Партыя БНФ » Як найлепшая настаўніца Сьветлагорска стала праваабаронцай
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Як найлепшая настаўніца Сьветлагорска стала праваабаронцай

Дададзена 09.09.2017 12:39:05 | 139 праглядаў

Увесну 2014 года сябра Беларускага народнага фронту Алена Маслюкова перамагла ў конкурсе прафесійнага майстэрства «Найлепшы настаўнік года» Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці Беларусі.

Алена МаслюковаРаённае начальства ва ўрачыстай абстаноўцы ўручыла ёй дыплом І-ай ступені і кветкі. Але ў ліпені таго ж года з ёй без тлумачэння прычын не быў падоўжаны кантракт. У правінцыйным Светлагорску сакрэты доўга не ўтойваюцца: пастанова аб звальненні была прынятая ў мясцовым выканкаме, а прычынай паслужыла «палітычная нядобранадзейнасць», піша «Нямецкая хваля».

Так у гэтым горадзе адным настаўнікам стала менш, затое з’явіўся прадстаўнік праваабарончага цэнтра «Вясна».

Цынізм улады

За ўвесь час працы, а яе агульны працоўны стаж складае 32 гады, у педагога вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Алены Маслюковай не было ніводнага спагнання. Непасрэдна настаўніцай яна адпрацавала 28 гадоў, і мела права па дасягненні 50-гадовага ўзросту датэрмінова сысці на пенсію – паводле беларускіх законаў для гэтага трэба 25 гадоў выслугі. Але ёй не дазволілі гэтага зрабіць, бо кантракт скончыўся за паўгода да дня нараджэння. Звальненне прайшло ідэальна з пункту гледжання закона, узгадвае Алена, былі скрупулёзна падлічаныя ўсе даты, і апошнім днём працы стала 2 верасня – у першы дзень навучальнага года проста на школьнай лінейцы яна развіталася са сваім класам і сышла ў нікуды.

Што паслужыла прычынай звальнення, прызнаецца Алена, яна дагэтуль не ведае. Бо яна ніколі не ўтойвала сваіх поглядаў – яшчэ ў 1991 годзе яна далучылася да руху «Беларускі Народны Фронт», які пазней перарос у апазіцыйную палітычную партыю. Яна ўдзельнічала ў незалежным назіранні за «выбарамі». Аднак, яе цярпелі, а яна не вяла агітацыі ў сценах школы.

Магчыма, разважае яна, ідэолагаў напалохала, што на той момант да «прэзідэнцкіх выбараў» заставаўся толькі год. А паводле даўняй традыцыі яна павезла сваіх вучняў на экскурсію ў Кіеў, што для гомельскага рэгіёну з’яўляецца нормай, бо сталіца Украіны геаграфічна знаходзіцца бліжэй, чым Менск. Кіеўскія вуліцы выглядалі рэвалюцыйна, вучні пачалі параўноўваць украінскае і беларускае жыццё і выказваць «крамольныя» думкі.

Шлях у праваабаронцы

Вялікі педагагічны стаж не дае Алене спакойна прайсці па горадзе. На кожнай вуліцы да яе ўвесь час падыходзяць бацькі яе былых вучняў альбо самі выпускнікі і пачынаюць размову аб жыцці. Дагэтуль яны ўспамінаюць гісторыю са звальненнем са школы №10, і нязменна сканчаюць размову фразай: «Мы ж разумеем, у якой краіне жывем».

На выбар яе далейшага занятку, прызнаецца Маслюкова, паўплывалі яе абвостранае пачуццё справядлівасці і асабістае знаёмства з кіраўніком праваабарончага цэнтра «Вясна», таксама выхадцам са Светлагорска, Алесем Бяляцкім. Мясцовы праваабарончы офіс знаходзіцца на пятым паверсе старой «хрушчоўкі». Лепшага памяшкання знайсці не атрымалася, тлумачыць Алена, праз тое, што ўласнікі баяцца ўсякага згадвання аб палітыцы ці грамадзянскай актыўнасці.

Аб калегах

Звяртаюцца да праваабаронцы і яе былыя калегі, тыя, што памятаюць, як яна, яшчэ будучы педагогам, бараніла іх правы. Даходзіла да абсурду, успамінае Алена: неяк маці-настаўніцы і яе дачцэ-калезе па разнарадцы загадалі выпісаць дзве «Настаўніцкія газеты» на сям’ю. Але абурылася толькі адна Маслюкова.

Настаўнікі, кажа праваабаронца, у кулуарах жорстка выказваюцца на адрас адукацыйных ініцыятыў Лукашэнкі і ягонай «рэспубліканскай нарады», скардзяцца, што бяспраўныя і вымушаныя займацца не сваімі абавязкамі. Часта яны просяць яе напісаць скаргу, але самі баяцца падпісаць, з сумам кажа Алена Маслюкова: «У такіх гарадах, як Светлагорск, жывуць самыя запалоханыя людзі».

Найлепшыя часы

Алена Маслюкова належыць да першага пакалення светлагорцаў. Да канца 1950-х гадоў, тлумачыць яна, тут была вёска Шацілкі, побач з якой савецкі ўрад наважыў пабудаваць першую беларускую цеплаэлектрастанцыю. Афіцыйна горад з’явіўся толькі ў ліпені 1961 года. А ў 1965-м з’явілася на свет Алена. Тут яна скончыла школу і паступіла на гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржуніверсітэта. Працаваць вярнулася ў родны Светлагорск.

Найлепшыя часы, кажа праваабаронца, прыпалі на сярэдзіну 90-х, калі ў Светлагорску быў створаны філіял Беларускага нацыянальнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа, які дзейнічаў да 2001 года. Разам з аднадумцамі яна магла выкарыстоўваць самыя прагрэсіўныя метады ў адукацыі.

Заснавальнік і кіраўнік Беларускага гуманітарнага ліцэю Уладзімір Колас успамінае, што тады ствараліся ягоныя філіялы ў рэгіёнах, і прынцып быў такі, што ініцыятыва павінна была зыходзіць знізу. У Светлагорску знайшліся энтузіясты, перш за ўсё муж і жонка Тэльман і Алена Маслюковы, прафесійны ўзровень якіх не выклікаў сумненняў. У гэтым горадзе быў адзін з нямногіх філіялаў, які меў свой будынак, друк і выдаваў атэстаты. Алена Маслюкова ўпэўненая, што яе педагагічны досвед яшчэ будзе запатрабаваны.

Верасень 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Жні    
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930  
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.