Партыя БНФ » Вярхоўны суд адмовіў у рэабілітацыі паэткі Ларысы Геніюш
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Вярхоўны суд адмовіў у рэабілітацыі паэткі Ларысы Геніюш

Дададзена 29.08.2017 6:38:35 | 151 праглядаў

Моладзь БНФ атрымала чарговую адмову ў рэабілітацыі беларускай паэткі Ларысы Геніюш – гэтым разам з Вярхоўнага суду.

Геніюш 2017Рэабілітацыі імя выбітнай літаратаркі і грамадзкай дзяячкі актывісты арганізацыі дамагаюцца даўно. Але на ўсе ініцыятывы і спробы ўшанаваньня яе памяці ўлады рэагуюць адмоўна – паведамляе Беларуская служба Радыё Свабода.

Назваць у яе гонар вуліцу ў Менску ці на яе радзіме ў Зэльве ўлады лічаць немэтазгодным. Ушанаваць імя ў назьве бібліятэкі — неабгрунтаваным.

Раней актывісты сабралі і накіравалі ў Генпракуратуру больш за тысячу подпісаў за рэабілітацыю паэткі, на што быў дадзены адказ: «Геніюш Л.А. прызнана не падлягаючай рэабілітацыі».

Сёньня прыйшоў чарговы адказ, гэтым разам зь Вярхоўнага суду. Улады адмаўляюць у рэабілітацыі, спаслаўшыся на пастанову прэзыдыюму Вярхоўнага суду ад 24 лістапада 1999 году, згодна зь якой асоба Геніюш ня можа быць рэабілітаваная «за зьдзейсьненыя ў пэрыяд Вялікай Айчыннай вайны злачынствы, прадугледжаныя артыкуламі 66 і 76 КК БССР (у рэдакцыі 1928 году).

Артыкул 66 — гэта «Аказаньне дапамогі міжнароднай буржуазіі», а 76 — «Удзел у антысавецкіх арганізацыях».

«І гэта пры тым, — падкрэсьліваюць моладзевыя актывісты, — што „злачынствы“, за якія была пакараная Ларыса Антонаўна, ужо даўно перасталі лічыцца такімі ў Беларусі, а падобных артыкулаў і блізка няма ў Крымінальным кодэксе Рэспублікі Беларусь на сёньняшні дзень».

На перакананьне актыву «Моладзі БНФ», атрыманы адказ чарговым разам даводзіць абмежаванасьць поглядаў сёньняшніх уладаў, якія дагэтуль жывуць калясавецкімі перакананьнямі, а таксама відавочную непавагу да літаратурнай спадчыны беларускага народу.

Ларыса Геніюш прайшла складаны жыцьцёвы шлях, вытрымаўшы ўсе выпрабаваньні, якія падрыхтаваў ёй лёс і савецкія ўлады — ад рэпрэсій і ГУЛАГу да забароны на творчасьць.

«Таму мы можам быць упэўненымі, што рана ці позна яе імя будзе ўшанавана з годнасьцю, а яе вершы зноў загучаць на ўроках беларускай літаратуры, нягледзячы на ўсе надуманыя прысуды і так званыя «злачынствы», — падсумоўваюць сябры «Моладзі БНФ».

Да 1947 году Ларыса Геніюш жыла ў Празе, выконвала функцыі Генэральнага сакратара ўраду БНР, займаючыся ўпарадкаваньнем і захаваньнем архіву незалежнай рэспублікі. У 1948 годзе яе разам з мужам перадалі савецкім уладам, якія абвінавачвалі яе ў «антысавецкай нацыяналістычнай дзейнасьці». Ларысу Геніюш асабіста дапытваў міністар Дзяржбясьпекі БССР Лаўрэнцій Цанава, які намагаўся змусіць яе перадаць архівы БНР.

У лютым 1949 году разам з мужам паэтку асудзілі на 25 гадоў зьняволеньня ў савецкіх лягерах у Комі ды Мардовіі. У 1956 годзе пасьля частковай рэабілітацыі Ларыса Геніюш вярнулася на радзіму мужа ў Зэльву. Прынцыпова адмаўлялася прымаць савецкае грамадзянства, засталася да канца жыцьця грамадзянкай Чэхаславаччыны.

aux-1504011214-henijusz-2908-1

Адмова рэабілітаваць беларускую паэтку Ларысу Геніюш (1910 – 1983) не адпавядае прававым нормам. Такое меркаванне ў гутарцы з «Еўрарадыё» выказаў гісторык Ігар Кузняцоў.

Раней Вярхоўны суд Беларусі адказаў на запыт «Моладзi БНФ» у справе рэабілітацыі Геніюш. Было заяўлена, што паэтка была асуджаная паводле крымінальнага кодэксу ў рэдакцыі 1928 года «за ўчыненыя ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны злачынствы», і ў ейнай рэабілітацыі было адмоўлена.

Гэты закон быў скасаваны яшчэ Міхаілам Гарбачовым, распавёў Ігар Кузняцоў.

«Камунізм не прызналі злачынным рэжымам, але нормы законаў 1928 года, раздзел «контррэвалюцыйныя злачынствы», ужо ў перыяд перабудовы ў 1980-х гадах гэтыя справы былі прызнаныя сфальсіфікаванымі… Калі мы гаворым пра Геніюш, калі Вярхоўны суд апелюе кодэксам 1928 года – гэта неправамоцна. Вярхоўны суд абавязаны ўзяць на сябе гэтую функцыю і ацэньваць дзейнасць Геніюш з пункту гледжання гуманізму, а не кодэкса 1928 года».

 

Верасень 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Жні    
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930  
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.