладаў, чым размяшчаць у краіне ўласна расійскія часткі з іх самалётамі і верталётамі. Лепей мець сваё.

Стратэгічна мы выступаем за больш шчыльнае супрацоўніцтва з НАТА. Мы адзіная партыя ў Беларусі, якая выступае за ўваходжанне Беларусі ў Альянс і пераарыентацыю на стандарты НАТА ў вайсковай сферы.

“Хочаш міру – рыхтуйся да вайны”

Праціўнікі дэманстрацыі вайсковага патэнцыялу прапануюць перанакіроўваць выдаткі на парады на больш патрэбныя рэчы, прыкладам, на медыцыну. Аляксей Янукевіч на гэта адказвае дзвюмя цытатамі:

- Яшчэ старажытныя рымляне казалі: “Хочаш міру – рыхтуйся да вайны”. І гэта працавала 2 тысячы год таму, працуе зараз і застаецца актуальным. Таксама ёсць трапны выраз: “Калі шкадуеш сродкі на тое, каб карміць сваё войска – будзеш карміць чужое”. Безумоўна, нам патрэбна баяздольнае войска. На гэта трэба выдаткоўваць грошы.

- Што думаеце пра пакланенне культу вайны з маленства, дзяцей у форме чырвонаармейцаў?

- Трэба ўмець правесці розніцу паміж усхваленнем тупой савецкай спадчыны, скіраваным на ўмацаванне расійскіх імперыялістычных ілюзіяў ды мрояў, і павагай да вайсковай справы і вайскоўцаў. Дух саветчыны і культ савецкай Чырвонай арміі, які зараз па інэрцыі з Расіі пераймаюць, у тым ліку, і беларускія вайскоўцы, цягнуць нас назад. Ад гэтага трэба адмаўляцца неадкладна. Гэта шкодна і нездарова.

Але сваё войска трэба паважаць. Заўсёды будуць кепскія хлопцы, трэба, каб добрыя былі падрыхтаваныя даць ім адпор.

- Добрае і кепскае ў нас, на жаль, вызначаюць людзі пры ўладзе…

- Гэта пытанне да змены ўлады, а не пытанне пра войска.

Паводле Аляксея Янукевіча, дэмакратычныя краіны таксама культывуюць павагу і аўтарытэт да ўласных узброеных сілаў. Некаторыя праводзяць авіяцыйныя і наземныя парады, некаторыя здымаюць прома-ролікі і дакументальныя фільмы – “што вымагае, па вялікім рахунку, больш фінансаў”.

- Парады – гэта не толькі савецкая альбо камуністычная спадчына. Вайсковыя парады – гістарычная форма. Іншая справа, што сама арганізацыя і падрыхтоўка да іх павінны быць у нас перагледжаныя. Ёсць каласальнае поле для ўдасканаленняў. Але сам парад, як дэманстрацыя вайсковых магутнасцяў і інжэнернай думкі, – гэта актуальна і важна. Лічу, што ўсё гэта патрэбна незалежнай Беларусі.

 

Бліц

Ці падпісалі петыцыю “за”?

- Не падпісаваўся ні супраць, ні за. Парады самі па сабе не ствараюць рызыкі, але не прапускаць хуткія пакуль тэхніка проста стаіць  - гэта ненармальна. Можна праводзіць рэпетыцыі і парады без цвердалобага падыходу. Я за парады, але яны павінны адраджаць беларускі патрыятызм, а не расійскі і савецкі.

Які самалёт беларускае войска must have?

- Безумоўна F-16 – вельмі эфектыўная баявая сістэма. І натуральна F-22 Raptor. Праўда, амерыканцы нікому яго не прадаюць. Гэта найлепшы самалёт па заваяванні перавагі ў небе.

Хвалюецеся праз магчымую агрэсію Расіі? 

- Я выступаю супраць сумесных вучэнняў “Захад-2017″ у Беларусі праз удзел вялікай колькасці расійскіх вайскоўцаў. Я таксама супраць таго, што расійская авіяцыя прымае ўдзел у парадзе 3 ліпеня.

Спадзяюся, што ніколі нам не давядзецца ўжываць тэхніку. Каб дакладна не давялося браць зброю, яе трэба мець і яна мае быць самай сучаснай. Стрымліванне агрэсіі з пазіцыі сілы – адзіны эфектыўны сродак супраць вайны.

Паводле сайта “Беларускі партызан

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Верасень 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Жні    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
30  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.