Партыя БНФ » Заява Рады БНР: Вучэньні “Захад-2017″ наносяць вялікую шкоду Беларусі
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Заява Рады БНР: Вучэньні “Захад-2017″ наносяць вялікую шкоду Беларусі

Дададзена 14.09.2017 11:05:03 | 413 праглядаў

Заява Рады БНР аб сумесных беларуска-расейскіх вучэньнях

У Беларусі распачынаюцца вайсковыя вучэньні “Захад-2017”, якія праводзяцца сумесна з вайсковымі фармаваньнямі Расейскай Фэдэрацыі. Гэтыя манэўры адбываюцца на фоне анэксіі Масквой Крыму, вайны ва Ўкраіне і Сырыі, кібэратакаў на дэмакратычныя інстытуцыі Захаду.

Рада БНР далучаецца да засьцярогаў, якія выказваюць дэмакратычная супольнасьць Беларусі і некаторыя міжнародныя назіральнікі датычна таго, што, нягледзячы на заявы прадстаўнікоў міністэрства абароны Беларусі, асобныя фармаваньні расейскіх войскаў могуць застацца на тэрыторыі Беларусі пасьля заканчэньня вучэньняў. Рада БНР падкрэсьлівае, што гэта сталася б новым фактарам небясьпекі ня толькі для Беларусі, але і для іншых краінаў Эўропы – Латвіі, Літоўскай Рэспублікі, Польшчы. Асаблівую пагрозу гэта будзе несьці для Ўкраіны, паколькі расейскія сухапутныя часткі ў гэтым выпадку маглі б нанесьці ўдар па яе паўночных і заходніх рэгіёнах.

Рада БНР адзначае, што выхад расейскіх частак з тэрыторыі Беларусі павінен адбыцца не пазьней чым 30 верасьня, як пра гэта заяўлена афіцыйным Менскам. У супрацьлеглым выпадку кожны дадатковы дзень знаходжаньня расейскіх вайсковых частак і расейскай тэхнікі павінен разглядацца як акупацыя Беларусі.

Рада БНР усьведамляе, што нават пры ўмове выхаду ўсіх расейскіх вайскоўцаў з тэрыторыі Беларусі сам факт сумесных вучэньняў з Расеяй, краінай-агрэсарам, наносіць вялікую палітычную шкоду Беларусі, а таксама шкоду яе рэпутацыі перад міжнароднай супольнасьцю.

Рада БНР заяўляе, што беларускі народ ня мае дачыненьня да сумнеўнага вайсковага альянсу паміж аўтарытарнымі рэжымамі Беларусі і Расеі. У Беларусі ніколі не было дэмакратычнага рэфэрэндуму, пад час якога б народ выказаўся за вайсковы саюз з Расеяй. Само далучэньне Беларусі да сыстэмы Дамовы аб калектыўцай бясьпецы СНД (ДКБ), якая кантралюецца маскоўскім Генштабам, адбылося ў 1993 годзе пад ціскам пракамуністычнай прарасейскай большасьці ў Вярхоўным Савеце Рэспублікі Беларусь і насуперак Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі, якая абвяшчала курс на будаўніцтва нэўтральнай дзяржавы. Прынятая ў 1994 годзе Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь таксама замацоўвала курс на вайсковы нэўтралітэт Беларусі. Такім чынам, фактычнае далучэньне Беларусі да вайсковага блёку з Расеяй было і застаецца парушэньнем нават дзеючай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Рада БНР, як і дэмакратычная супольнасьць Беларусі, неаднаразова зьвяртала ўвагу на небясьпечныя крокі Крамля ў дачыненьні да Беларусі, на спробы разьмяшчэньня дадатковых вайковых базаў, на ўсё больш шчыльнае ўцягваньне Беларусі ў арбіту расейскіх вайсковых інтарэсаў. Цяперашнія манэўры яшчэ больш абвастрылі гэтую праблему.

Рада БНР папярэджвае, што з улікам поўнай залежнасьці Лукашэнкі ад Масквы, адсутнасьці ў Беларусі ужо больш як два дзесяцігодзьдзя дэмакратычных  выбараў, легітымнага парлямэнту, свабоды сродкаў масавай інфармацыі; а таксама ва ўмовах татальнага панаваньня расейскай прапаганды ў інфармацыйнай прасторы Беларусі, усялякія агрэсіўныя дзеяньні Крамля да Беларусі могуць мець самыя непажаданыя наступствы для беларускай Незалежнасьці.

Рада БНР заклікае ЗША, Вялікабрытанію і Францыю, у выпадку неабходнасьці, выканаць свае абавязкі ў справе гарантыі беларускага сувэрэнітэту, дадзеныя ў адпаведнасьці з Будапэшцкім мэмарандумам узамен на вывад ядзернай зброі з тэрыторыі Беларусі.

Рада БНР заклікае беларускае грамадзтва і беларускіх патрыётаў у шэрагах збройных сілаў Рэспублікі Беларусь быць гатовымі да абароны незалежнасьці Беларусі ад любой вонкавай пагрозы.

13 верасьня 2017 году

Ліпень 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Чэр    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.