Партыя БНФ » Павал Севярынец і Аляксей Янукевіч – пра часы станаўленьня Маладога Фронту
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Павал Севярынец і Аляксей Янукевіч – пра часы станаўленьня Маладога Фронту

Дададзена 05.09.2017 12:01:42 | 209 праглядаў

Перад 20-годзьдзем моладзевай палітычнай арганізацыі «Малады Фронт», якое прыпадае на 6 верасьня, у сацыяльных сетках зьявілася багата фатаздымкаў, зробленых у канцы 90-х — пачатку 2000-х гадоў. На здымках — юныя людзі, шмат хто зь іх сёньня — вядомыя палітыкі, журналісты, літаратары, грамадзкія актывісты, прадпрымальнікі, арганізатары канцэртаў.

9B183943-B401-4BF6-B307-66789B88C001_w1023_r1_s

Фатаздымкі, якія яны публікуюць пад хэштэгам #МФ20год, — адсканаваныя з папяровых картак, бо зробленыя яшчэ на стужкавыя фотаапараты.

Маладафронтаўцы ў пачатку 2000-х гадоў. Фота з архіву Аляксея Янукевіча

Маладафронтаўцы ў пачатку 2000-х гадоў. Фота з архіву Аляксея Янукевіча

Мы сустрэліся з героямі аднаго з фатаздымкаў — палітыкамі Паўлам Севярынцам і Аляксеем Янукевічам — і сфатаграфавалі іх на тым самым месцы, дзе ў 1999 годзе яны, тады 23-гадовыя лідэры «Маладога Фронту», пазіравалі пасьля сходу сваёй арганізацыі, — каля ўваходу ў колішнюю сядзібу Партыі БНФ, што на праспэкце Машэрава (тады вуліца Варвашэні).

 

Павал Севярынец: «​У пакеце былі ўлёткі»​

Павал Севярынец каля былой сядзібы Партыі БНФ

Павал Севярынец каля былой сядзібы Партыі БНФ

— Павал, якая гісторыя гэтага фатаздымка?

— Была цікавая гісторыя з гэтымі чорнымі плашчамі. Аляксей Янукевіч, які жыў у Заводзкім раёне, сказаў, што «выкінулі» цудоўныя танныя плашчы, якія робяць глухія на нейкім прадпрыемстве. Яны каштавалі літаральна капейкі, у пераліку, можа, даляры тры. Мы паехалі ў краму ўчатырох — я, Аляксей Янукевіч, Андрэй Пятроў і Яўген Скочка. І набылі аднолькавыя плашчы. І ведаеце, яны былі дастаткова стылёвыя. І вось мы ўчатырох хадзілі ў гэтых аднолькавых плашчах, гэта была ўніформа кіраўніцтва «Маладога Фронту»”.

Павал Севярынец і Аляксей Янукевіч у памяшканьні былой сядзібы Партыі БНФ

Павал Севярынец і Аляксей Янукевіч у памяшканьні былой сядзібы Партыі БНФ

Цяпер тут аддзяленьне сацыянальнай адаптацыі і рэабілітацыі Савецкага раёну Менска

Цяпер тут аддзяленьне сацыянальнай адаптацыі і рэабілітацыі Савецкага раёну Менска

​— А што ў тым пакеце, які вы трымаеце?

— У пакеце, які ўжо праславіўся ў сацыяльных сетках, мяркуючы па ўсім, былі ўлёткі. Таму што звычайна я сыходзіў зь сядзібы БНФ з улёткамі. Увогуле, у сядзібе БНФ прайшлі самыя шматлюдныя сходы «Маладога Фронту». Яны адбываліся кожны панядзелак і кожны чацьвер. У кожным паседжаньні ўдзельнічала ад 80 да 200 чалавек. Заля была забітая. На сходах агучваліся навіны за тыдзень, а таксама анонсы мерапрыемстваў. Было вельмі шмат людзей, гэта можна пабачыць па фатаздымках, якія цяпер усплываюць у межах флэшмобу #МФ20год.

— Як вы ацэньваеце ролю «Маладога Фронту» 20 год таму і цяпер?

— Я лічу, што «Малады Фронт» — гэта самы масавы моладзевы рух за часы найноўшай гісторыі Беларусі. І галоўнае дасягненьне «Маладога Фронту» — гэта цэлае пакаленьне патрыётаў, якія любяць Беларусь і гатовыя за яе змагацца. Гэта тысячы людзей, дзясяткі бліскучых імёнаў. Калі браць сучаснасьць, то глядзіце: канец 2016 — пачатак 2017 году — бліскучыя акцыі Зьмітра Дашкевіча, пераможная абарона Курапатаў, змаганьне супраць «русского мира», новыя судовыя працэсы. «Малады Фронт» і цяпер працягвае выконваць ролю авангарда і ядра моладзевага руху. Тое, што ўдалося выстаяць за больш чым 20 гадоў дыктатуры, — гэта вельмі сур’ёзна.

Вулічная акцыя «Маладога Фронту». Фота з архіву Аляксея Янукевіча

Вулічная акцыя «Маладога Фронту». Фота з архіву Аляксея Янукевіча

​— Назавіце 10 маладафронтаўцаў, якімі вы ганарыцеся.

— Аляксей Янукевіч, Зьміцер Дашкевіч, Зьміцер Хведарук, Сяргей Антусевіч, Юрась Губарэвіч, Аляксей Шэін, Валянцін Стэфановіч, Барыс Гарэцкі, Наста Дашкевіч, Алег Корбан.

 

Аляксей Янукевіч: «​Мы жартавалі, што чорныя палкоўнікі захапілі БНФ»​

Аляксей Янукевіч каля былой сядзібы Партыі БНФ

Аляксей Янукевіч каля былой сядзібы Партыі БНФ

​— Аляксей, цяпер нам цікава пачуць вашую гісторыю. Чаму вы на гэтым здымку ў аднолькавых чорных плашчах?

Аляксей Янукевіч і Павал Севярынец ў канцы 90-х гадоў. Фота з архіву Аляксея Янукевіча

Аляксей Янукевіч і Павал Севярынец ў канцы 90-х гадоў. Фота з архіву Аляксея Янукевіча

​— Дакладна памятаю, што тут мы з Паўлам пасьля чарговага чацьвярговага паседжаньня. І мы ў аднолькавых плашчах. Справа была ў тым, што адзін з нашых сяброў набыў ва ўнівэрмагу “Беларусь” зручны, камфортны і модны на той час плашч. Ён параіў нам. І мы ўчатырох — Павал Севярынец, Яўген Скочка, Андрэй Пятроў і я — паехалі і набылі такія плашчы. Павал тады адразу прыдумаў жарт, што чорныя палкоўнікі захапілі БНФ. Пасьля гэтага на штотыднёвыя сустрэчы мы пачалі прыходзіць у гэтых чорных плашчах, але гэта была і нашая паўсядзённая вопратка. Пасьля аднаго з паседжаньняў мы сфатаграфаваліся. Хутчэй за ўсё, той, хто трымаў мой фотаапарат, меў яшчэ і клей, бо ў Паўла ў пакеце — улёткі. Гэта было вельмі тыпова, што пасьля паседжаньня мы дзяліліся на групы і ішлі іх расклейваць. Гэта была завядзёнка.

— А дзе тады «Малады Фронт» браў грошы на выраб улётак?

— Фізычна грошай у «Маладога Фронту» не было. Мы зьбіралі ахвяраваньні на масавых акцыях — на дзейнасьць арганізацыі. Людзі ахвяравалі дастаткова сур’ёзныя сумы. Таксама была вялікая дапамога ад старэйшых — Партыя БНФ дапамагала з памяшканьнем, з аргтэхнікай, з друкам.

Аляксей Янукевіч на вулічнай акцыі. Фота з архіву Аляксея Янукевіча

Аляксей Янукевіч на вулічнай акцыі. Фота з архіву Аляксея Янукевіча

— Як вы ацэньваеце ролю «Маладога Фронту» тады і цяпер?

— «Малады Фронт» можна параўнаць з «Талакой» і з рухам БНФ. Калі «Талака» і БНФ выканалі ролю кансалідацыі, крышталізацыі і гуртаваньня вельмі шырокай плыні, якая паўстала супраць камуністычнай сыстэмы, то «Малады Фронт» стаў вельмі шырокім рухам, які здолеў згуртаваць і ачоліць моладзевую хвалю ў змаганьні за незалежнасьць маладой беларускай дзяржавы. Вядома, часы мяняюцца, цяпер няма вялікага прытоку моладзі, няма той колькасьці людзей, якая выходзіла на вулічныя акцыі, як у час, калі быў зроблены гэты фатаздымак. Але тыя, хто быў у «Маладым Фронце», застаюцца вернымі тым ідэалам, якія ім дала гэтая арганізацыя. Цяпер шмат хто з маладафронтаўцаў — пасьпяховыя людзі, залаты фонд сёньняшняга нацыянальнага руху, яны праз новыя каналы і магчымасьці працягваюць адстойваць беларускую незалежнасьць.

Маладафронтаўцы ў кавярні. Фота з архіву Аляксея Янукевіча

Маладафронтаўцы ў кавярні. Фота з архіву Аляксея Янукевіча

— Назавіце 10 маладафронтаўцаў, якімі вы цяпер ганарыцеся?

— Гэта Павал Севярынец, Аляксей Чарняеў, Аляксей Шэін, Валянцін Стэфановіч, Уладзімер Лабковіч, Юрась Губарэвіч, Вадзім Саранчукоў, Сяргей Антусевіч, Мікола Пачкаеў, Зьміцер Дашкевіч.

Паводле Радыё Свабода

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.