Партыя БНФ » Масавыя мерапрыемствы апазыцыі ў Віцебску па-ранейшаму пад забаронай
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Масавыя мерапрыемствы апазыцыі ў Віцебску па-ранейшаму пад забаронай

Дададзена 20.07.2017 12:01:57 | 727 праглядаў

Пікет Партыі БНФ супраць правядзеньня вучэньняў «Захад-2017» мусіў прайсьці 15 ліпеня а 12-й гадзіне ў Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў Віцебску – у месцы, адмыслова адведзеным рашэньнем гарвыканкаму пад масавыя мерапрыемствы.

Пра гэта піша “Віцебская Вясна”.

Смолікаў 2017Старшыня абласной арганізацыі Партыі БНФ Кастусь Смолікаў, які падаваў заяву як прыватная асоба, спасылаючыся на сваё канстытуцыйнае права, прасіў кіраўніка адміністрацыі Чыгуначнага раёну Віцебску дазволіць правядзеньне масавага мерапрыемства. Мяркуючы, што праз супольныя вайсковыя вучэньні Беларусі і Расеі існуе рэальная пагроза дзяржаўнаму сувэрэнітэту краіны, Кастусь меўся на пікеце выказаць сваю нязгоду з транспартаваньнем у Беларусь значнай колькасьці вайсковых частак Расейскай Фэдэрацыі.

Як арганізатар, у сваёй заяве спадар Смолікаў дэкляраваў у часе пікетаваньня забесьпячэньне грамадзкага парадку, мэдычнага абслугоўваньня і ўпарадкаваньне тэрыторыі па заканчэньні мерапрыемства.

Выказаныя запэўніваньні, як і трэба было чакаць, не падаліся пераканаўчымі для кіраўніцтва раённай адміністрацыі. Сваю адмову заяўніку намесьніца кіраўніка раённай адміністрацыі Алена Шарай абгрунтавала адсутнасьцю ў яго неабходных у такіх выпадках дамоваў з мэдыкамі, міліцыянтамі і камунальнікамі, якія прадугледжвае рашэньне гарвыканкаму ад 10 ліпеня 2009 году № 881 «Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску».

Адмова Кастусю Смолікаву ў правядзеньні пікету сталася першай пасьля таго, як сёлетнім рашэньнем Віцебскага гарвыканкаму ад 12 чэрвеня былі ўнесеныя фармальныя зьмены ў згаданае вышэй рашэньне № 881. Зразумела, што дзьве ўнесеныя ўладамі папраўкі – абсалютна не істотныя і маюць тэхнічны характар. Замена абавязку заключаць дамову на мэдычнае абслугоўваньне з упраўленьнем аховы здароўя Віцебскага аблвыканкаму замест цэнтральнай паліклінікі ніяк не гарантуе заяўніку большай даступнасьці ў рэалізацыі свайго канстытуцыйнага права на публічны пратэст.

Віцебск - адмова

Верасень 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Жні    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
30  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.