Партыя БНФ » Ніна Багінская распавядае пра сваё жыцьцё і змаганьне з уладамі
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Ніна Багінская распавядае пра сваё жыцьцё і змаганьне з уладамі

Дададзена 03.08.2017 12:06:14 | 204 праглядаў

Грамадская актывістка Ніна Багінская, якая днямі была ўганараваная знакам імя Віктара Івашкевіча, распавяла сайту palitviazni.info пра сваё жыццё і змаганне з уладай.

e8d1c1fc8ac52f0e23609e210871deff“На працы таксама ведалі, што я “палітычна ненадзейная”, у мяне, маўляў, прысутнічаюць “антыкамуністычныя погляды”, – распавядае Ніна Рыгораўна. – У рэшце рэшт прынялі, але і там не далі восем гадоў дапрацаваць да пенсіі. Я ў свой час удзельнічала ва ўстаноўчым сходзе БНФ, начальства такой маёй актыўнасцю было незадаволена…”

Нагадаем, што ўзнагароду Ніне Багінскай урычыў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, гэта чацьвёртае, пачынаючы з 2014 году, ўручэнне знаку імя Віктара Івашкевіча.

70-гадовая Ніна Багінская выходзіць амаль на ўсе дэманстрацыі апазіцыі. Шмат разоў яна затрымлівалася і была агулам аштрафавана больш чым на 18 тысячаў рублёў. паведамляе racyja.com. Аднак прынцыпова адмаўляецца аплочваць гэтыя спагнанні, лічачы, што грошы пойдуць на ўмацаванне існуючага ў Беларусі рэпрэсіўнага і антынацыянальнага рэжыму.

– Я нарадзілася ў 1946 годзе ў Мінску, – распавядае Ніна Рыгораўна. – У школе вучылася сярэдне, а любімымі прадметамі былі чарчэнне, фізкультура, літаратура, астраномія і геграфія. У 8-м класе пачала займацца веласпортам, уваходзіла нават у зборную школьнікаў Беларусі, чым вельмі ганарылася.

Мяне, дарэчы, некаторыя адгаворвалі ад заняткаў спортам. Казалі так: “Куды ты, малая і хударлявая, лезеш на гэты веласіпед? Лепш ужо гімнастыкай займайся”. А яшчэ я марыла стаць геолагам. І ў той час, калі мае аднагодкі захапляліся Мапасанам, я чытала творы Пржэвальскага ды “Займальную мінералогію” Ферсмана. Камяні, прырода – мне гэта было цікава. Збірала гербарый, калецыю матылёў… Любоў да прыроды была з дзяцінства.

– У школе вы былі такой жа прынцыповай, як сёння?

– Прынцыповасць, напэўна, у мяне ў крыві. Аднойчы не пайшла на камсамольскі сход, бо трэба было адпраўляцца на трэніроўку. Настаўнікам такая мая “палітычная няспеласць” прыйшлася не даспадобы.

А ў 1965 годзе швагер прынёс мне “Архіпелаг ГУЛАГ” Салжаніцына, маці і бабуля таксама распавядалі шмат таго, што адбывалася ў жыцці краіны на самай справе. Да слова, тады за творы Салжаніцына можна было і “адгрэсці” па поўнай праграме, таму я нікому пра забароненую літаратуру асабліва не распаўсюджвалася.

– Спартыўны вір зацягваў?

– Заняткі спортам мне вельмі падабаліся, але ў 1967-м я патрапіла ў аварыю. Пасля спартыўных збораў у Сухумі вярнулася ў Мінск, неяк ехала на веласіпедзе з дому на трэніроўку. На скрыжаванні паехала на зялёнае святло, і тут мяне збіла машына. Удар быў жахлівы! Кровазліццё ў мазгі, гематома, пералом чэрапа… Добра яшчэ, што нейкі студэнт, які праходзіў побач, аказаў мне першую медыцынскую дапамогу, зрабіў штучнае дыханне, выклікаў “хуткую”. Не прыходзіла ў прытомнасць тры дні. Адвезлі ў бальніцу, але нават не ведалі, хто я, бо дакументаў ніякіх са мной не было.

І так склаўся лёс, што менавіта ў гэтай бальніцы працавала мая аднакласніца, якая мяне пазнала і паведаміла пра здарэнне родным. Пасля была аперацыя, з часам пакрысе я адышла ад траўмы. Затым ўладкавалася чарцёжніцай на работу ў “Аргтэхбуд” (Арганізацыю тэхнічнага будавання), працягвала займацца спортам. Любоў да геалогіі прывяла ў Інстытут геалагічных навук, дзе таксама патрабаваліся чарцёжніцы. Затым паступіла ў Івана-Франкоўскі інстытут нафты і газу, працавала ў Навуковым геолага-даследчым інстытуце.

– Цікавая біяграфія…

– А яшчэ больш цікава, што туды з-за маёй пазіцыі ўзялі не адразу. Ужо ведалі, што я “палітычна ненадзейная”, у мяне, маўляў, прысутнічаюць “антыкамуністычныя погляды”.  У рэшце рэшт прынялі, але і там не далі восем гадоў дапрацаваць да пенсіі.

Я ў свой час удзельнічала ва ўстаноўчым сходзе БНФ, стварыла суполку на працы, прыносіла туды рознага кшталту ўлёткі. Начальства такой маёй актыўнасцю было незадаволена, давялося звольніцца. Але і пасля гэтага я не пакідала грамадска-палітычнай дзейнасці.

– Апошнім часам за ўдзел у вулічных акцыях вам налічылі вялікія штрафы, каб спагнаць іх, судовыя выканаўцы абвясцілі нават аўкцыён па продажы вашага лецішча. Ні аб чым не шкадуеце?

– А пра што шкадаваць? Дарэчы, зямлю пад лецішча я атрымала ад НДІ яшчэ ў 1988 годзе. Грошай асабліва не было, таму купілі гатовы шчытавы летні домік. Такога кшталту пабудоў у Дамашанах больш, напэўна, і няма. Багатыя ўзводзяць катэджы, а бедныя ўвогуле з вагончыкаў “фазэнды” робяць.

Мой садовы дамок знаходзіцца прыкладна ў 30 кіламетрах ад Мінска, недалёка ад кургана Славы. Месца, па вялікім рахунку, не самае дрэннае, але само лецішча вельмі сціплае. Няма газу, прыбіральні. Рамонт, які рабілі раней, па некаторых абставінах так і не закончыўся. А зараз і рабіць яго няма каму. Зрэшты, і на аукцыёнах, якія праводзіліся, не знайшлося жадаючых купіць маю маёмасць.

Шчыра кажучы, мне прапаноўвалі грошы, каб заплаціць штрафы, але я прынцыпова ад іх адмовілася. Што я зрабіла супрацьзаконнага? Выйшла на вуліцу з бел-чырвона-белым сцягам? Знайшлі з кім змагацца!..

palitviazni.info

Верасень 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Жні    
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930  
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.