Партыя БНФ » Вольга Дамаскіна заявіла пра намер вылучацца на пасаду старшыні БНФ
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Вольга Дамаскіна заявіла пра намер вылучацца на пасаду старшыні БНФ

Дададзена 17.07.2017 11:39:25 | 446 праглядаў

Газэта “Наша ніва” публікуе вялікае інтэрвію з сябрам Сойму Партыі БНФ Вольгай Дамаскінай з Наваполацку. У размове палітык заявіла, што разглядае магчымасьць сваяго вылучэньня на пасаду старшыні Партыі БНФ на маючым адбыцца ў верасьні справаздачна-выбарчым зьездзе.

Вольга Дамаскіна сустракае нас у сваім родным Наваполацку.

Нарадзілася яна, праўда, у вёсцы Баравуха-1, аднак горад так хутка разрастаўся, што вёска хутка ў яго ўлілася.

Сябра партыі БНФ і Сойму ПБНФ, актывістка руху «За Свабоду» Вольга працавала ў яслях, музеі, удзельнічала ў парламенцкіх выбарах і заўсёды была неабыякавая да таго, што адбываецца на роднай зямлі, таму тут яе ведаюць многія. Пакуль мы крочым па цэнтральнай Маладзёжнай вуліцы, з ёй пастаянна вітаюцца. Тут усё побач: у адной частцы горада можна і сустрэцца, і закахацца, і распісацца, павянчацца ды завітаць у пракуратуру.

У кавярні, дзе мы спыняемся на гутарку, юная афіцыянтка доўга не можа зразумець, што ад яе хочуць: мы вымушаны перакладаць на рускую. У фінале інтэрв’ю, калі нам ужо прынясуць рахунак, з грашыма Вольга пакіне на стале візітоўку курсаў «Жывая Мова», якія яна разам з аднадумцамі робіць у Полацку.

«Наша Ніва»: Большасць палітыкаў у Беларусі — даволі закрытыя асобы, пра сем’і якіх ведаюць толькі дазволеную драбніцу. Раскажыце крышачку пра сваіх родных.

Вольга Дамаскіна: Мае бацькі — звычайныя людзі. Маці ўсё жыццё працавала на «Паліміры». У Наваполацку ў 90% сямей хтосьці хоць адзін працуе ці на «Паліміры», ці на «Нафтане».

Бацькі разышліся рана, мне было гадоў 9. Пасля маці яшчэ раз выйшла замуж. З айчымам у мяне склаліся вельмі добрыя адносіны: з малодшай сястрой мы амаль адразу пачалі зваць яго бацькам.

Я таксама ўзяла шлюб другі раз, але з былым мужам падтрымліваю вельмі цёплыя адносіны, мы нават сябруем сем’ямі. Ад першага шлюбу маю дарослага сына Змітра. Зімой ён скончыў навучанне ў Польшчы па спецыяльнасці «гістарычны турызм», вярнуўся дадому, жыве асобна і спрабуе будаваць самастойнае жыццё, шукае свой шлях. Ён у мяне вельмі рамантычная асоба: піша цудоўныя вершы, музыку.

«НН»: У Польшчу ваш сын трапіў па студэнцкай праграме Каліноўскага, але ж спачатку паступаў у мясцовы тэхнікум, так?

ВД: Так. У 2012 годзе Зміцер вучыўся ў тэхнікуме на хіміка, але яго адлічылі. Ён з сябрамі тады хацеў зарэгістраваць моладзевую арганізацыю, якая б прапагандавала здаровы лад жыцця, спорт. А іх нечакана абвінавацілі ў падпольнай дзейнасці, прыплялі туды палітыку, павесілі на хлопцаў з’яўленне ў горадзе «апазіцыйных» графіці. У нас былі праблемы з мясцовым КДБ, дома адбыліся ператрусы — страшна ўзгадаваць. У тэхнікуме прыдумалі, што Зміцер прапускаў заняткі, хаця гэта было няпраўдай. Мясцовая тэлекампанія «Вектар TV» нават прысвяціла яму фільм. Мы тады з імі доўга судзіліся. Добра, што ўсё гэта скончылася.

«НН»: Існавала меркаванне, што гэта звязана з тым, што вы мелі непасрэднае дачыненне да Партыі БНФ, як вы ўвогуле туды трапілі?

ВД: У БНФ я прыйшла вельмі рана, гадоў у 15. Можна сказаць, што для мяне гэта партыя, у якой я вырасла. У часы, калі я вучылася ў школе, былі вельмі распаўсюджаныя так званыя падшэфныя арганізацыі, якія аказвалі школам дапамогу.

Як цяпер памятаю: на фізкультуры падышлі двое мужчын — Васіль Храмцоў і Андрэй Ігнатовіч — стваральнікі і лідары беларускага руху Наваполацка. Яны працавалі на прадпрыемстве «Вымяральнік» і ўзялі пад шэфства вучняў нашай школы:

разам з імі мы ездзілі ў вандроўкі, на экскурсіі, даведаліся шмат карысных звестак пра экалогію. У нас тады ўвогуле быў вельмі моцны экалагічны рух: Наваполацк жа небяспечны горад, тут шмат заводаў. Усё большая колькасць мясцовых жыхароў сутыкаецца з алергіяй, праблемамі дыхальнай сістэмы.

Яшчэ адна з лёсавызначальных для мяне сустрэч таксама адбылася ў школе.

Летам у межах курса ВВК дзяцей вучылі розным прафесіям: мы з сяброўкай, напрыклад, прадавалі на вуліцы ліманад і нават піва па 63 капейкі.

У адзін з дзён разам з Васілём Храмцовым да нас падышоў нейкі калматы дзядзька, з бел-чырвона-белай стужкай на галаве і пачаў гаварыць нешта на незразумелай мне мове — ім аказаўся Сяржук Сокалаў-Воюш, беларускі бард і журналіст. Я нічога не разумела, таму што ў школе была вызваленая ад навучання беларускай мовы: па-першае, у мяне была сям’я вайскоўца, па-другое, бацькі паходзілі не з Беларусі: тата — з Малдовы, маці — украінка.

Пасля гэтых знаёмстваў я і трапіла ў БНФ: вандроўкі, беларускія святы, актыўнасці… Усё гэта закруціла мяне і, як бачыце, не адпускае да гэтага часу.

«НН»: Вы не вывучалі беларускую мову, а як у выніку яе асвоілі?

ВД: Пачала самастойна чытаць кніжкі: Караткевіча ад коркі да коркі! Спачатку было складана, я спатыкалася аб некаторыя словы, перачытвала іх некалькі разоў, пакуль не разумела сэнс. Але ў выніку вывучыла! І хай мне толькі нехта зараз скажа, што гэта складана!

Пасля я нават папрасілася здаваць мову на іспытах. Настаўнікі паглядзелі на гэта са здзіўленнем, яны не верылі, што ў мяне ўдасца, але дазволілі здаваць іспыт. У выніку я атрымала моцную чацвёрку, дапусціўшы толькі адну памылку з «ў». А калі прыйшоў час атрымліваць пашпарт, я настаяла запісаць сябе беларускай, хаця карані маю ўкраіна-малдаўскія.

«НН»: БНФ у гэтым годзе будзе абіраць новага старшыню, ці ўбачым мы сярод кандыдатур на пост вашу?

ВД: Усё вырашыцца на з’ездзе восенню! У нас дэмакратычная арганізацыя, і выбары будуць адпаведныя. Але я не выключаю, што буду адным з кандыдатаў.

«НН»: А чым зараз жыве БНФ?

ВД: На месцы я з’яўляюся рэгіянальным кіраўніком партыі, і ў нас стаяць агульныя задачы: давесці да насельніцтва, што расейска-беларускія вучэнні «Захад-2017» небяспечныя для нашай краіны, невядома чым гэта можа скончыцца. Зараз сябры БНФ падаюць заяўкі ў выканкамы, каб праводзіць мітынгі, сходы, каб мець магчымасць весці з людзьмі дыялог.

«НН»: Як з выхавальніцы ў дашкольнай установе вы пераарыентаваліся на сферу культуры?

ВД: У Полацкае педагагічнае вучылішча я паступала, бо шчыра хацела займацца дзецьмі. А неяк пазней сяброўка прапанавала мне паспрабаваць сябе ў музеі. Я доўга вагалася (ёсць у мяне такая рыса характару — мне складана хутка прыняць рашэнне, я шмат часу ўзважваю ўсе «за» і «супраць»), аднак усё ж вырашыла пайсці ў сферу культуры. Абараніла дыплом гісторыка, далей вучылася на музейнай справе. Я вельмі люблю вучыцца! Вось і цяпер дадаткова запісалася ў школу менеджараў.

«НН»: Але з апошняга месца працы ў Музеі традыцыйнага ткацтва Паазер’я год таму вас звольнілі, як толькі вы выказалі намер балатавацца ў парламент. Не шкадавалі пасля, што ўсё так атрымалася?

ВД: Вядома, я вельмі любіла сваю працу, але часу сумаваць па музеі няма. Ужо некалькі месяцаў я працую ў індустрыі прыгажосці: адміністратарам у салоне. Для мяне гэта магчымасць пазнаёміцца з новымі людзьмі, прычым самых розных прафесій.

У музеі асяроддзе было больш замкнёным, тут жа я выйшла за яго межы, бачу і чую куды больш жыццёвых гісторый.

Дарэчы, у салоне стараюся ўжываць беларускія словы, і кліенты на гэта рэагуюць вельмі станоўча, нягледзячы на тое, што ў Наваполацку моцныя і прарасійскія настроі.

Культуру мы таксама не закінулі. Год таму я зарэгістравала новую гарадскую ўстанову — інфармацыйна-культурны цэнтр «ІніцыАрт». Ідэя была ў тым, каб стварыць у нас месца, куды б людзі маглі прыходзіць са сваімі прапановамі, знаходзіць сабе паплечнікаў і рэалізоўваць праекты. За год нашага існавання некалькі чалавек звярнуліся па кансультацыю, каб стварыць адукацыйныя курсы, напрыклад. Да нашай дзейнасці далучылася таксама Таварыства беларускай мовы Полацка і іншыя актывісты.

Раз на тыдзень у кавярні «Раздол» праходзяць не тое каб курсы «Жывая Мова», хутчэй — сустрэчы пад агульнай назвай «Жывая Мова». Да нас прыходзяць розныя людзі, не ўсе беларускамоўныя, але яны любяць мову, нашу гісторыю і нейкім чынам пераступаюць парог боязі сказаць на мове першае слова.

Калі казаць шчыра, наш народ досыць непісьменны і ў эканамічным, і ў палітычным плане. Хацелася б праз сустрэчы нейкім чынам гэта выправіць, а таксама данесці, што кожны з нас мае права размаўляць па-беларуску, адстойваць свае правы, дабівацца нечага, незалежна ад таго, што скажуць зверху.

«НН»: Рэгістрацыя новай арганізацыі адбылася без праблем?

ВД: Не без іх. Нейкі час мы не маглі знайсці сабе юрыдычны адрас. Звярнуліся да адных людзей у Полацку — дамовіліся. На наступны дзень мне ператэлефаноўваюць і кажуць, што не будуць супрацоўнічаць. У другі раз мы ўжо нават паперку патрэбную падпісалі, але я нават не паспела даехаць дахаты, як мне паведамілі, што перадумалі. Не — дык не. Гэта, відаць, зноў было рэакцыяй на мой удзел у выбарах. Урэшце, мы знайшлі юрыдычны адрас у Наваполацку. А ў Полацку мне пашанцавала мець добрыя адносіны з гаспадаром кавярні «Раздол», які сказаў, што нічога не баіцца і гасцінна дазволіў збірацца ў яго раз на тыдзень.

«НН»: Сам удзел у парламенцкіх выбарах вам нешта даў?

ВД: Гэта была рызыка, з аднаго боку я разумела, чым гэта можа скончыцца. Але мяне ва ўсім падтрымлівалі сябры і сваякі. Галоўнае, што ўдалося — гэта пераступіць мяжу страху, якая ёсць ва ўсіх беларусаў: боязі таго, што будзе далей, боязі згубіць працу ці яшчэ нешта. Я зразумела, што гэта не так катастрафічна: што б ні здарылася, жыццё рухаецца далей.

Пра тое, ці буду я ўдзельнічаць у наступных выбарах, не думала, але гэта не выключана.

«НН»: Галоўны лозунг вашай кампаніі гучаў тады як «Полацк — горад для жыцця». Дык чаго ж нестае Полаччыне для паўнавартаснага існавання?

ВД: Полацк з Наваполацкам вельмі розныя. У апошнім больш моладзі. Дзякуючы прыбытковым заводам, тут лепшая эканамічная сітуацыя. У Полацку ж шмат прадпрыемстваў закрылася.

Калі ішла выбарчая кампанія, большасць пытанняў мясцовыя жыхары задавалі менавіта па працаўладкаванні. Разам з гэтым з гістарычнага і культурнага цэнтра горад ператвараецца ў нейкі аграгарадок. Полацк — ужо не той, якім быў раней, усё менш ён паходзіць на старажытную сталіцу, бо замала ўвагі яму надаецца як на мясцовым, так і на дзяржаўным узроўні. А Полацк — гэта ж і Сафійскі сабор, і езуіцкі калегіум, і шмат чаго іншага. А пра сваю багатую спадчыну, на жаль, не заўсёды ведаюць нават мясцовыя жыхары.

«НН»: Вечная студэнтка, актывістка і арганізатарка — неяк так малюецца ваш партрэт. А за межамі грамадскай дзейнасці, што яшчэ вам блізка?

ВД: Я вельмі люблю шыць, раней па выкрайках з «Бурды» апранала і сябе, і сына, і сяброў. Здараецца, закруцішся, а потым сядзеш і зробіш нейкую анучку, нешта самае простае — адразу расслабляешся.

Дома ў нас, дарэчы, няма падзелу на мужчынскія і жаночыя абавязкі. Мы стараемся рабіць усё разам, я так і сына прывучыла паводзіць сябе у адносінах з сяброўкамі ды дзяўчатамі.

Таксама я неабыякавая да добрага футбола: захапляцца гэтым спортам пачала яшчэ ў школе. Цяпер заўзеем з мужам за «Ювентус»: любоў да гэтага клуба пачалася, калі там яшчэ наш Сяргей Алейнікаў гуляў.

Вось маці з татам на пенсіі на агародзе адрываюцца: яшчэ снег на вуліцы ляжаў, а мы, дзякуючы ім, гуркі елі. Нешта з агароду маці прадае на мясцовым рынку, дадатковая капейка ідзе ў сямейны бюджэт. Яна ў мяне ўвогуле — маленькі бізнэсмен, вельмі прагрэсіўная жанчына. Разбіраецца ў палітыцы, чытае «Нашу Ніву», «Свабоду».

Здавалася б, у такіх гадах можна супакоіцца, але бацькі ніколі не сядзяць на месцы: будоўлю распачалі, каб больш пакінуць нашчадкам.

Гэта для мяне прыклад, калі кожны чалавек не будзе жыць адным днём, стане клапаціцца пра тых, хто прыйдзе пасля яго, каб будучыя пакаленні атрымалі ў свае рукі не разруху, а нармальную, уладкаваную краіну, тады ў нас усё будзе добра.
Паводле газэты “Наша ніва

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.