Партыя БНФ » Лідэр БНФ – пра мінусы і плюсы Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ ў Менску
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Лідэр БНФ – пра мінусы і плюсы Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ ў Менску

Дададзена 11.07.2017 12:02:39 | 156 праглядаў

У правядзенні Парламенцкай Асамблеі АБСЕ ў Менску былі як адмоўныя, так і станоўчыя моманты. Пра іх у інтэрвію журналісту Радыё Рацыя Генадзю Барбарычу распавёў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

DEC5Av-XkAEPtFR.jpg largeПа словах палітыка, яшчэ да пачатку Парламенцкай Асамблеі АБСЕ ў Менску Сойм Партыі БНФ прыняў адмысловую заяву. У ёй правядзенне гэтага мерапрыемства ў сталіцы Беларусі ацэньвалася як заўчаснае. Прыманне такога прадстаўнічага міжнароднага форуму ў Менску і ўдзел ў ім парламентароў з розных краінаў ускосна легітымізуе ўсе тыя незаконныя, непрымальныя, недэмакратычныя формы ціску на палітычных апанентаў, на грамадзянскую супольнасць, якія, на жаль, працягваюць мець месца ў Беларусі, – палічыла кіраўніцтва Партыі БНФ. Але калі ўжо гэты форум адбыўся, то можна падвесці вынікі і сказаць, што гэтая падзея мела і плюсы. Тое, што гэтае мерапрыемства адбылося ў Менску, дало, па перакананню Аляксея Янукевіча, вельмі моцны імпульс для прасоўвання тэмы свабодаў і дэмакратыі ў абмеркаваннях паміж заходнімі палітыкамі і беларускімі ўладамі. Напрыклад, „круглы стол”, які адбыўся па ініцыятыве шведскай дэлегацыі падчас Парламенцкай Асамблеі АБСЕ, у якім давялося ўзяць удзел і Аляксею Янукевічу, а таксама і іншым беларускім палітыкам і праваабаронцам, у тым ліку і прадстаўніку ўлады. Канешне, яго яшчэ нельга назваць унутраным дыялогам. Але гэта, безумоўна, крок наперад, які дазваляе, як мінімум, уявіць, што ў будучым такі ўнутраны дыялог будзе магчымы. І гэта безумоўны плюс, – упэўнены Аляксей Янукевіч.

Станоўча і тое, што шмат хто з замежных дэпутатаў упершыню прыехаў у Беларусь і паразмаўлялі не толькі з уладамі, але і з прадстаўнікамі дэмакратычнай апазіцыі, грамадзянскай супольнасці. У прыватнасці, Аляксей Янукевіч выступаў на паседжанні групы Альянсу кансерватараў і рэфармістаў у Парламенцкай Асамблеі АБСЕ, а таксама перад дэлегацыяй амерыканскіх кангрэсменаў і сенатараў. Такія сустрэчы, такія візіты, прысутнасць замежных палітыкаў у Беларусі заўсёды ствараюць дадатковую прастору для дзейнасці дэмакратычных арганізацыяў і спрыяюць фармаванню парадку дня з улікам пытанняў дэмакратыі, свабодаў, правоў чалавека тут, у Беларусі, – кажа Аляксей Янукевіч. І безумоўна, нельга забыць той пазітыўны факт, што перад пачаткам Парламенцкай Асамблеі АБСЕ былі вызваленыя з-за кратаў фігуранты справы патрыётаў. Хаця кепска, што сама справа пакуль не закрытая. „І гэтая тэма гучала і ўздымалася намі і мной асабіста на ўсіх сустрэчах. Яна ўздымалася і нашымі замежнымі партнёрамі, калегамі ў кантактах з беларускай уладай” – адзначыў Аляксей Янукевіч. Увогуле, такія мерапрыемствы маюць патэнцыял трансфармацыі ўнутранай сістэмы ў Беларусі. А гэта тое, што мы ўсе безумоўна, жадаем і імкнемся наблізіць, – падсумаваў кіраўнік Партыі БНФ.

RR: Гэта плюсы. А якія мінусы? Дзе недапрацавалі, што не ўбачылі дэпутаты Парламенцай Асамблеі?

Аляксей Янукевіч: Мы адзначаем, што праект рэзалюцыі аб сітуацыі ва Усходняй Еўропе, дзе ўтрымлівалася крытыка парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, прапанаваны шведскім дэпутатам Крысціянам Хольмам, які і Партыя БНФ падтрымлівала яшчэ з траўня, калі толькі пачалася падрыхтоўка гэтага праекту, быў прыняты, то бок, сама рэзалюцыя была прынятая. Але яна не ўвайшла ў выніковую Дэкларацыю ПА АБСЕ. І гэта, безумоўна, можна адзначыць мінусам у нашым разуменні. Аднак, прынамсі, само прыняццё гэтай рэзалюцыі, тое, што было гэтае абмеркаванне, што ўсе вострыя пытанні аб парушэннях правоў чалавека былі адкрыта ўзнятыя перад абліччам беларускай улады тут, у Менску, у Беларусі, – гэта вельмі добра. І гэта, безумоўна, дае добрыя магчымасці, каб усе тыя пытанні, якія агучаныя ў рэзалюцыі аўтарства Крысціяна Хольма, пільна адсочвалася і намі, і міжнароднай супольнасцю. Менавіта яе пункты, я думаю, могуць быць зафіксаваныя ў якасьці пэўных арыентыраў, прыярытэтаў прасоўвання дэмакратыі для ўсёй міжнароднай супольнасці на бачную будучынюю. І гэта вельмі добра.

RR: У Беларусі апошні час гавораць і пішуць пра два крылы ва ўладзе. Рэакцыйна-прарасейскае і прагрэсіўна-празаходняе. Тое, што атрымалася правесці Парламенцкую Асамблею АБСЕ ў Менску, ці не паказвае, што, так бы мовіць, рэй вядзе празаходняе, дэмакратычнае крыло?

Аляксей Янукевіч: Я перакананы, што размовы пра нейкія „крылы” усё ж заўчасныя. Так, безумоўна, ва ўладзе ёсць асобы, якія больш схільны да сілавых метадаў і арыентуюцца на Расею. І тыя, хто больш схільныя да дыялогу і больш арыентуюцца на заходні вектар развіцця краіны. Я думаю, што правядзенне Парламенцкай Асамблеі АБСЕ ў Менску як раз павялічыць колькасць тых, хто разумее неабходнасць заходняга вектару развіцця. Так, я спадзяюся, што шмат хто з прадстаўнікоў беларускага грамадства і з прадстаўнікоў беларускай улады наблізяцца да разумення неабходнасці не проста дыалогу з вольным светам, але і больш шчыльнай інтэграцыі Беларусі ў вольны свет.

RR: Шмат каго здзівіла, што беларускія дэпутаты з Парламенцкай Асамблеі па-рознаму прагаласавалі ў такім складаным пытанні, як расейска-украінскі канфлікт. Чатыры чалавекі з шасці падтрымалі дастаткова рэзкі ў адносінах да Расеі дакумент.

Аляксей Янукевіч: Я перакананы, што такое галасаванне гэта не пытанне прыватнага выбару кожнага з сябраў Палаты прадстаўнікоў, якія галасавалі. Перакананы, што гэта ўсё было падрыхтавана і прапрацавана загадзя і беларусім Міністэрствам замежных спраў, і Адміністрацыяй прэзідэнта. Гэта частка той вялікай і досыць рызыкоўнай палітычнай гульні, якую зараз Аляксандр Лукашэнка вядзе, спрабуючы ўтрымаць добрыя адносіны і з Расеяй, і з Украінай, і з вольным светам. Магчыма, для некага гэта сюрпрыз, але я ніякага сюрпрызу насамрэч ў гэтым не бачу. Вельмі лагічна і разлічана выглядаюць усе дзеянні дэлегацыі Палаты прадстаўнікоў у Парламенцкай Асамблеі.

RR: Па Вашых асабістых уражаннях, як успрынялі Беларусь і гэтае мерапрыемства дэпутаты ПА АБСЕ? З кім з іх Вы найбольш кантактавалі?

Аляксей Янукевіч: Найбольш шчыльна мы камунікавалі са шведскай дэлегацыяй, з дэлегацыяй Кангрэсу і Сенату Злучаных Штатаў Амерыкі, з групай Альянсу кансерватараў і рэфармістаў, куды ўваходзяць парламентарыі з Польшчы, Фінляндыі, Італіі, Люксембургу і іншых краінаў. Натуральна, з літоўскімі дэпутатамі таксама мы размаўлялі.

RR: Яны, дарэчы, вельмі расчараваныя, што не была прынятая рэзалюцыя з крытыкай будаўніцтва Астравецкай АЭС?

Аляксей Янукевіч: Натуральна, для Літвы гэта надзвычай адчувальная тэма. Яны імкнуцца яе выносіць паўсюль, дзе толькі магчымі. Так, безумоўна, я думаю, што яны маюць пэўнае расчараванне праз тое, што прапанаваная імі рэзалюцыя не была прынятая. Але, думаю, што яны ўсё ж такі ад пачатку разумелі, што канкрэтна гэтая рэзалюцыя, з такім тэкстам не мае шмат шанцаў быць прынятай. Гэта, у тым ліку, была спроба прыцягнуць дадатковую ўвагу да тэмы бяспекі АЭС…

А калі казаць пра ўражанні тых дэпутатаў Парламенцскай Асамблеі АБСЕ, хто ўжо даўно не бываў у Беларусі, але бываў раней, яны, безумоўна, зазначаюць, што тут змянілася грамадская атмасфера. Нягледзячы на тое, што ўся сістэма застаецца той жа, усё ж такі атмасфера выглядае крыху па-іншаму і зрухі ёсць у пазітыўным рэчышчы. А тыя, хто ў Беларусі ўпершыню, безумоўна, вельмі ўражаныя ў добрым ключы. Яны ўражаныя грамадствам, яны ўражаныя людзьмі, яны ўражаныя ўзроўнем развіцця, прынамсі, Менску, інфраструктуры Менску, і гарадскім транспартам, і тым, што шмат людзей на вуліцах. То бок, яны бачаць, што тут адчуваецца жыццё, тут адчуваецца энергія. І я лічу, што гэта таксама вельмі важны вынік. Канешне, гэта прыносіць пэўныя плюсы і для цяперашняй улады. Але стратэгічна гэта прыносіць усё ж такі вялікія плюсы для ўсёй Беларусі на будучыню. Таму што тыя, хто першы раз сюды прыехаў, яны бачаць патэнцыял нашай краіны. Яны разумеюць, што гэта важная краіна, гэта можа быць важны і моцны гулец у гэтым рэгіёне. І адпаведна, я ў гэтым перакананы, гэта будзе іх падштурхоўваць звяртаць больш актыўную ўвагу на Беларусь і шукаць магчымасці больш шчыльнай яе інтэграцыі ў Еўрапейскую і Еўраатлантычныю супольнасць, што цалкам адпавядае нашым нацыянальным інтарэсам.

RR: Можа, каб ураўнаважыць эмоцыі, ім трэба было наведаць следчыя ізалятары Валадарку і Амерыканку, дзе нядаўна фігуранты справы патрыётаў і Белага легіёну сядзелі?

Аляксей Янукевіч: Я лічу, што вельмі памылкова лічыць тых, хто сюды прыехаў, наіўнымі дзецьмі, якім дастаткова паказаць музей Вялікай айчыннай вайны і пару прыгожых праспектаў і яны павераць, што сітуацыя ў краіне выдатная. Гэта людзі, якія маюць досвед, якія разумеюць, ведаюць сітуацыю і сочаць за ёй, у тым ліку і з правамі і свабодамі чалавека. Яны абсалютна не наіўныя. Гэта велічэзная памылка часткі беларускай апазіцыі лічыць, што Лукашэнку і ягонай уладзе атрымліваецца папросту вадзіць за нос цэлыя палітычныя эліты Заходніх краінаў. Гэта абсурд. Так, часам ёсць выпадкі, якія мы заўсёды крытыкуем, калі вельмі прагматычныя інтарэсы пераважаюць над каштоўнасцямі ў падыходах асобных еўрапейскіх палітыкаў. Але гэта не праз нейкую наіўнасць, гэта праз цвярозы, але цынічны разлік. Аднак усё ж такі пераважная большасць тых, хто працуе ў Парламенцкай Асамблеі, тых хто быў тут у Менску, я перакананы, кіруюцца каштоўнасцямі, яны ведаюць і разумеюць сітуацыю у Беларусі. У тым ліку і тую, што тычыцца парушэнняў правоў чалавека і наступаў на свабоду. І як раз тое, што яны пабачылі патэнцыял і моц беларускага грамадства, не паўздейнічае на іх у рэчышчы поўнага згодніцва з існуючым станаў рэчаў, але наадварот, надасць новы імпульс дапамагаць нам дамагчыся, каб Беларусь была вольнай.

„Дэпутаты Парламенцкай Асамблеі АБСЕ пабачылі Беларусь сваімі вачыма і зараз могуць уявіць, якой моцнай і цудоўнай краіна стане, калі тут будзе свабода”, – лічыць Аляксей Янукевіч.

Паводле Беларускага Радыё Рацыя

 

Ліпень 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Чэр    
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.