Партыя БНФ » Вынікі ліпеньскага сойму Партыі БНФ
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Вынікі ліпеньскага сойму Партыі БНФ

Дададзена 03.07.2017 12:25:39 | 1,241 праглядаў

1 ліпеня ў цэнтральнай сядзібе БНФ адбылося чарговае пасяджэньне Сойму Партыі БНФ і Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”. Кіруючым органам БНФ былі разгледжаныя пытаньні бягучай палітычнай сытуацыі, падрыхтоўкі і правядзеньня масавых акцыяў, падрыхтоўкі рэгіянальных сходаў па вылучэньні дэлегатаў на маючы адбыцца 30 верасьня справаздачна-выбарчы з’езд Партыі БНФ. Сойм зацьвердзіў справаздачу жаночай камісіі сойму і прыняў заяву з нагоды правядзеньня ў Менску сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ.

З дакладам аб бягучай палітычнай сытуацыі выступіў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Ён адзначыў у якасьці найважнейшай падзеі вызваленьне апошніх зьняволеных па справе патрыётаў, што былі арыштаваныя ў сакавіку: “Мы пазітыўна ацэньваем вызваленьне патрыётаў, але падкрэсліваем, што справа па падрыхтоўцы масавых беспарадкаў і па стварэньні незаконнага ўзброенага фармаваньня была сфабрыкаваная, пашытая белымі ніткамі. Выдатна, што зьняволеныя былі адпушчаныя на волю, але сама справа пра незаконныя ўзроеныя фармаваньні ня спыненая, і стаіць задача зьняць з фігурантаў справы неабгрунтаваныя абвінавачваньні”, – сказаў лідэр БНФ. Ён таксама адзначыў, што цяпер з’яўляецца відавочным хлусьлівы характар усіх тых прапагандысцкіх публікацыяў, што былі размешчаныя адразу пасьля арышту патрыётаў у дзяржаўных СМІ. “Стаіць пытанне адказнасьці прапагандыстаў, якія аблілі патрыётаў брудам. У дачыненьні да фігурантаў справы былі гучныя заявы з боку дзяржаўнага тэлебачаньня і газэтаў. На сёньня людзі вызваленыя, спадзяюся, яны не будуць асуджаныя. Тады паўстае пытаньне, ці панясуць адказнасьць прапагандысты за распаўсюд ілжывых зьвестак?”- сказаў Аляксей Янукевіч.

???Аляксей Янукевіч зьвязаў вызваленьне палітвязьняў з правядзеньнем у Менску сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ. Улады вымушаныя рабіць гэткія тактычныя манэўры каб пазьбегнуць нязручнага інфармацыйнага фону для правядзеньня буйнога міжнароднага форуму. Нажаль, гэткія правілы гульні прымаюцца некаторымі замежнымі палітыкамі, і цяпер існуе пагроза паніжэньня міжнародных стандартаў АБСЭ у стасунках з афіцыйным Менскам.

Правядзеньне сэсіі АБСЭ ў Менску у сучасны момант пагражае легітымізацыяй палітычных рэпрэсіяў, якія цяпер у стасунках Эўропы з Менскам пачынаюць успрымацца як прймальная норма.

На прапанову старшыні Партыі БНФ сойм прыянў заяву з нагоды правядзеньня ў Менску сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ. У ёй адзначаецца несваечасовасьць правядзеньня ў сталіцы Беларусі высокага міжнароднага форума ва ўмовах, калі Менск рыхтуецца да беспрэцыдэнтных па маштабах беларуска-расейскіх вайсковых вучэньняў, стала і сыстэмна ігнаруе стандарты ў галіне правоў чалавека, не выконвае рэкамэндацыяў міжнародных і беларускіх назіральнікаў што да правядзеньня свабодных і справядлівых выбараў. Сойм заклікаў удзельнікаў менскай штогадовай сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ падтрымаць вынесеныя на разгляд сэсіі праекты рэзалюцыяў, якія прысьвечаныя стану грамадзянскіх свабодаў у Беларусі і пагрозам рэгіянальнай бясьпецы. Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч заявіў, што зьмест рэзалюцыі сойму будзе даведзены да ведама ўдзельнікаў сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ як пісьмова, так і падчас ужо прызначаных сустрэчаў і кансультацыяў кіраўніцтва БНФ з парламэнтарамі ЗША, Швэцыі, Вялікай Брытаніі, якія будуць на менскай сустрэчы.

Сярод тых дзеяньняў афіцыйнага Менску, якія не адпавядаюць духу пагадненьняў, на якіх заснаваная АБСЭ, была адзначаная падрыхтоўка да вучэньняў “Захад-2017″, што заплянаваныя на верасень і будуць суправаджацца беспрэцэдэнтнымі маштабамі перадыслякацыі ў Беларусь райсейскіх войскаў, узбраеньняў і вайсковай тэхнікі.

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч адзначыў, што гэтыя вучэньні не адпавядаюць нацыянальным інтарэсам Беларусі, ствараюць пагрозу тэрытарыяльнай цэласнасьці нашай краіны. Прысутнасьць на нашай тэрыторыі расейскіх войскаў можа стварыць зручныя ўмовы для ціску на Беларусь – як паказвае досьвед Украіны, гэты ціск можа прывесьці нават да тэрытарыяльных стратаў. Нягледзячы на шматлікія абвяржэньні, застаецца пагроза таго, што нейкая частка расейскіх войскаў застаецца ў Беларусі і пасьля вучэньняў.

Правядзеньне гэтых вучэньняў стварае напружанасьць у стасунказ Беларусі з суседзямі. паколькі выклікае справядлівую занепакоенасьць у Польшчы, Літве, Украіне: нават сама назва вучэньняў (“Захад-2017″) сьведчыць пра іх скіраванасьць супраць заходных суседзяў нашай краіны і інтэрпрэтуецца імі як недабразычлівы крок. Гэткая палітыка афіцыйнага Менску супярэчыць ягонаму імкненьню стварыць для сабе імідж донара стабільнасьці і бясьпекі ў рэгіёне.

Кампанія пратэсту супраць гэтых вучэньняў павінная быць прыярытэтнай для Партыі БНФ на бліжэйшы пэрыяд. Старшыня Партыі БНФ заклікаў аргструктуры партыі падаваць заяўкі на правядзеньне акцыяў пратэсту ў рэгіёнах Беларусі – адпаведныя формы заявак былі дасланыя ў рэгіянальныя структуры Управай партыі. У некаторых гарадах заяўкі на акцыі ўжо пададзеныя, напрыклад, кіраўнік слонімскай суполкі БНФ Павал Севасцьян падаў заяўку ў Слонімскі райвыканкам на правядзенне 23 ліпеня ў Слоніме пікету супраць вайсковых вучэнняў “Захад-2017”.

Старшыня Партыі БНФ зазначыў, што напярэдадні сэсіі ПА АБСЭ у Менску і напярэдадні вайсковых вучэньняў Аляксандр Лукашэнка традыцыйна з’ездзіў на прыём да Пуціна. Гэта звыклая тактыка лавіраваньня, калі збліжэньне з Захадам патрабуе пэўных знакаў лаяльнасьці на ўсходнім накірунку. І хоць супярэчаньні паміж двума рэжымамі захоўваюцца (найперш яны яскрава бачныя ў эканамічнай сфэры), на вайскова-стратэгічным накірунку два рэжымы супрацоўнічаюць вельмі шчыльна. Нажаль, цяпер галоўнны прадукт, які Лукашэнка пастаўляе ў Маскву, гэта ўжо не знакі палітычнай лаяльнасьці, а вайскова-стратэгічная лаяльнасьць, формай праявы якой і з’яўляюцца будучыя вайсковыя вучэньні.

Аляксей Янукевіч негатыўна ацаніў зьмены ў закон “Аб абароне правоў спажыўцоў”, які замацоўвае магчымасьць не пазначаць на таварах інфармацыю на дзяржаўнай беларускай мове. Дэпутаты пры прыняцьці паправак да закону 26 чэрвеня ў першым чытаньні вырашылі не абавязваць вытворцаў змяшчаць на ўпакоўцы беларускіх тавараў інфармацыю на беларускай мове. Таксама не абавязкова карыстацца беларускай мовай у сферы паслуг. Пры гэтым паводле стандартаў Эўразійскага саюза пазначэньне інфармацыі пра тавары на рускай мове з’яўляецца абавязковым.

Будзе другое чытаньне закону, і да гэтага другога чытаньня ёсьць магчымасьць паспрабаваць унесьці неабходныя зьмены. На прапанову намесьніка старшыні Партыі БНФ Ігара Лялькова Сойм даручыў намесьніку старшыні Партыі БНФ Рыгору Кастусёву, які з’яўляецца памочнікам дэпутата палаты прадстаўнікоў Алены Анісім, садзейнічаць таму, каб пры другім чытаньні законапраекту патрабаваньне пра абавязковае пазначэньне інфармацыі пра тавары на беларускай мове было вынесенае на разгляд Палаты прадстаўнікоў і было ўключанае ў закон.

І пры правядзеньні вайсковых вучэньняў, і пры адмове ад замацаваньня абавязковага пазначэньня інфармацыі на таварах па-беларуску, паводле старшыні БНФ Аляксея Янукевіча, праяўляецца заганнае разуменьне сёньняшнім кіраўніцтвам краіны пытаньня сувэрэнітээту і незалежнасьці: “Калі цяперашнія ўлады кажуць быццам бы пра ўмацаваньне сувэрэнітэту і незалежнасьці, яны найпер маюць на ўвазе ўмацаваньне сваёй бюракратыі, а не ўмацаваньне рэальнага дзяржаўнага сувэрэнітэту, не умацаваньне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці. У гэтым праяўляецца антынародны і антынацыянальны характар гэтай улады. Нашая місія, місія Беларускага народнага фронту, палягае ў тым каб супрацьпаставіць бюракратычнаму разуменьню незалежнасьці сапраўдны народны сувэрэнітэт, адстойваньне нацыянальных інтарэсаў беларускага народа, кансалідацыю беларускай нацыі не вакол бюракратыі, а вакол нацыянальнай ідэнтычнасьці” – сказаў Аляксей Янукевіч.

Сябра Сойму Кастусь Смолікаў задаў кіраўніцтву партыі пытаньне пра сыуацыю з каардынаваньнем дзеяньняў у дэмакратычных сілах у сьвятле з набліжньнем мясцовых выбараў. У адказ старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч адзначыў, што цяпер як такі адзіны суб’ект дэмакратычныя сілы адсутнічаюць – кожная палітычная сіла працуе ў сваім накірунку. Частка аб’яднаньняў робіць разлік на тое, што сацыяльна-эканамічныя пратэсты будуць нарастаць і ізноўку разгорнуцца ўвосень. Аднак каардынаваньне высілкаў напярэдадні мясцовых выбараў пакуль застаецца толькі на ўзроўні супольнага назіраньня у межах кампаніі Права выбару-2018, сузаснавальніцай якой выступіла і Партыя БНФ.

З ініцыятвы сябры Сойму Вадзіма Болбаса кіруючым органам партыі абмеркаванае магчымае зьмяненьне заканадаўства Расеі пра грамадзянства, якое прадугледжвае магчымасьць спрошчанага наданьня грамадзянства Расейскай Фэдэрацыі ўсім асобам, народжаным на тэрыторыі былога Савецкага Саюзу. Патэнцыяйна гэткая зьмена заканадаўства можа служыць дадатковай падставай для агрэсіі Расейі пад прыкрыцьцём быццам бы абароны сваіх крамадзян на тэрыторыі іншых краінаў. Сойм даручыў палітычнай камісіі сачыць за развіцьцём сытуацыі ў гэтай справе.

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч давёў да ведама сойму інфармацыю пра пісьмовае папярэджаньне, атрыманае партыяй за акцыю 25 сакавіка на сёлетні Дзень волі  і пра вынікі абскарджваньня ў Вярхоўным судзе. Нягледзячы на тое, што пры разглядзе ў судзе скаргі міністэрства юстыцыі не прадставіла аніякіх доказаў парушэньян заканадаўства, апроч публікацыяў у інтэрнэце (у тым ліку не было рашэньня кіруючага органа партыі пра даручэньне заяўніку акцыі арганізаваць яе ад імя партыі), суд пакінуў папярэджаньне ў сіле. Склалася парадаксальная сытуацыя: заяўнік сёлетняй акцыі, старшыня Менскай гарадской арганізацыі Партыі БНФ Зьміцер Касьпяровіч, не быў прыцягнуты да адказнасьці і застаецца не вінаватым у будзь-якіх парушэньнях заканадаўства пра масавыя акцыі, а партыя атрымала за акцыю, заяўнікам якой выступаў сп. Касьпяровіч, пісьмовае папярэджаньне.

“Праз уціск і перашкоды мы вымушаныя падаваць заяўкі на масавыя акцыі ад імя фізічных асобаў, каб юрыдычна адвесьці пагрозы санкцыяў ад партыі. Але паколькі, як цяпер мы бачым, мінюст усё роўна трактуе партыю як арганізатара акцыі, выносіць папярэджаньне і папярэджаньне пакінутае ў сіле вярхоўным судом – то цяпер мы можам не хавацца за юрыдычныя штучныя канструкцыі, бо пры гэтым рэжыме права не дзейнічае  – і цяпер мы можам прызнаць што так, мы сьвяткавалі і будзем сьвяткаваць дзень волі 25 сакавіка” – сказаў Аляксей Янукевіч. Лідэр БНФ адзначыў што за паўторнае падобнае парушэньне мінюст можа падаць у вярхоўны суд пазоў на ліквідацыю партыі альбо на яе часовае прыпыненьне дзейнасьці – але і такое рашэньне будзе цалкам палітычнае, не абгрунтаванае на законе.

Аляксей Янукевіч адзначыў, што парушальнікамі ў працэсе падрыхтоўкі да 25 сакавіка былі не арганізатары, і не апазыцыйныя палітычныя партыі – а Менгарвыканкам, які не даў дазвол на правядзеньне акцыі ў вызначаны законам тэрмін, і міліцыянты, якія беспадстаўна збівалі ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту.

Сойм Партыі БНФ прыняў да ведама пісьмовае папярэджаньне Міністэрства юстыцыі, яго копія накіраваная тэрытарыяльным аргструктурам. Сойм таксама заклікаў улады, у тым ліку Менгарвыканкам, паважаць свабоду мірных сходаў і не забараняць негвалтоўныя масавыя мерапрыемствы.

Старшыня Партыі БНФ сказаў, што для дэмакратычных сілаў вельмі важна адказна падрыхтавацца да наступнага 25 сакавіка і адзначэньня стогадовага юбілею БНР. Неабходна пазьбегнуць сытуацыі гэтага года, калі было некалькі сцэнароў акцыі і некалькі каардынацыйных цэнтраў. Асноўным суб’ектам па арганізацыі адзначэньня стагоддзя БНР павінны стаць нацыянальны аргкамітэт, каардынатарам якога выступае мастацкі дзяяч Мікола Купава, і ў склад якога ўваходзяць Аляксей Янукевіч, Алена Анісім ды іншыя палітыкі і грамадзкія дзеячы.

Да Сойма была даведзеная інфармацыя пра судовы працэс аба абароне ганару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі кіраўніка Гарадзенскай арганізацыі Партыі БНФ Вадзіма Саранчукова, які паддаў пазоў супраць гарадзенскай тэлерадыёкампаніі, што дэманстравала паклёпніцкія фільмы пра гарадзенскіх дэмакратычных дзеячоў. Сойм пастанвіў на падставе артыкула 78 грамадзянска-працэсульнага кодэкса накіраваць у суд прадстаўніка грамадзкасьці для удзелу у працэсе, які павінны распачацца 6 ліпеня.

На пасяджэньні Сойму было адзначана, што да 27 ліпеня, у гадавіну абвяшчэньня дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі, Партыя БНФ традыцыйна ладзіць уручэньне памятнага знака імя Віктара Івашкевіча. Ужо ў чацьверты раз памятным знакам будуць уганараваныя асобы, што спрычыніліся да арганізацыі і правядзеньня масавых акцыяў у Беларусі. Старшыня Партыі БНФ заклікаў сябраў сойму актыўна вылучаць намінантаў, дасылаючы інфармацыю ва ўправу.

Сойм разгледзіў аргвнізацыйныя пытаньні падрыхтоўкі да маючага адбыцца 30 верасьня XVIII З’езду Партыі БНФ. Паводле зацьверджанага пляну, управай былі вызначаныя гарады, дзе адбудуцца сходы і канфэрэнцыі па вылучэньні дэлегатаў з’езду. Сходы павінныя адбыцца ў перлыяд ад 1 ліпеня па 24 верасьня 2017 году, але не паўсюль яшчэ прызначаныя канкрэтныя даты – старшыня БНФ заклікаў арганізацыйныя структуры апэратыўна, цягам бліжэйшых двух тыдняў, вызначацца з графікам правядзеньня сходаў і паведаміць меркаваныя даты сходаў і канфэрэнцыяў ва ўправу. Арганізацыйным структурам партыі і Управе дадзеныя даручэньні па арганізацыі падрыхтоўчай працы да Зьезду з улікам неабходнасьці забесьпячэньня роўных умоваў для ўсіх патэнцыйных кандыдатаў, што маюць намер вылучацца на пасаду старшыні Партыі БНФ.

Намесьніца старшыні Партыі БНФ, кіраўнічка жаночай камісіі Партыі БНФ Вольга Лагвіновіч прадставіла Сойму справаздачу аб дзейнасьці жаночай камісіі. Спадарыня Лагвіновіч адзначыла, што за мінулыя тры гады праца па жаночым накірунку ў Партыі БНФ актывізавалася: жаночая камсія актыўна ўдзельнічала у выбарчых кампаніях 2015 года (збор подпісаў і назіраньне) і 2016 года (збор подпісаў, вылучэньне кандыдадатак і агітацыйная кампанія, праца даверанымі асобамі, праца ў выбарчых камісіях, назіраньне). Была дадзеная справаздача пра стварэньне і дзейнасьць міжнапрыйнай плятформы Жаночая сетка “Мара”, правядзеньне цыклю сэмінараў па жаночым лідарстве ў рэгіёнах Беларусі, стварэньне базы дадзеных актывістак, у тым ліку новых актыўных жанчын у рэгіёнах. Рашэньнем Сойму праца жаночай камісіі Партыі БНФ была прызнаная здавальняючай.

На наступным пасяджэньні Сойму Партыі БНФ, якое павіннае адбыцца ў жніўні, кіруючаму органу партыі павінныя даць свае справаздачы моладзевая, праўна-аналітычная, міжнародная і палітычная камісіі, а таксама Управа як выканаўчы орган партыі.

У “Розным” з прапановы сябры сойму Барыса Вырвіча было вырашана правесьці да 27 ліпеня, у гадавіну абвяшчэньня дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Рэспублікі Беларусь, акцыю ўганараваньня асобаў, якія спрычыніліся да здабыцьця незалежнасьці Беларусі. Сярод іншага, мяркуецца ускласьці кветкі да памятных мясьцінаў, будынкаў і помнікаў. Управе даручана прапанаваць сьпіс месцаў для ўскладаньня кветак.

 

 

 

 

 

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Верасень 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Жні    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
30  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.