Партыя БНФ » У Гародні пачаўся судовы працэс БНФ супраць прапагандыстаў з БТ
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


У Гародні пачаўся судовы працэс БНФ супраць прапагандыстаў з БТ

Дададзена 07.07.2017 4:38:54 | 226 праглядаў

У Гародні прайшло папярэдняе судовае паседжанне ў справе фільму «Маршам у нікуды» – кіраўнік Гарадзенскай арганізацыі Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў лічыць, што гэтая стужка абражае ягоны гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю. Разгляд справы суд Ленінскага раёна Гародні працягне 14 ліпеня.

«Рэпетыцыя асноўнага судовага паседжання», як назвала падзею суддзя Ксенія Стасюкевіч, прайшла ў гарадзенскім судзе Ленінскага раёну. Пазоў у суд быў папярэдне накіраваны Вадзімам Саранчуковым. Ён патрабуе абвяржэння фактаў, агучаных у фільме «Маршам у нікуды», знятым гарадзенскай філіяй каналу «Беларусь 4», а таксама выдалення стужкі з ютуба.

Дзяржаўнае тэлебачанне прадстаўляў Барыс Кунцэвіч, юрыст каналу. Нягледзячы на хадайніцтва Кунцэвіча, працэс вёўся цалкам па-беларуску. Суддзя Стасюкевіч прадэманстравала неблагое веданне мовы, а сам Кунцэвіч ад перакладчыка на расейскую адмовіўся.

Агулам у фільме ідзе расповед пра шасцёх гарадзенскіх апазіцыянераў, прадстаўленых у якасці «агрэсіўных беспрацоўных», якія спрабуюць «разгойдваць човен».

У фільме сцвярджаецца, што Саранчукоў нібыта нідзе не працуе ўжо 10 год, статус рамесніка аформіў толькі пасля ўвядзення «дэкрэту аб дармаедах», ягоную рамесніцкую прадукцыю і майстэрню, маўляў, ніхто ніколі не бачыў, а жонку Саранчукоў, нібыта, наогул узяў «па разліку». Усё гэта Саранчукоў палічыў абразай свайго гонару і годнасці, а таксама інфармацыяй, якая шкодзіць ягонай прафесійнай рэпутацыі.

«Палова залы бачыла маю прадукцыю, – сцвярджаў актывіст на судзе, – яна ёсць у крамах, пра гэта ёсць адпаведныя паперы. Рамеснікам я афіцыйна зарэгістраваны, раней працаваў індывідуальным прадпрымальнікам: ад 1998 да 2015 году. Ніякай майстэрні я мець не абавязаны, бо рабіць сваю працу – наносіць малюнкі на шкло – магу хоць дома, хоць у зале суда, хоць на беразе Нёмна…».

У адказ прадстаўнік тэлеканалу спаслаўся на ксераксы з падручніка па вырабе шкла 1986 году выпуску, у якім ідзецца пра неабходнасць майстэрні для кожнага шклароба, які працуе з кіслотамі. Агульны прапагандысцкі кантэкст фільму Кунцэвіч назваў: «мастацкай крытыкай, якая прадугледжвае любы стыль і форму». Аўтара фільму, людзей, якія яго стваралі, а таксама крыніцы інфармацыі прадстаўнік каналу называць адмовіўся.

Калі размова перайшла да жонкі і «шлюбу па разліку», да чаго падводзіць аўтар фільму, Саранчукоў быў даволі рэзкі: «Каму якая справа скуль я ўзяў сваю жонку? Мне яе што, пад плотам было шукаць?». У гэтым пытанні юрыст каналу наогул устрымаўся ад каментароў.

Сябра Сойму Партыі БНФ Юры Чавусаў, які выступаў на судзе ў якасьці прадстаўніка грамадскасці, назваў пазіцыю прадстаўніка тэлеканалуканалу незайздроснай, а сам фільм – прапагандысцкім:

«Прадстаўнікі каналу прызналі, што распаўсюдзілі прадукт СМІ, але аўтараў прывесці засаромеліся, – разважае Чавусаў, – Кунцэвіч нават паспрабаваў перавесці размову ў творчую спрэчку пра шкло і мастацтва. Фільм, пры гэтым, адназначна прапагандысцкі. Лічу, што выніковае паседжанне суда мае быць цікавым».

Наступнае паседжанне, якое мае паставіць у справе кропку, мае адбыцца ў будынку суда Ленінскага раёну Горадні 14 ліпеня а 10.40.

Паводле тэлеканалу Белсат

Верасень 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Жні    
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930  
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.