Партыя БНФ » Пісьменніка-ветэрана Фелікса Шкірманкова пазбавілі пенсіі за асаблівыя заслугі
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Пісьменніка-ветэрана Фелікса Шкірманкова пазбавілі пенсіі за асаблівыя заслугі

Дададзена 07.09.2017 12:33:16 | 142 праглядаў

Слаўгарадскага пісьменніка, ветэрана Другой сусветнай вайны і Беларускага народнага фронту Фелікса Уладзіміравіча Шкірманкова пазбавілі пенсіі за асаблівыя заслугі перад Рэспублікай Беларусь. Пра гэта сам пісьменнік паведаміў журналісту “Магілёўскага Рэгіёна”.

“Мне патэлефанавалі з райсабеса і паведамілі, што да іх прыйшла папера аб тым, што з мая месяца я пазбаўлены пенсіі за асаблівыя заслугі перад краінай. Адкуль гэта папера і хто прыняў такое рашэнне, я не ведаю, пра гэта мне не казалі”, – распавёў Фелікс Шкірманкоў.

Ветэран мяркуе, што пенсіі за заслугі яго пазбавілі ў сувязі з прыцягненнем да крымінальнай адказнасці за здзейсненае ДТЗ.

9 лістапада 2016 года пісьменнік патрапіў у дарожна-транпартнае здарэнне. Аўтамабіль, якім кіраваў пісьменнік, збіў жанчыну-веласіпедыстку, яна атрымала цялесныя пашкоджанні. Фелікс Уладзіміравіч на ўласным аўтамабілі ехаў у бальніцу, каб наведаць там знаходзячуюся ў цяжкім стане жонку і, па яго словах, нават не заўважыў сутыкнення.

Суд Слаўгарадскага раёна 15 сакавіка 2017 г. пакараў ветэрана паўтары гадамі пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на адзін год.

Згодна пастановы суддзі Аляксандра Курыліна, Ф. Шкірманкова таксама пазбавілі права кіравання транспартнымі сродкамі на пяць год і абавязалі выплаціць штраф у памеры 30 базавых велічынь (690 рублёў). Да таго ж ветэран павінен быў аплаціць усе судовыя выдаткі, выдаткі, звязаныя з правядзеннем экспертыз, і выплаціць на карысць пацярпелай у ДТЗ жанчыны матэрыяльную кампенсацыю у памеры 5000 рублёў.

Калегія па крымінальных справах Магілёўскага абласнога суда 4 траўня 2017 г. разгледзела скаргу Ф. Шкірманкова на рашэнне суда Слаўгарадскага раёна ад 15 сакавіка 2017 года. Ветэрану зменшылі пакаранне на паўгода пазбаўлення волі, адмяніўшы абвінавачванне па ч. 3 арт. 159 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Па гэтаму артыкулу суд Слаўгарадскага раёна прызнаў Фелікса Шкірманкова вінаватым “у заведамым астаўленні ў небяспецы, здзейсненым асобай, якая сама па неасцярожнасці паставіла пацярпеўшага ў небяспечныя для жыцця альбо здароўя абставіны”. Калегія Магілёўскага абласнога суда таксама адмяніла штраф у памеры 30 базавых велічынь, накладзены на ветэрана згодна рашэння суда Слаўгарадскага раёна па ч.3 артыкула 159 Крымінальнага кодэкса.

Паведамленне аб пазбаўленні пенсіі за асаблівыя заслугі сталася для Фелікса Уладзіміравіча абсалютна нечаканым. Ф. Шкірманкоў кажа, што яго, з улікам выплаты пацярпелай жанчыне кампенсацыі ў памеры 5000 рублёў, фактычна пазбаўляюць сродкаў для існавання.

Даведка “Магілёўскага рэгіёна”:

Фелікс Шкірманкоў нарадзіўся 27 траўня 1926 году ў Прапойску, сёньняшнім Слаўгарадзе. Ён вэтэран вайны, сябар Партыі БНФ ды ТБМ. У 2005 годзе быў найстарэйшым дэлегатам Кангрэсу дэмакратычных сілаў Беларусі.

З ліпеня 1941 г. актыўна ўдзельнічаў у партызанскім руху. У лістападзе 1943 года цяжка паранены. Пасля закачэння ваенна-інжынернай вучэльні ў званні малодшага лейтэнанта накіраваны на 4-й Украінскі фронт камандзірам сапёрнага ўзводу. Вайну скончыў пад Прагай. Падчас вайны чатыры разы паранены, узнагароджаны ордэнам Чырвонага сцяга, дзьвума ордэнамі Айчыннай вайны першай ступені, медалямі “За адвагу”, “Партызану Айчыннай вайны” першай ступені, “За Перамогу над Германіяй”. Пасля вайны служыў у органах дзяржбяспекі, працаваў у геолагаразведцы на Далекім Усходзе, быў старшынём Слаўгарадскага савета дэпутатаў.

Друкаваўся ў часопісах “Полымя” і “Нёман”, штотыднёвіку “ЛіМ”. Выдаў больш дваццаці кніжак вершаў і прозы.

Сяргей Семяновіч, рэгіянальны партал 6tv.by

Кастрычнік 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Вер    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.