Партыя БНФ » Аляксей Янукевіч выступіў на сайд-івэнце падчас сэсіі ПА АБСЭ ў Менску
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Аляксей Янукевіч выступіў на сайд-івэнце падчас сэсіі ПА АБСЭ ў Менску

Дададзена 07.07.2017 10:00:10 | 167 праглядаў

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч узяў удзел у паралельным мерапрыемстве, прысьвечаным Беларусі, якое адбывалася падчас правядзеньня 26 сэсіі ПА АБСЭ ў Менску 6 ліпеня. Арганізатарам мерапрыемства выступіў швэдзкі парлямэнтар Кент Харстэд.

Акрамя лідэра БНФ, да ўдзелу былі запрошаныя іншыя прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці — кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, кіраўнік Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец і іншыя прадстаўнікі грамадзкіх аб’яднаньняў і палітычных партыяў.

DEC5Av-XkAEPtFR.jpg largeВыступаючы 6 ліпеня на паралельным мерапрыемстве, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч сказаў, што пагроза дэмакратыі сёньня паходзіць у тым ліку з Крамля.

«І яго ўплыў на Беларусь вялікі і крытычны — і ў палітычнай, і ў эканамічнай, і ў вайсковай сфэрах. Але беларускія ўлады — не марыянэтка Крамля. Рашэньні прымаюцца ў Менску, аднак беларускія ўлады завялі краіну ў такую сытуацыю, калі ўплыў Крамля велізарны», — сказаў старшыня Партыі БНФ.

Беларусі трэба прайсьці значны шлях для дасягненьня тых нормаў і стандартаў, якія яна абавязалася выконваць у межах АБСЭ – заявіў падчас дыскусіі спэцдакладчык ААН па сытуацыі ў Беларусі Міклаш Харасьці.

https://gdb.rferl.org/053C2A21-541C-4625-85BE-2DC6916814B8_w650_r0_s.jpgХарасьці сказаў, што рэпрэсіі ў Беларусі носяць цыклічны характар. Ён крытычна ацэньвае міжведамасны плян па правах чалавека, прыняты ў Беларусі ўвосень 2016 году.

«Там 100 пунктаў, але мне здаецца, у дадзеным выпадку чым менш, тым было б лепш. Справа ў тым, што гэтыя пункты не закранаюць грамадзянскія і палітычныя правы — яны закранаюць якасьць жыцьця і не зьвязаныя з абавязаньнямі, якія рэальна мяняюць выкананьне правоў чалавека ў Беларусі», — цытуе БелаПАН спадара Харасьці.

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец сказаў, што калі ў мінулым годзе былі пэўныя пазытыўныя тэндэнцыі ў дачыненьні да журналістаў — 13 выпадкаў затрыманьняў, то сёлета сытуацыя пагоршылася. «Да канца сакавіка зафіксавана 96 затрыманьняў журналістаў, у 10 выпадках затрыманьні скончыліся адміністрацыйнымі арыштамі», — сказаў Бастунец. Улады аднавілі практыку штрафаваньня журналістаў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ без акрэдытацыі: ад сакавіка зафіксавана 23 такія выпадкі.

Андрэй Бастунец і Алесь Бяляцкі

Кіраўнік закрытага ўладамі праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі нагадаў, што ў Беларусі на дадзены момант застаюцца двое палітвязьняў — Міхаіл Жамчужны і Зьміцер Паліенка. «Мы патрабуем іх вызваленьня і спыненьня іншых палітычна матываваных спраў», — сказаў праваабаронца.

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая заявіла, што цяперашняя сэсія ПА АБСЭ можа як матываваць улады зьмяніць сытуацыю, так і замарозіць яе. «Шмат што будзе залежаць ад нашага пасланьня, якое мы накіруем уладам. Давайце засяродзім нашы намаганьні на тым, каб грамадзяне атрымалі права выбару. Прапаную стварыць вялікую міжнародную кааліцыю, якая будзе працаваць над тым, каб выбары ў Беларусі адпавядалі стандартам АБСЭ. Такія выбары — гэта сёньня адзіны магчымы шлях для зьмены сытуацыі ў Беларусі», — сказала яна.

26 сэсія ПА АБСЭ адкрылася ў Менску 5 ліпеня і працягнецца да 9 ліпеня. На парадку дня сэсіі барацьба з тэрарызмам, зьмены клімату, міграцыя і ўмацаваньне мэханізмаў праваўжываньня ў галіне правоў чалавека. Адбываюцца дэбаты вакол крызісу ва Ўкраіне, раззбраеньня, зацяжных канфліктаў на Паўднёвым Каўказе, кібэрбясьпекі, сьмяротнага пакараньня, барацьбы з карупцыяй, а таксама правоў уцекачоў. Іншыя тэмы абмеркаваньняў уключаюць у сябе энэргетычную бясьпеку, рэлігійную дыскрымінацыю, распрацоўваньне эфэктыўных захадаў рэагаваньня на новыя псыхаактыўныя рэчывы.

Сэсія завершыцца прыняцьцем Менскай дэклярацыі, якая дапаможа сфармаваць палітыку нацыянальных урадаў, парлямэнтаў і міжнароднай супольнасьці ў галіне палітычных спраў, бясьпекі, эканомікі, навакольнага асяродзьдзя і правоў чалавека.

Удзельнікі сэсіі таксама абяруць старшыню Парлямэнцкай асамблеі і ягоных намесьнікаў.

Напярэдадні сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ Сойм Партыі БНФ прыняў адмысловую заяву, у якой адзначаецца несваечасовасьць правядзеньня форуму АБСЭ у Беларусі ў сьвятле падрыхтоўкі да масштабных беларуска-расейскіх вайсковых вучэньняў “Захад-2017″, што прызначаныя на верасень, а таксама ва ўмовах пагаршэньня сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Паводле Радыё Свабода

 

Ліпень 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Чэр    
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.