Партыя БНФ » “Народная воля”: Полацкія ўлады забаранілі сябры БНФ наведаць Швецыю
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


“Народная воля”: Полацкія ўлады забаранілі сябры БНФ наведаць Швецыю

Дададзена 06.09.2017 12:23:51 | 172 праглядаў

Сябра Сойму Партыі БНФ Лера Сом з Полацку была запрошаная ў Швецыю, але адміністрацыя адмовілася адпусціць настаўніцу ў зараннё ўзгодненае творчае падарожжа. Чаму полацкія чыноўнікі хочуць зрабіць з паэткі Леры Сом “невыязную”, высвятляла газэта “Народная Воля”.

Коратка аб справе

Лера СомБеларуская паэтка Лера Сом была запрошана Шведскім саюзам пісьменнікаў на выспу Готлянд яшчэ паўгода таму. Настаўніца загадзя папярэдзіла адміністрацыю школы аб сваіх планах, разам яны выбралі найлепшы па часе варыянт — кастрычнік. У такім выпадку частка падарожжа выпадала б на восеньскія канікулы. Супраць падарожжа выступіў загадчык упраўлення адукацыі Полацкага гарвыканкама Віктар Матус. З-за яго асабістай забароны настаўніца ў бліжэйшы час выспы Готлянд не пабачыць.

Несур’ёзная справа

Калі загадчык упраўлення адукацыі Полацкага гарвыканкама Віктар Матус тлумачыў сваё рашэнне забараніць Леры Сом выезд у Швецыю, ён адзначыў, што паездка на Готлянд — не сур’ёзная справа. Відавочна, міжнароднае прызнанне беларускай паэткі ў вачах чыноўніка выглядае менш значнай справай, чым, напрыклад, адкрыццё чарговага лядовага палаца, на якое зганяецца ўвесь школьны калектыў разам з дзецьмі!

У інтэрв’ю Радыё Свабода спадар Матус абгрунтаваў сваё рашэнне тым, што настаўніца толькі што выйшла з двухмесячнага адпачынку і не можа кінуць на цэлы месяц вучняў адзінаццатых класаў. Маўляў, яны не змогуць абысціся заменай.
Размаўляць з “Народнай Воляй” па тэлефоне спадар Матус адмовіўся. Ён спаслаўся на тое, што не ведае дакладна, ці сапраўды размаўляе з прадстаўніком нашага выдання. Прыехаць у Полацк і разабрацца на месцы ён таксама нам не прапанаваў. Самае дзіўнае, што чыноўнік сам лічыць сябе абражаным.

— Радыё Свабода тры разы запар недакладна ўказала маю пасаду, — сказаў чыноўнік. — Мне не хацелася б па тэлефоне даваць інтэрв’ю. Я не ведаю, насамрэч вы з “Народнай Волі” ці не. У такім становішчы я адчуваю сябе вельмі некамфортна. Ёсць інтэрв’ю з Радыё Свабода ў інтэрнеце — вазьміце яго. Я ад сваіх слоў не адмаўляюся.

Лера Сом адзначыла, што яна на працягу двух тыдняў прапаноўвала Матусу вырашыць справу мірам. Відавочна, ён не лічыць, што кепскі мір лепш за добрую вайну.

Пустыя словы чыноўнікаў

Літаратурная і бардаўская дзейнасць Леры Сом добра вядомая ў Беларусі і за мяжой. Але замест прызнання яна пакуль прыносіць толькі непрыемнасці.

— Я змагу паехаць куды-небудзь толькі тады, калі мне дазволяць, — скардзіцца паэтка. — Адпачынак за свой кошт мне не далі і не дадуць. Гэта ўжо не першы выпадак, калі мне трэба было выязджаць нават на розныя грамадскія мерапрыемствы. З якой бы нагоды я ні прасіла адпачынак за свой кошт, мне яго не аформяць.

У тым, што спадар Матус “пайшоў на прынцып”, не сумняваецца ні прэса, ні сама Лера Сом.

— Я не ведаю, ці адпусцілі б у аналагічнай сітуацыі простага школьніка, — разважае настаўніца. — Але мне дакладна вядома, што на працягу навучальнага года шматлікія настаўнікі з’язджаюць на разнастайныя курсы. І ніхто гэтых настаўнікаў часцей за ўсё не замяняе. Я ўпэўнена, што ў маім выпадку дбанне пра вучняў — гэта проста пустыя словы.

Палкі ў колах

Экс-прарэктар БДУ Анатоль Паўлаў упэўнены, што Лера Сом стала ахвярай палітычных гульняў.

— Калі б мы размаўлялі аб вучаніцы, то ёй маглі адмовіць у такой паездцы, — тлумачыць Анатоль Васільевіч. — Зараз сярэдзіна верасня, а галоўная мэта вучняў — вучыцца. З выкладчыкамі не павінна быць такіх пытанняў — усе заняткі лёгка замяніць, навучальныя ўстановы заўжды без праблем ідуць на такія перамены. Гэты выпадак, мне падаецца, — выключна палітычнае рашэнне.

Аналагічнае меркаванне выказаў і былы першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Брэсцкага гарвыканкама Мікалай Коўш.

— Па-нармальнаму заўжды можна знайсці варыянт і адпусціць чалавека, — упэўнены Мікалай Канстанцінавіч. — Столькі людзей кожны год ездзяць на конкурсы, спаборніцтвы, курсы, якія ідуць па лініі дзяржаўнай улады. Я сам падпісваў сотні, калі не тысячы, заяў аб тым, каб адпусціць настаўніка на такія мерапрыемствы. Тут, магчыма, чыноўнікі ўгледзелі нейкі патаемны сэнс і таму ставяць палкі ў колы.
Пакуль што Лера Сом працягвае вучыць дзяцей і не спадзяецца на станоўчае вырашэнне сваёй справы.

— Я працую і не пераймаюся, — падсумавала спадарыня Сом. — Ведаеце, у мяне пачалі з’яўляцца думкі, што гэтая справа — проста чалавечая зайздрасць…

Аўтар: Марыя МАЛЕВІЧ, газэта “Народная воля

Кастрычнік 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Вер    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.