Партыя БНФ » Заява Партыi БНФ з нагоды сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ ў Менску
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Заява Партыi БНФ з нагоды сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ ў Менску

Дададзена 03.07.2017 12:01:50 | 467 праглядаў

Заява Партыі БНФ з нагоды правядзеньня ў Менску сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ

Прынятая Соймам Партыі БНФ 1 ліпеня 2017 году

бнф logoПравядзеньне ў Менску 26-й штогадовай сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ з’яўляецца несваечасовым, паколькі адбываецца ва ўмовах, што супярэчаць духу і сутнасьці пагадненьняў, на якіх заснаваная АБСЭ.

Заплянаванае на верасень 2017 года правядзеньне на тэрыторыі Беларусі супольных з Расейскай Фэдэрацыяй вучэньняў “Захад-2017″ ва ўмовах развязанага Расеяй канфлікта ва ўсходняй Украіне зьяўляецца недабразычлівым крокам, ня служыць інтарэсам міру і бясьпекі ў рэгіёне, шкодзіць статусу Менску як нейтральнай пляцоўкі для перамоваў дзеля ўрэгуляваньня канфлікту ў паўднёва-усходніх абласьцях Украіны і, па-сутнасьці, небясьпечна патурае агрэсіўнай палітыцы Расеі, што гвалтоўным чынам прывяла да фактычных тэрытарыяльных стратаў для шэрагу краінаў рэгіёну. Асабліва трывожным сігналам зьяўляецца беспрэцэдэнтны маштаб заплянаваных вучэньняў, якія прадугледжваюць перадыслякацыю ў Беларусь надзвычайна вялікай колькасьці вайскоўцаў, зброі і вайсковай тэхнікі. Правядзеньне сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ пры такіх умовах зьяўляецца ўскоснай легітымацыяй дзеяньняў, якія не адпавядаюць прынцыпам АБСЭ і не спрыяюць захаваньню міру, бясьпекі і стабільнасьці ў рэгіёне Усходняй Эўропы.

Пастаянныя і сыстэмныя парушэньні правоў чалавека ў Беларусі, адсутнасьць свабодных і сумленных выбарчых працэдураў таксама не адпавядаюць прынцыпам АБСЭ ў гуманітарным вымярэньні. Правядзеньне сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ пры наяўнасьці ў краіне палітычных вязьняў, і, асабліва, відавочна сфальсіфікаванай уладамі крымінальнай справы супраць беларускіх патрыётаў, зьяўляецца небясьпечным патураньнем палітычным рэпрэсіям у Беларусі.

Партыя БНФ зьвяртае ўвагу Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, што пасьля аднаўленьня ў 2004 годзе сяброўства Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у складзе Парлямэнцкай Асамблеі ніводныя выбары ў нашай краіне не былі праведзеныя у адпаведнасьці са стандартамі АБСЭ, а у тым жа годзе у Беларусі быў праведзены чарговы нелегітымны рэфэрэндум.

З улікам выкладзенага, Партыя БНФ

-        Выказвае шкадаваньне з прычыны таго, што сёняшнія ўлады Беларусі ў супрацоўніцтве з міжнароднымі структурамі аддаюць перавагу фармальнаму боку, але пры гэтым не выконваюць сутнасных прынцыпаў, на якіх заснаваныя міжнародныя арганізацыі.

-        Заклікае ўрад Беларусі вызваліць усіх зьняволеных на падставе палітычных матываў, спыніць крымінальны перасьлед патрыётаў, што былі затрыманыя ў сакавіку бягучага году, а таксама надалей выконваць узятыя на сабе абавязальніцтвы ў галіне правоў чалавека, уключна з абавязальніцтвамі ў гуманітарным вымярэньні АБСЭ і стандартамі АБСЭ датычна правядзеньня выбараў, у тым ліку ўнесьці ў Выбарчы кодэкс зьмены, скіраваныя на выкананьне рэкамэндацыяў унутраных і міжнародных назіральнікаў.

-        Патрабуе ад уладаў Беларусі адмовіцца ад правядзеньня сумесных з расейскім войскам вучэньняў “Захад-2017″, альбо, прынамсі, істотна абмежаваць маштабы вучэньняў, адмовіўшыся ад беспрэцэдэнтных маштабаў прысутнасьці ў Беларусі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі.

-        Вітае ўвагу эўрапэйскіх парламентароў да сытуацыі ў Беларусі і заклікае удзельнікаў менскай штогадовай сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ падтрымаць вынесеныя на разгляд сэсіі праекты рэзалюцыяў, якія прысьвечаныя стану грамадзянскіх свабодаў у Беларусі і пагрозам рэгіянальнай бясьпецы.

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.