Партыя БНФ » Суд адхіліў пазоў сябры БНФ Вадзіма Саранчукова да прапагандыстаў з БТ
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Суд адхіліў пазоў сябры БНФ Вадзіма Саранчукова да прапагандыстаў з БТ

Дададзена 15.07.2017 12:44:23 | 692 праглядаў

У пятніцу 14 ліпеня суд ленінскага раёну Гародні не задаволіў пазоў старшыні Гарадзенскай арганізацыі Партыі БНФ Вадзіма Саранчукова да Гарадзенскай абласной тэлерадыёкампаніі пра абарону гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі.

Падставай для скаргі стаў відэаматэрыял журналістаў пад назвай «Маршем в никуда», у якім, на думку Вадзіма Саранчукова, у дачыненні да яго асобы былі прадстаўлены непраўдзівыя звесткі, якія зневажаюць яго і прыносяць шкоду дзелавой рэпутацыі. Суддзя Ксенія Стасюкевіч правяла даследаваньне доказаў па справе і не задаволіла іскавыя патрабаваньні.

Суд, аднак, зьвярнуў увагу на парушэньне заканадаўства тэлерадыёкампаніяй, якая своечасова не адказала на скаргу Саранчукова, і вынес на адрас тэлерадыёкампаніі прыватнае вызначэньне.

Таксама судзьдзя адхіліў хадайніцтва прадстаўніка тэлерадыёкампаніі, які прасіў весьці працэс па-расейску.

Падчас працэсу прадстаўнік тэлерадыёкампаніі настойваў, што распаўсюджаныя ў тэлесюжэце зьвесткі праўдзівыя. Ён сказаў, што Саранчукоў зарэгістраваўся рамесьнікам толькі дзеля дэкрэту № 3 і рамесьніцтвам займаецца фіктыўна, а ягоных працаў ніхто ніколі ня бачыў. Паводле прадстаўніка тэлерадыёкампаніі, пазоўнік 10 гадоў нідзе не працаваў, не плаціў падаткаў, а ягоная сямʼя «карыстаецца льготамі ад ненавіснай дзяржавы».

Саранчукоў заявіў, што распаўсюджаныя тэлерадыёкампаніяй зьвесткі не адпавядаюць рэчаіснасьці, закранаюць яго гонар і дзелавую рэпутацыю. Ён патрабаваў абвергнуць іх, а таксама выдаліць сюжэт з афіцыйнага каналу гарадзенскай тэлерадыёкампаніі на сэрвісе Youtube.com.

Саранчукоў прадставіў суду 4 аркушы са здымкамі сваіх працаў, дамовы з крамай на рэалізацыю сваіх вырабаў і нават шкляны куфаль, на якім нанесены надпіс: «ГТ (Гарадзенская тэлерадыёкампанія. — РС) — ня веру».

У працэсе выступіў прадстаўнік грамадзкасьці Юры Чавусаў, дэлегаваны ў працэс рашэньнем Сойму БНФ. Ён  назваў відэасюжэт гарадзенскага тэлебачаньня прапагандысцкім. А мэтай яго, сказаў Чавусаў, было зганьбіць і прынізіць тых, хто адстойваў свае сацыяльныя правы.

— Відавочна, што мэта гэтага фільму была нанесьці шкоду Саранчукову і іншым людзям, пра якія вялася гаворка ў фільме. У фільме гавораць, што Саранчукоў ненавідзіць Беларусь, але ён прыводзіць канкрэтныя прыклады, што ня толькі любіць Беларусь, але нават спрабуе зрабіць яе лепшай. Паказальна і тое, што самі аўтары пасаромеліся прыйсьці ў судовы працэс і схаваліся за плячыма юрыста. Гэта сьведчыць пра тое, што калі ты хлусіш у такіх прапагандысцкіх сюжэтах, то ты наносіш шкоду гонару і годнасьці іншых людзей. Але потым калі твая хлусьня выкрываецца і становіцца ясна, што вы хлусы, то сытуацыя гэтых людзей незайздросная, яны самі выглядаюць ганебна і самі гэта разумеюць. Менавіта таму адказчык усялякім чынам перашкаджаў высьвятленьню аўтарства гэтай прапагандысцкай стужкі, адмаўляючыся прадставіць на запыт суду інфармацыю пра выпускаючага рэдактара, аператараў і аўтараў закадравага тэксту, які, уласна, і быў прадметам разбору.

Вадзім Саранчукоў катэгарычна не згодзен з такім рашэннем суда і мае намер абскарджваць яго ў судзе вышэйшай інстанцыі, камэнтуючы Радыё Свабода рашэньне суду, ён сказаў, што сёньня цуду не адбылося:

— У панядзелак я атрымаю рэзалюцыйную частку і тады буду думаць, што рабіць далей, бо я нават ня ведаю, на якой падставе мой пазоў не задаволены. Беларуская судовая сыстэма чарговым разам не прайшла праверку на адпаведнасьць заканадаўству. Папраўдзе, я спадзяваўся, што рашэньне будзе бліжэй да закону, але цуду не адбылося.

17 красавіка Гарадзенскае абласное тэлебачаньне паказала ў эфіры відэасюжэт «Маршам у нікуды», прысьвечаны пратэстам «недармаедаў» у Горадні. У ім згадваўся і Вадзім Саранчукоў, і іншыя актывісты гарадзенскіх дэмакратычных аб’яднанняў. Сярод іх сябра партыі «Справядлівы сьвет» Валянціна Навумава,  сябра АГП Ежы Грыгенча, каардынатар кампаніі «Гавары праўду» Зьміцер Бандарчук, сябра аргкамітэту БХД Сяргей Верамеенка і каардынатар РПГА «Рух «За свабоду» Ўладзімер Лявон. У відэа ананімны дыктар, расказваючы пра «маршы недармаедаў», сьцьвярджае, што на іх сабраліся тыя, каму «рабіць, па сутнасьці, няма чаго, як толькі маршыраваць».

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Верасень 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Жні    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
30  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.