Партыя БНФ » Моладзь БНФ плянуе адзначыць 25 жніўня сьвяточным шэсьцем
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Моладзь БНФ плянуе адзначыць 25 жніўня сьвяточным шэсьцем

Дададзена 05.08.2017 12:01:55 | 145 праглядаў

Моладзь БНФ падала ў Менгарвыканкам заяўку на правядзенне святочнага шэсця з мітынгам да гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларусі.

FCA093EE-7289-49C3-8856-CC7657E53A94_w1023_r1_sДэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі прынялі яшчэ 27 ліпеня 1990 года, аднак толькі 25 жніўня 1991 года Вярхоўны Савет надаў ёй статус канстытуцыйнага акта, у выніку чаго Беларусь афіцыйна зрабілася незалежнай дзяржавай. Гэта дазволіла беларусам не толькі фармальна, але і юрыдычна ўпарадкаваць сваё далейшае жыццё, абапіраючыся на сваё ўласнае беларускае бачанне. І менавіта таму гэты дзень – сапраўды важная дата ў гісторыі нашай краіны, вартая ўшанавання.

“Менавіта пасля 25 жніўня 1991 года міжнародная супольнасць нарэшце прызнала Беларусь раўнапраўнай незалежнай дзяржавай. Вядома, што такая дата сапраўды важная для любога народа. Але пры нашым рэжыме яна не толькі не адзначаецца як афіцыйнае дзяржаўнае свята, але, наадварот, ушанаванне яе фактычна забаронена. Спробы адсвяткаваць гэты дзень могуць выклікаць арышты і рэпрэсіі з боку улад”, – кажа адзін з заявіцеляў, сябра Моладзі БНФ Ягор Сергіенка.

Аднак для Моладзі БНФ 25 жніўня – свята ўдвая. У гэты дзень у 2015 годзе арганізацыя аднавіла сваю дзейнасць пасля трохгадовага перапынку. Таму гэтую дату можна таксама лічыць Днем народзінаў Моладзі БНФ, якой у гэтым годзе спаўняецца 12 год.

Каб адзначыць гэтае падвойнае свята, актывісты падалі заяўку на правядзенне святочнага шэсця з мітынгам на 25 жніўня. У сувязі з забаронай распаўсюджваць інфармацыю пра месца і час правядзення акцыі, і каб не даваць падставаў для адмовы, інфармацыя пра час і месца правядзення будзе распаўсюджаная пасля атрымання дазволу, які мусіць быць дадзены не пазней за 20 жніўня.

“Безумоўна, мы спадзяемся атрымаць дазвол на правядзенне мерапрыемства. Аднак мы разумеем сітуацыю ў краіне, і паколькі мы не можам гарантаваць аплату магчымых штрафаў, то ў выпадку адмовы не будзем падстаўляць людзей. Мы адказныя палітыкі, а не палітычныя авантурысты, якія клічуць на вуліцу і не абдумваюць магчымыя наступствы. Так, 25 жніўня – сапраўды важная дата ў гісторыі нашай краіны, але на сённяшні дзень яшчэ не наступіў той вызначальны момант, каб дзеля яе святкавання ахвяраваць свабодай людзей ці ствараць ім пэўныя праблемы”, – каментуе заявіцель, кіраўнік Менскай арганізацыі Моладзі БНФ Багдан Сакалоў.

“Гэты дзень – важная дата як у гісторыі Беларусі, так і ў гісторыі Моладзі БНФ. За два апошнія гады існавання арганізацыі мы здолелі шмат чаго зрабіць, рэалізавалі некалькі паспяховых праектаў. І праца працягваецца. Наогул, скааперыраваць неабыякавую моладзь з усёй краіны – гэта ўжо вялікае дасягненне, а зрабіць так, каб усе разам зладжана працавалі за агульную ідэю – гэта поспех. Мы не можам ігнараваць гэтую дату і прыкладзем усе нашыя моцы дзеля таго, каб атрымалася ўсё, што мы запланавалі. Але для гэтага нам вельмі патрэбна падтрымка беларускага народа” – кажа заявіцель, намеснік кіраўніка Моладзі БНФ Дзяніс Мандзік.

Дадзенае мерапрыемства будзе лакмусавай паперкай для сённяшніх улад, і дазволіць высветліць іх сапраўднае стаўленне да незалежнасці нашай краіны і волі беларускага народа. Бо першарадная мэта, якую ставяць перад сабой актывісты – адзначыць святочны дзень, а не памітынгаваць.

Жнівень 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліп    
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031  
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.