Партыя БНФ » Лідэр Моладзі БНФ падаў у суд на БДУ і … даведаўся пра арышт на 15 сутак
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Лідэр Моладзі БНФ падаў у суд на БДУ і … даведаўся пра арышт на 15 сутак

Дададзена 01.07.2017 12:09:20 | 218 праглядаў

Лідэр Моладзі БНФ Юрась Лукашэвіч, які судзіцца за аднаўленьне на гістарычным факультэце Белдзяржунівэрсытэту, падчас працэсу даведаўся, што быў асуджаны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за абарону Курапатаў.

Юрась Лукашэвіч Моладзь БНФ«Адбылося другое слуханьне наконт маёй нязгоды з адлічэньнем з навучальнай установы і патрабаваньня аднаўленьня на факультэце, — расказаў Радыё Свабода Юрась Лукашэвіч. — Дык вось, калі мы з адвакатам туды прыйшлі, адказьнік у асобе юрыста БДУ прынёс пастанову суду за 14 красавіка. Там было напісана, што я нібыта асуджаны на 15 сутак за Курапаты. Ня ведаю, як магла гэтая пастанова ўзьнікнуць, бо мяне не запрашалі ў суд — ні позвай, ні нават смс-паведамленьнем. Прынамсі за прамінулыя два месяцы ніхто мяне не шукаў, і зараз вось такая прыгода».

Паводле Юрася Лукашэвіча, сёньня ён аформіў даверанасьць на адваката, які будзе разьбірацца — ці сапраўды ў маладога палітыка «запазычанасьць» па адседцы.

«Бок унівэрсытэту заявіў, што быў зроблены запыт адносна таго, ці судзілі мяне па „палітычных справах“, — працягвае суразмоўца. — Бо першая вымова, якая была мне вынесена, — гэта за дзеяньні, якія прадугледжваюць адміністрацыйную адказнасьць. Але яшчэ на першым слуханьні я падкрэсьліваў, што ня быў асуджаны — два месяцы мінулі, і я дагэтуль на волі. Пасьля гэтага яны прыносяць пастанову, якую быццам аформіў суд Савецкага раёну Менску. Але нават з той паперы вынікае: калі суд тэарэтычна і быў, то ён прайшоў 14 красавіка. А адлічылі мяне 24 сакавіка. У любым выпадку нешта не стасуецца».

Лідэр Моладзі БНФ кажа, што працягне дамагацца справядлівасьці — і ў частцы аднаўленьня за несправядлівае адлічэньне з БДУ, і ў справе высьвятленьня абставінаў свайго завочнага асуджэньня.

Неўзабаве пасьля гутаркі стала вядома, што суд канчаткова адмовіў Юрасю Лукашэвічу ў магчымасьці аднавіць навучаньне на гістарычным факультэце БДУ.

Паводле Радыё Свабода

Кастрычнік 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Вер    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.