Партыя БНФ » Ці такі страшны «Захад–2017», як яго малююць?
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Ці такі страшны «Захад–2017», як яго малююць?

Дададзена 19.08.2017 10:45:05 | 250 праглядаў

“Фактычна, мы дажылі да таго часу, калі любыя вайсковыя манеўры з удзелам Расіі з’яўляюцца патэнцыйна небяспечнымі. Бо дзеянні Масквы часцяком абсалютна не прадказальныя і нават ірацыянальны. Зараз кожны бачыць: вайна зусім побач, можа палыхнуць і ў нас” – піша Алесь Кіркевіч у газэце “Новы час”.

У верасні на тэрыторыі нашай краіны павінны прайсці беларуска-расійскія вайсковыя вучэнні «Захад–2017». Іх ужо назвалі самымі маштабнымі за год і для беларускага, і для расійскага войска.

Агулам у Беларусі на вучэннях плануецца задзейнічаць каля 10 тысяч нашых вайскоўцаў і 3 тысячы расійскіх, не лічачы расійскіх дэсантнікаў, якія адначасна будуць адпрацоўваць наступальныя сцэнары на тэрыторыі Заходняй вайсковай акругі РФ.

Як толькі інфармацыя пра вучэнні трапіла ў адкрыты доступ, з’явілася багата занепакоеных. Гэта і краіны Балтыі, і Польшча, і Украіна. Для апошняй наўпроставая пагроза з поўначы — «страшны сон» ад самага пачатку расійскага ўварвання на Данбасе.

А што беларусы? Толькі за апошнія месяцы было агучана безліч змрочных сцэнараў. Пачынаючы ад таго, што расійскія войскі могуць зайсці і застацца ў выглядзе вайсковай базы, і заканчваючы непасрэднай зменай існуючага палітычнага ладу і анексіяй Беларусі накшталт анексіі Крыму Пуціным у 2014-м.

Падобна на тое, што напружваюць вучэнні не толькі нацыяналістаў, якія традыцыйна нервова рэагуюць на трыкалоры і «чоканне» людзей у вайсковай форме, але і кіраўніка дзяржавы. Разам з тым, Лукашэнка публічна захоўвае поўны спакой. Ці шчыра? Мы гэтага не ведаем.

Цікава іншае. Фактычна, мы дажылі да таго часу, калі любыя вайсковыя манеўры з удзелам Расіі з’яўляюцца патэнцыйна небяспечнымі. Бо дзеянні Масквы часцяком абсалютна не прадказальныя і нават ірацыянальныя, пра што сведчаць авантуры з Крымам, Данбасам і Сірыяй. Калі раней гэта былі аддаленыя кропкі, кшталту Чачні альбо Грузіі, то зараз кожны бачыць: вайна зусім побач, можа палыхнуць і ў нас…

Страшны не той факт, што мы маем падобнага неўтаймаванага суседа на сваёй лесвічнай пляцоўцы, не. Страшна, што сусед увесь час спрабуе давесці, што мы з ім — сваякі, што ён мае спадчыннае права і на нашу кватэру, што дакладна ведае, дзе ляжыць ключ ад нашых дзвярэй (вядома ж, пад дыванком, ад каго тут што хаваць?).

У выпадку той жа Грузіі ды Украіны, жыхары кватэр ведалі, дзе чыё жытло, і развітвацца з ім не мелі аніякага жадання. А ў Беларусі? Татальная русіфікацыя, культ СССР на экранах тэлебачання, у школьных падручніках ды ў выглядзе помнікаў у кожным райцэнтры, засілле расійскіх СМІ, савецкія традыцыі ў войску…

Выглядае на тое, што кіраўнік дзяржавы толькі зараз пачынае асэнсоўваць усю небяспеку сітуацыі, таму і загаварыў пра пачаткі беларускай дзяржаўнасці ад Полацкага княства, а не з Кіеўскай Русі ці з 1917 года. Пры гэтым ключ ад кватэры па-ранейшаму ляжыць пад дыванком: ёсць палітычныя і вайсковыя дамовы, якія моцна прывязваюць Беларусь да Расіі.

Нам падаецца, што ў расійскіх СМІ ўжо зараз вядзецца інфармацыйная вайна супраць Беларусі. З аднаго боку, гэта слушна: то тут, то там ідзецца аб «нацыяналізме, які падымае галаву» альбо міфічнай «ліцвіна-бандэраўшчыне». З іншага боку, у параўнанні з істэрыяй, якая разгарнулася вакол Майдану ў Кіеве ў 2013–2014 гадах напярэдадні ўварвання на Данбасе, — гэта кропля ў моры. Расіян пакуль яшчэ не падрыхтавалі да «масакры» ў Беларусі.

Палітычна далучэнне Беларусі магло б стаць, канешне, «вішанькай на торце» для расійскага электарату напярэдадні чарговых прэзідэнцкіх выбараў ва ўсходніх суседзяў. А калі не атрымаецца альбо атрымаецца так, што лепш бы не атрымлівалася?.. Рызыкі занадта вялікія.

Зараз, здаецца, усе бачаць, што і Захад, у выпадку чаго, не будзе марудзіць з працягам санкцыяў, і самі «русскоговорящие» на прасторах СНД далёка не заўсёды ў захапленні ад перспектывы стаць часткай Расіі: з Харкавым і Адэсай крамлёўскія стратэгі так ужо пракалоліся. Адна справа — спяваць нападпітку «Подмосковные вечера», іншая — свядома адмовіцца ад звыклага ладу жыцця ды пагадзіцца на паўсюдную карупцыю, міліцэйскае бязмежжа, куды большае за сённяшняе, перадзел зямлі і маёмасці, вайсковыя авантуры ва ўсім свеце з удзелам нашых суайчыннікаў і гэтак далей.

Можна нават заглыбіцца ў канспіралогію і прыйсці да думкі, што паколькі ва ўладаў рукі звязаныя дамовамі, карт-бланш на больш шырокую працу ў нацыянальным полі даецца грамадскім арганізацыям ды актывістам. Маўляў, мы, наверсе, з Расіяй будзем сябраваць, а вы тут гуляйцеся, працуйце.

І тут ужо паўстае пытанне да кожнага з нас: што мы можам зрабіць для захавання і абароны незалежнасці? Ці здольныя мы на нешта акрамя акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы з дзясяткам удзельнікаў, гнеўных пастоў у сацыяльных сетках ды падпісання бясконцых петыцыяў? Што важнейшае: дэмакратычныя каштоўнасці альбо незалежнасць у любым выглядзе?

Падаецца, што вучэнні пройдуць, а пытанні — застануцца. Ад адказу на іх будзе залежыць, у тым ліку, ці будзе меншасць, якая думае нацыянальнымі катэгорыямі, гульцом у беларускай палітыцы альбо застанецца і надалей шумным гета, якое выбудоўвае вакол сябе сцяну: ці тое, каб чужыя не ўварваліся, ці тое, каб свае не разбегліся.

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.