Партыя БНФ » Інтэрвію Рыгора Кастусёва сайту Беларускі партызан: Хто ўзначаліць БНФ?
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Інтэрвію Рыгора Кастусёва сайту Беларускі партызан: Хто ўзначаліць БНФ?

Дададзена 26.08.2017 9:34:44 | 225 праглядаў

На пасаду старшыні партыі БНФ прэтэндуюць каля дзясятка чалавек. З іх – дзве жанчыны. Цяперашняга намесніка старшыні Партыі Рыгора Кастусёва яшчэ нядаўна называлі адным з асноўных прэтэндэнтаў на пасаду кіраўніка партыі. Аднак сам Кастусёў распавёў сайту «Беларускі партызан», што не гарыць вялікім жаданнем ісці на выбары.

Рыгор Кастусёў 07- Рыгор Андрэевіч, так усё-ткі, збіраецеся вы балатавацца ці не?

- Пакуль такога рашэння няма.

- А хто павінен прыняць гэта рашэнне? Партыя ці вы асабіста?

-  Расклад такі. Некаторыя мае калегі па партыі лічаць, што я павінен вылучацца. А сам я думаю, што трэба даць магчымасць выйсці на першы план больш маладым людзям. А я гатовы ім дапамагаць усім, чым магу.

Але ў жыцці ўсякае бывае … І калі ўзнікне такая крайняя неабходнасць – я як салдат партыі гатовы падняць сцяг Партыі БНФ і несці яго далей.

- Але вялізнага жадання ўзваліць на сябе гэты груз ў вас няма?

- Шчыра кажучы, так. Я прыхільнік таго, каб даць дарогу маладым лідэрам. І менавіта таму ў 2009 годзе я падтрымаў на выбарах Аляксея Янукевіча.

- А на гэтыя выбарах каго думаеце падтрымаць? Шмат годных прэтэндэнтаў?

- Лаўка запасных ў нас вялікая. І кіраўніцтва партыі трымае руку на пульсе, і ветэраны (тыя, хто ў партыі з самага пачатку) гатовыя падтрымаць тых, хто мае жаданне кіраваць партыяй.

Ёсць розныя меркаванні з нагоды таго, хто павінен узначаліць партыю. Мяне асабіста радуе, што ў Партыі БНФ адбываецца і змена пакаленняў, і змена кіраўніцтва. У нас няма зацыкленасці на нейкім адным нязменнай лідары, які кіраваў бы партыяй дзясятак-другі гадоў. І гэта, я лічу, наш вялікі плюс.

- Але і крытыкуюць вас неміласэрна …

- Мяне ці партыю?

- Усе папрокі ў ваш адрас аўтаматам трапляюць у партыю – вы ж сёння адзін з намеснікаў у Янукевіча …

- Я з разуменнем стаўлюся да любой крытыкі. Не крыўджуся на яе, наадварот, прыслухоўваюся. Крытыка павінна быць. І па-дурному на яе крыўдзіцца. Але пры гэтым мне прыемна, што некаторыя мае заявы і прагнозы, зробленыя, напрыклад, у 2010 годзе, аб тым, што Беларусь можа страціць незалежнасць, сёння як ніколі актуальныя. І сёння мае словы паўтараюць многія нашы вядомыя палітыкі. Хоць у 2010 годзе, здавалася, мяне не чулі. І гэтую пагрозу не ўсе бачылі. А цяпер, асабліва ў сувязі з вучэннямі, усе палітыкі – і правыя, і левыя, і ліберы – кажуць пра гэта.

Хто б як ня ставіўся да Партыі БНФ, мы ставім важныя для нашага грамадства пытанні. І правядзенне канферэнцыі-асамблеі, якую анансавала Партыя КХП-БНФ, кажуць пра тое, што праблемы бяспекі нашай краіны сёння як ніколі актуальныя.

- А вы пойдзеце на гэтую канферэнцыю?

- Пакуль не ведаю. Для пачатку хачу высветліць, ці будзе там магчымасць выступіць, ці будуць імянныя запрашэння, хачу растлумачыць некаторыя іншыя нюансы. У якасці масоўкі удзельнічаць не хацелася б. А калі там сапраўды будзе дыскусія, падчас якой усе будуць чуць адзін аднаго – з задавальненнем вазьму ўдзел!

- Дарэчы, як у Партыі БНФ сёння складаюцца адносіны з КХП-БНФ?

- У параўнанні з тым, што было раней, можна сказаць, неба і зямля! Да 2009 года нават на Дзяды нашы партыі хадзілі асобнымі калонамі, стараючыся не перасякацца. А з 2009 года адносіны сталі паляпшацца.

- Можа, і да аб’яднання справа дойдзе?

- Я на гэты конт выказваўся ўжо не раз. Лічу, што нашы партыі павінны аб’яднацца.

- І што перашкаджае зрабіць гэта ў самым бліжэйшым часе?

- Мне здаецца, для правядзення любых арганізацыйных мерапрыемстваў па гэтым пытанні наша партыя даўно гатовая. Як гаворыцца, мяч на баку КХП-БНФ.

- Вяртаючыся да маючых адбыцца выбараў старшыні Партыі БНФ: пакуль публіцы вядомыя дзве персоны, якія заявілі пра свае амбіцыі – Вольга Дамаскіна і Ілля Дабратвор. Ці ёсць іншыя кандыдаты?

- Ёсць. На адным з нядаўніх соймаў нашай партыі мы склалі спіс магчымых прэтэндэнтаў. Туды ўваходзяць усе намеснікі цяперашняга старшыні партыі – у тым ліку і я, гэта чатыры чалавекі: Вольга Лагвіновіч, Ігар Лялькоў, Аляксандр Стральцоў. У гэтым жа спісе прозвішчы кіраўнікоў некаторых нашых абласных арганізацый. Пакуль у спісе крыху менш за дзесятак чалавек. І ён яшчэ не закрыты! Магчыма, будуць і іншыя кандыдаты. Любы сябра партыі можа вылучыць сваю кандыдатуру на пасаду старшыні. Ну а канчатковы выбар зробіць з’езд.

У Партыі БНФ дастаткова кваліфікаваных, падрыхтаваных кадраў, гатовых заняць месца старшыні. У нас выдатная моладзь. І мне прыемна, што я працую з такімі людзьмі.

Паводле сайта “Беларускі партызан

Верасень 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Жні    
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930  
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.