Партыя БНФ » Моладзь – за наданьне імя Міндоўга вуліцам у Наваградку і Мінску
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Моладзь – за наданьне імя Міндоўга вуліцам у Наваградку і Мінску

Дададзена 06.07.2017 4:43:40 | 165 праглядаў

6 ліпеня 1253 году адбылася каранацыя Міндоўга, які заклаў падмурак дзяржаўнасці Вялікага Княства Літоўскага. З гэтай нагоды актывісты мінскай і наваградзкай арганізацый Моладзі БНФ распачынаюць збор подпісаў за ініцыятыву ўганаравання памяці гэтай гістарычнай асобы.

«Гэтая дата з’яўляецца адной з важных падзеяў у нашай гісторыі, і мы ўпэўненыя: пры сапраўды беларускай уладзе яна будзе адзначацца на дзяржаўным узроўні», — гавораць арганізатары кампаніі з Моладзі БНФ.

Міндоўг лічыцца знакавай фігурай у беларускай гісторыі, аднак ён не ўшанаваны на ўзроўні, як належыць чалавеку такога маштабу, падкрэсліваюць актывісты. Таму Моладзь БНФ распачынае ініцыятыву за наданне адной з вуліц у Мінску (сталіцы сучаснай Беларусі) і Наваградку (першая сталіца ВКЛ) імя караля Міндоўга, што будзе значным крокам ва ўшанаванні ягонай памяці.

Нядаўна ў сваёй прамове Аляксандар Лукашэнка згадваў Полацкае княства, ВКЛ, БНР, падкрэсліўшы, што гэта неад’емная частка беларускай гісторыі. Але колькі вуліц ці помнікаў гістарычным асобам гэтага перыяду ёсць у Беларусі, задаюцца пытаннем моладзевыя актывісты. І самі ж адказваюць: існуе безліч вуліц, названых у гонар дзеячоў савецкай эпохі, і белая пляма ў дачыненьні ВКЛ, найважнейшай часткі гісторыі.

«Мы ўпэўненыя, што наша ініцыятыва пакажа сапраўднае стаўленне сённяшняй улады да беларускай гісторыі і нацыянальнай памяці беларусаў. Дзеля гэтага ў нашай пэтыцыі мы знарок патрабуем не пераназваць ужо існуючыя вуліцы (хоць гэта было б лагічна), а надаць новым вуліцам імя караля Міндоўга, каб нельга было адмовіць з фармальных прычынаў», — гаворыцца ў паведамленні арганізацыі.

Каб далучыцца да кампаніі і дапамагчы са зборам подпісаў, можна напісаць на пошту moladzbelarus@gmail.com.

Жнівень 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліп    
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031  
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.