Партыя БНФ » БНФ адзначыць знакам імя Івашкевіча арганізатараў сёлетніх масавых акцыяў
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


БНФ адзначыць знакам імя Івашкевіча арганізатараў сёлетніх масавых акцыяў

Дададзена 21.07.2017 10:42:56 | 493 праглядаў

27 ліпеня Партыя БНФ абвесьціць сёлетняга лаўрэата памятнага знаку імя Віктара Івашкевіча, якім традыцыйна адзначаюць арганізатараў найбольш значных і гучных вулічных акцыяў.

znakiГэты знак быў заснаваны Беларускім Народным Фронтам у памяць пра выбітнага палітыка-фронтаўца, арганізатара шматлікіх дэманстрацыяў ды шэсьцяў, які пайшоў з жыцьця ў 2013 годзе. Сёлета ўзнагарода будзе ўручаная ў чацьверты раз. Традыцыйна ўручэньне будзе прымеркаванае да 27 ліпеня – гадавіны абвяшчэньня Дэклярацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі.

Як паведаміў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, крытэрамі для адзначэньня памятным знакам з’яўляецца актуальнасьць тэмаў акцый і адпаведнасьць нацыянальна-дэмакратычным прынцыпам і праграме Партыі БНФ, крэатыўнасьць і творчы падыход пры плянаваньні і правядзеньні акцыі, грамадзкі розгалас і масавасьць акцыі, яе ўплыў на грамадзтва. Вызначэньне лаўрэата памятнага знаку адбываецца шляхам галасаваньня сябраў Сойму Беларускага Народнага Фронту.

“Час ад мінулагодняга 27 ліпеня быў насычаны вулічнай палітычнай актыўнасьцю. Безумоўна, вартыя асобнай адзнакі буйныя акцыі пратэсту супраць дэкрэту №3 і ганебнай сацыяльна-эканамічнай палітыкі ўладаў Беларусі. Таму ў сьпіс намінантаў на знак Івашкевіча ўключаны асобы, якія ачолілі гэтыя пратэсты ў сваіх гарадах – гэта Вадзім Саранчукоў з Гародні і Ігар Казьмерчак з Воршы. Для абодвух гэтых гарадоў акцыі, што адбыліся напачатку гэтага года, мелі беспрэцэдэнты маштаб. У шорт-ліст намінантаў, складзены на падставе прапановаў фронтаўцаў, улючана і перадвыбарчая акцыя,  а менавіта – “музычны пікет” палітыка Алеся Лагвінца ў Сухараве, які сабраў шмат людзей і стаў сапраўднай падзеяй. Вартая ўвагі, таксама, акцыя па зборы подпісаў у падтрымку наданьня бел-чырвона-беламу сьцягу статусу нацыянальнай каштоўнасьці. Напрыканцы мінулага году на карысьць гэтай прапановы актывістамі на чале са Зьмітром Дашкевічам было сабрана больш за дзесяць тысяч подпісаў. Мы таксама аддаем павагу мужным учынкам канкрэтных асобаў, якія здольныя ўзьняць сьцяг на плошчы, якія сваім індывідуальным прыкладам дэманструюць нязломнасьць і натхняюць іншых, прычым гэта як моладзь, так і асобы сталага веку: у сьпіс намінантаў уключаныя “чалавек-сьцяг” Ніна Багінская, вэтэран-фронтавец Ян Грыб (фатаздымак брутальнага затрыманьня чалавека стала веку з кійком 25 сакавіка абляцеў усе сусьветныя медыі) і удзельнік абароны Курапатаў Сяргей Пальчэўскі” – так прадставіў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч сьпіс намінантаў, які прапанаваны на галасаваньне сябрам Сойму БНФ для вызначэньня сёлетняга лаўрэята памятнага знака імя Віктара Івашкевіча.

У мінулыя гады памятны знак імя Віктара івашкевіча ўручаўся лідэру грамадзкай арганізацыі “Альтэрнатыва” Алегу Корбану, кінарэжысэрцы і грамадзкай актывістцы Вользе Мікалайчык, лідэру “Маладога Фронта” Зьмітру Дашкевічу.

Жнівень 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліп    
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031  
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.