Партыя БНФ » “Гаспадар” – інтэрвію газэты Народная Воля з сябрам Партыі БНФ з Драгічыншчыны
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


“Гаспадар” – інтэрвію газэты Народная Воля з сябрам Партыі БНФ з Драгічыншчыны

Дададзена 12.07.2017 12:02:52 | 237 праглядаў

Для многіх з нас клубніцы і маліна – любімыя ласункі лета, а для Васіля Казекі з вёскі Людвінава Драгічынскага раёна – гэта праца, якая дае магчымасць жыць” – журналістка газэты “Народная Воля” Марыя Эйсмант гутарыць з сябрам Партыі БНФ з Драгічыншчыны.

images_cms-image-000175521Дзесяць гадоў таму ён быў вымушаны спыніць сваю прадпрымальніцкую дзейнасць у Драгічыне, набыў дом у вёсцы і паспрабаваў стаць фермерам. Наколькі рэальна весці прыбытковы бізнес у вёсцы і быць упэўненым на перспектыву? Якія ў краіне створаны ўмовы для тых, хто хоча працаваць на зямлі? Дапамагае ці замінае фермеру мясцовая ўлада і наша заканадаўства?

Пра сённяшні дзень гаспадара на сваёй зямлі мы размаўляем з Уладзімірам КАЗЕКАМ.

– Чалавеку, які разлічвае на сябе, на свае рукі, рэальна сёння арганізаваць бізнес на сяле?

– Мне асабіста было складана. Я ў 2008 годзе балатаваўся ў Палату прадстаўнікоў, быў кандыдатам у дэпутаты. Жыў тады ў Драгічыне, з’яўляўся індывідуальным прадпрымальнікам і ішоў у парламент абараняць інтарэсы малога бізнесу. Да таго ж я яшчэ сябра Партыі БНФ, таму зразумела, чым мая ініцыятыва скончылася. Прыйшлося закрыць і сваю справу, бо ў нашай краіне займацца бізнесам рызыкоўна.

– На вёску Вы пераехалі не дзеля бізнесу?

– Планы такія былі. Спачатку займаўся пчалярствам. А ўжо потым набыў кавалак зямлі, вырашыў, што магу яшчэ дадаткова вырошчваць клубніцы і маліну. Але ж калі ў сельскім Савеце даведаліся, каму далі зямлю ў арэнду, паспрабавалі тут жа яе адабраць. Добра, што я правільна аформіў усе дакументы, таму падстаў у іх не было. Старшыня сельсавета яшчэ амаль месяц ездзіў да мяне, прасіў, каб я адмовіўся ад гэтага надзелу, бо яго, маўляў, выганяць з работы…

– І Вы сталі фермерам?

– Так, насамрэч зарэгістравацца фермерам нескладана. Можна мець 50 сотак і быць фермерам. Я ж маю каля 3 гектараў зямлі. Праўда, у арэндзе толькі1 гектар35 сотак, астатняя засталася ад былога ўладальніка хутара.

Але пэўныя праблемы ўзніклі потым. Я вырашыў пашырыць гаспадарку, пайшоў у райвыканкам прасіць дадаткова зямлі: тут цэлыя абшары ў запусценні, мясцовы кааператыў “Пенякова” даўно ў мінусах, развальваецца. Але ж зноў гвалт, ужо з боку раённых чыноўнікаў: як атрымалася, што бэнээфаўцу Казеку далі зямлю, зарэгістравалі фермерам?! Пачалі ўгаворваць адмовіцца ад фермерства і катэгарычна заявілі, што больш зямлі мне ніхто не дасць. І не далі.

Фермеры, якія лаяльныя да ўлады альбо не высоўваюцца, не лезуць у палітыку, маюць магчымасць пашырацца, а я ад мясцовых чыноўнікаў такой ласкі не маю. У пяці кіламетрах ад мяне азербайджанец арганізаваў фермерскую гаспадарку. І яму далі зямлю – гектараў 20, а мне – нельга.

І я фермерства закрыў.

– Моцна перажывалі?

– Канешне. Я завёз шыкоўныя італьянскія гатункі клубніцы. Можна было б і пітомнік закласці, вырошчваць расаду – у людзей, бясспрэчна, попыт быў бы… Я лічу, што 10 гектараў зямлі пацягнуў бы без праблем. Тым больш што памагатых у ваколіцы знайсці нескладана: тут безліч беспрацоўных. І выгада была б усім: зямля, якая зарасла пустазеллем, не пуставала б, а людзі мелі б работу. Але ж у нас тым, хто ў апазіцыі да ўлады дый яшчэ чыё прозвішча на слыху, усе дзверы зачынены.

– Ад поглядаў можна было б адмовіцца…

– Я ўжо не ў тым узросце, каб лавіраваць, здраджваць сабе, сваім ідэалам. Гэта пытанне каштоўнасцяў. Тое, што сёння адбываецца з Беларуссю і на Беларусі, мяне не задавальняе, для мяне многае непрымальна.

– Атрымліваецца, што Вы зараз звычайны селянін? Падатак на дармаедства плаціце?

– Зараз я гаспадар на сваёй зямлі. Чалавек, які разлічвае толькі на свае сілы. У мяне пчолы, клубніцы, маліна. Я ж нічога не знішчыў, на той зямлі, якая ёсць, вырошчваю ягады. Падатак не плачу, ад яго вызвалены жыхары сельскай мясцовасці, што вядуць асабістую падсобную гаспадарку.

– Пчолы і ягады даюць магчымасць выжываць? Бачу, дом пачалі будаваць…

– Выжываць, не болей.

– Калі не сакрэт, колькі на ягадах у сезон зарабляеце?

– Тысяч 5–6 долараў застаецца. Шмат выдаткаў ідзе на розныя хімікаты, капельны паліў, агравалакно, спанбонд, на ўсялякія іншыя прыстасаванні, без якіх у гаспадарцы немагчыма. Расходаў многа.

– Арэнда зямлі дорага каштуе?

– Не, за год я плачу максімум 60–100 рублёў.

– А калі ягады не ўрадзілі, то ўся Ваша праца – дарэмная? Вось сёлета такі халодны быў май…

– Працэнтаў 20 ураджаю я згубіў. Але трэба – і сёння гэта рэальна – не залежаць ад надвор’я. Хапае сучасных тэхналогій, толькі паспявай за ўсім. Напрыклад, палякі вырошчваюць клубніцы пад слонамі: холадна – ягаду прыкрылі, цёпла на вуліцы – плёнку знялі, клубніцы грэюцца на сонейку. Акрамя таго, сучасныя гатункі – гэта не тыя кіслыя, неканкурэнтныя ягады, якія раслі раней на Беларусі. Галоўнае – не спі ў шапку. Я, напрыклад, завёз і размножыў добра прыстасаваныя да нашага клімату і вельмі смачныя гатункі – Альба, Азія, Клэры, Эльяні, Раксана. Але і прадаю клубніцы даражэй, чым у сярэднім па раёне. І жадаючых многа, толькі паспявай збіраць. Нават з Расіі едуць па маю ягаду.

– А хто дапамагае? Жонка не пераехала з вамі?

– Жонка засталася ў горадзе, гэта быў мой выбар асесці ў вёсцы. Але ж мы разышліся яшчэ ў 2008 годзе падчас тагачасных палітычных кампаній. А дапамагаць ёсць каму – дочкі, калі атрымліваецца, блізкія сябры заўсёды прыязджаюць у ягадны сезон. Быў бы фермерам, было б прасцей. Мог бы наймаць людзей. А сёння я фізічная асоба, і хоць гатовы даць работу людзям у сезон, а нельга – парушу закон. Атрымліваецца нейкі юрыдычны вакуум.

– У колькі пачынаецца Ваш працоўны дзень?

– У пяць гадзін раніцы штодня. І заканчваецца ў дзесяць вечара, бывае нават і ў дванаццаць. Працы хапае. Хаця сёння трохі прасцей, ёсць многа сучасных тэхналогій. Я ўвесь час сачу за палякамі, пераймаю іх вопыт. Польскія фермеры вырошчаюць да 40 тон клубніц з гектара!

– А у Вас якая ўраджайнасць?

– Такіх рэкордаў яшчэ няма, але 20 тон з гектара – гэта рэальная лічба.

– Але ж у вас і канкурэнтаў, напэўна, многа? Драгічын, Лунінец сёння асацыіруюцца з клубніцамі…

– У 2008 годзе, калі я набыў гэты хутар, тут можна было палову вёскі скупіць. А зараз, калі ў горадзе няма працы – а ў Драгічыне паўсюль скарачэнні, заробкі падаюць – людзі кінуліся ў вёску. Гэта адзіны спосаб выжываць. І калі я некалькі гадоў таму пасадзіў маліну, навокал яе ні ў кога не было. Зараз патроху з’яўляюцца пасадкі. З аднаго боку – канкурэнты. А з іншага – саюзнікі, усе разам мы прыцягваем больш пакупнікоў. Людзі ведаюць, што ў Драгічынскім раёне шмат вырошчваецца клубніц, маліны і едуць яе набываць: хто сабе, хто оптам. Тут галоўнае – вырошчваць канкурэнтную ягаду.

– Уладзімір, як лічыце, зямля можа прынесці прыбытак нашай краіне?

– Зямля можа прынесці прыбытак любой краіне. У Ізраілі калісьці была пустыня. А сёння Ізраіль палову Расіі можа пракарміць. Я наведваў ізраільскія кібуцы, бачыў, як разумна можна арганізаваць калектыўную гаспадарку. Па сутнасці, па форме яны нагадваюць савецкія калгасы, але ж з’яўляюцца прыбытковымі прадпрыемствамі, таму што жывуць і функцыянуюць па законах рынку і здаровага сэнсу.

Беларуская зямля, думаю, магла б пракарміць 30 мільёнаў людзей. Глеба, вада, надвор’е – усё спрыяе развіццю сельскай гаспадаркі. Толькі зямля павінна быць у руках гаспадара. Уласнік працуе для сябе, а чыноўнік на сябе. Розніца ёсць!

Мы маглі б стаць другой Галандыяй. Напрыклад, мой добры знаёмы з Іванаўскага раёна заняўся вырошчваннем цюльпанаў. Зямлі ў яго сотак сорак, а прыбытак большы за мой у разоў дзесяць. І не толькі цюльпаны, ягады, шмат іншай гародніны, садавіны можна вырошчваць на нашай зямлі, шампіньёны, вешанкі і г.д.

– Што замінае? Беларусы – гультаі ці законы недасканалыя?

– На мой погляд, беларусаў адвучылі ад працы. Сённяшняя ўлада падтрымлівае патэрналісцкі настрой у грамадстве. Чалавек ходзіць у кааператыў (былы калгас), ні пра што не думае, атрымлівае капейкі і задаволены. А павінна, каб ініцыятыва сыходзіла ад чалавека, а дзяржава яе толькі падтрымлівала, спрыяла ягонай справе.

Паглядзіце на нашых суседзяў-украінцаў. Калі ў іх развалілі калгасы, хто хацеў, той браў зямлю. І сёння мы ездзім пераймаць іх вопыт, бо ўкраінцы ў плане тэхналогій пайшлі наперад. Я асабіста шмат чаму вучыўся ў фермера з Украіны Уладзіміра Валынскага. Ён вырошчвае клубніцы на 25 гектарах зямлі. Сотням людзей дае працу. Сам заможны чалавек, ездзіць на поле на новым “мерседэсе”, а я – на дабітым “фордзе”.

На мой погляд, калі б наша дзяржава не замінала чалавеку займацца працай, беларусы сёння жылі б не горш за палякаў як мінімум.

– Але ж фермераў у нас таксама нямала.

– Калі ўлада спрыяе, дапамагае крэдытамі і г.д., то чаму б не займацца фермерствам. У нашым раёне самы заможны фермер – сваяк высокапастаўленага мінскага чыноўніка, супадзенне ці не, але ён увайшоў у праграму развіцця садаводства вобласці і атрымаў бязвыплатна велізарную суму грошай. Зараз атрымаў такі ж буйны крэдыт пад малы працэнт на пабудову складоў-халадзільнікаў для сельскагаспадарчай прадукцыі. І ў яго не тры гектары, а сотні гектараў зямлі. Канешне ж, пры такіх умовах можна і паспяхова працаваць…

– Ён, напэўна, не адзіны фермер, які атрымаў выгадны крэдыт ад дзяржавы? І Вы б маглі, калі б былі фермерам ці не?

– Нешта ад сваіх знаёмых фермераў я не чуў пра такую дапамогу ад дзяржавы. Сама менш яны могуць разлічваць на крэдыт на пакупку сельгастэхнікі. Аднак гэта не прамыя грошы. Фермерам прадастаўляюць нашу айчынную тэхніку, і яны за яе потым разлічваюцца.

– Тэхніку новую?

– Але ж за значна меншыя грошы я магу паехаць у Расію, набыць там бэушны японскі трактар, і ён мне праслужыць яшчэ 10 гадоў і па якасці будзе лепшым, чым наш новы “Беларус” ці амкадораўская тэхніка. Але на такую пакупку я мушу ўкладваць толькі свае грошы ці пазычаць у знаёмых, крэдыт не дадуць.

– Сваю гаспадарку Вы развівалі за ўласныя сродкі?

– Толькі за ўласныя. І ў такіх умовах працаваць вельмі цяжка, але пакрысе падымаешся. Галоўнае, каб не заміналі. А то вось нядаўна мне патэлефанавалі з райвыканкама і сказалі, што я самавольна захапіў кавалак зямлі. Як такое магло здарыцца? Паеду разбірацца, бо я кожны свой крок узгадняю з сельскім Саветам.

– Не шкадуеце, што пераехалі ў вёску? Лічыце, што зрабілі правільны крок?

– Я настолькі зараз у суладдзі з сабой, што іншага і не жадаю. Калі былі б грошы, тут можна зрабіць райскі куточак. Прырода прыгожая, навокал ні душы… У 2008 годзе пасля выбарчай кампаніі гэты хутар быў для мяне лепшым лякарствам. На мяне ж яшчэ тады завялі адміністрацыйную справу, я адседзеў 10 сутак. І калі выйшаў на свабоду, то першага, каго сустрэў у горадзе, быў знаёмы з Людвінава. Ён і падказаў, што там прадаецца хутар. А гэтыя мясціны прасякнуты гісторыяй, тут стаяла сядзіба Элізы Ажэшка. Дзякуючы ёй Людвінава стала цэнтрам дапамогі паўстанцам Каліноўскага. За ўдзел у паўстанні сябры Элізы і блізкія, у тым ліку муж Пётр і яго брат Фларыян Ажэшка, былі высланы ў Сібір.

Я паехаў, паглядзеў хутар. Тут, вядома ж, усё было па-іншаму – у запусценні, сад стаяў закінуты, бо гаспадыня дома працяглы час жыла ў горадзе, сюды амаль не наведвалася. Праз дзень я яе знайшоў, а праз тры месяцы пачаў тут гаспадарыць.

І зараз больш камфортнага жыцця не ўяўляю. Толькі б яшчэ не заміналі працаваць…

– Гэта ваша галоўнае жаданне?

– Галоўнае – каб прыйшлі перамены на Беларусь.

Вядомы французскі філосаф і эканаміст Бертран дэ Жювенель на прыход да ўлады ў Германіі зграі Гітлера адрэагаваў слушнай заўвагай: рабскае мысленне статка бараноў непазбежна спародзіць уладу ваўкоў. Гэтыя словы, на мой погляд, не страцілі сваёй актуальнасці і для нашага грамадства. Шчасце, любоў і свабоду ніхто не падорыць, усяго трэба дамагацца самому.

Паводле газэты “Народная Воля

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.