Партыя БНФ » Ці магчыма законным шляхам вярнуць «Пагоню» і бел-чырвона-белы сьцяг?
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Ці магчыма законным шляхам вярнуць «Пагоню» і бел-чырвона-белы сьцяг?

Дададзена 20.09.2017 11:03:16 | 82 праглядаў

Як юрыдычна павінен выглядаць мэханізм вяртаньня бел-чырвона-белага сьцяга і герба «Пагоня» і ці наогул магчыма гэта? Адказваюць лідэры БНФ, АГП, БХД, БНК і руху «За Свабоду».

19 верасьня 1991 году бел-чырвона-белы сьцяг і «Пагоня» атрымалі статус дзяржаўных сымбаляў. Таксама Вярхоўны Савет Беларусі прыняў пастанову аб зьмене назвы Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі на Рэспубліку Беларусь. На травеньскім рэфэрэндуме 1995 году былі прынятыя новыя дзяржаўныя сымбалі — герб, падобны да герба БССР, і чырвона-зялёны сьцяг.

Аляксей Янукевіч (БНФ): «Неабходная зьмена ўлады і легітымна абраны парлямэнт»

Аляксей Янукевіч, лідэр Партыі БНФ, кажа, што ёсьць некалькі шляхоў вяртаньня гістарычнай сымболікі:

«Пасьля таго як адбудзецца зьмена ўлады, можна легітымным парлямэнтам прыняць рашэньне аб скасаваньні вынікаў ганебнага рэфэрэндуму 1995 году. І тут усё становіцца на месцы — і з нацыянальнай сымболікай, і з адзінай дзяржаўнай беларускай мовай.

Аляксей Янукевіч падчас збору подпісаў на парлямэнцкіх выбарах, 2016 год

Аляксей Янукевіч падчас збору подпісаў на парлямэнцкіх выбарах, 2016 год

Але ёсьць і іншыя варыянты: зноў жа, легітымна абраны парлямэнт прымае Закон аб дзяржаўнай сымболіцы, дзе бел-чырвона-беламу сьцягу і гербу „Пагоня“ вяртаецца статус дзяржаўных сымбаляў».

Анатоль Лябедзька (АГП): «Трэба праводзіць тлумачальную, асьветніцкую працу»

Анатоль Лябедзька, старшыня АГП, таксама лічыць, што тут няма ніякіх праблемаў:

«Ёсьць адзін шлях, ён кароткі і просты: вярнуць людзям права выбару, каб яны самі выбіралі сабе ўладу. Як толькі гэта будзе зроблена, адразу вернецца і сымболіка. Таму што калі 26 гадоў назад пракамуністычны Вярхоўны Савет 12 скліканьня прагаласаваў за „Пагоню“ і бел-чырвона-белы сьцяг, то пры парлямэнце, які выбіраецца людзьмі, пры прэзыдэнце, які абіраецца праз свабодныя, сумленныя выбары, гэтае пытаньне вырашыцца.

Анатоль Лябедзька на пікеце ў Горадні перад парлямэнцкімі выбарамі 2016 году

Анатоль Лябедзька на пікеце ў Горадні перад парлямэнцкімі выбарамі 2016 году

Ну, а пакуль гэтага няма, трэба праводзіць тлумачальную, асьветніцкую працу, трэба размаўляць зь людзьмі, гаварыць, што гісторыя Беларусі пачынаецца не з прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі і не зь Вялікай Айчыннай вайны, а значна раней. Гэта было зроблена ў 1991 годзе, калі быў праведзены вялікі аб’ём працы па тлумачэньні, была сур’ёзная праца з дэпутатамі камуністычнай большасьці».

Павал Севярынец (БХД): «У народ сымболіка пойдзе праз царкву»

Павал Севярынец, сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, лічыць, што нацыянальная сымболіка можа вярнуцца празь зьмену ўлады і праз царкву:

«Каб вярнуць бел-чырвона-белую сымболіку, трэба памяняць гэтую ўладу. Бо мэнтальна гэтая ўлада, на жаль, савецкая, як паказваюць апошнія гады. Яна мала чым адрозьніваецца ад так званых элітаў ЛНР, ДНР, Прыднястроўя, Паўднёвай Асэтыі. Гэта людзі, якія заўсёды будуць глядзець на Маскву і заўсёды будуць баяцца бел-чырвона-белага сьцяга. Таму першае — гэта зьмена ўлады, і тады бел-чырвона-белы сьцяг зьявіцца над дахамі афіцыйных будынкаў.

Павал Севярынец і Яўген Афнагель перад Менскім гарадзкім судом падчас працэсу над Эдуардам Пальчысам, 2016 год

Павал Севярынец і Яўген Афнагель перад Менскім гарадзкім судом падчас працэсу над Эдуардам Пальчысам, 2016 год

Наагул, я думаю, што паколькі гэта сьцяг Хрыста, і гэта хрысьціянская старажытная сымболіка, якой дзьве тысячы гадоў, то ў народ гэтая сымболіка пойдзе праз цэрквы: праз праваслаўных, каталікоў, пратэстантаў — тады, калі зьменіцца ўлада. І людзі гэта значна бліжэй прымуць не ад апазыцыі, а ад хрысьціянскіх супольнасьцяў».

Мікола Статкевіч (БНК): «Трэба нагадваць дзеяньнямі, выходзіць з сымболікай на вуліцы»

Мікола Статкевіч, адзін зь лідэраў Беларускага нацыянальнага кангрэсу, перакананы, што вярнуць нацыянальную сымболіку цалкам магчыма:

«Неабходна толькі вярнуць у краіну закон і, адпаведна, заканадаўчыя органы, абраныя народам на рэальных выбарах, а не на іх імітацыі.

Калі казаць пра народ, то большасьць людзей шчыра ненавідзіць кіроўны рэжым, і гэта зьвязана зь іх сацыяльным самаадчуваньнем. А адчуваюць яны сябе кепска. Але народ нікуды ня пойдзе і ня будзе рабіць рэвалюцыю. Перамены зьдзяйсьняе актыўная меншасьць. Што да сымболікі, то большасьці ўсё роўна. Усё будзе вырашаць, зноў жа, актыўная меншасьць.

Мікола Статкевіч падчас акцыі «Праспэкт нацыянальнага сьцяга», 2016 год

Мікола Статкевіч падчас акцыі «Праспэкт нацыянальнага сьцяга», 2016 год

Зараз што мы можам зрабіць — зноў і зноў нагадваць, што нацыянальныя сымбалі — гэта спрадвечна бел-чырвона-белыя, а ня штучна вырабленыя, прыдуманыя на замову, зь недарэчнымі колерамі і пахавальным арнамэнтам. Вось пра гэта трэба нагадваць дзеяньнямі, а не хадзіць да незаконна прызначаных чыноўнікаў і нешта ім тлумачыць — гэта ні да чога не прывядзе. Трэба выходзіць з сымболікай на вуліцы. Асноўныя сацыяльныя пратэсты адбываліся пад нацыянальным сьцягам, і пратэстоўцы ўспрымалі яго як свой».

Юрась Губарэвіч («За Свабоду»): «Пераход павінен быць паэтапны»

Юрась Губарэвіч, кіраўнік руху «За свабоду», перакананы, што сытуацыя пасьля рэфэрэндуму 1995 году істотна зьмянілася, і цяпер нават улады ўжо прызнаюць важнасьць нацыянальнага адраджэньня, разьвіцьця беларускай культуры, мовы, вывучэньня сапраўднай гісторыі:

«Таму я лічу, што рана ці позна мы прыйдзем да вяртаньня гістарычных нацыянальных сымбаляў. Улада будзе вымушаная пайсьці на гэты крок. Такі пераход можа быць паэтапны, каб улада магла захаваць твар.

Юрась Губарэвіч на шэсьці на Дзень Волі, 2015 год

Юрась Губарэвіч на шэсьці на Дзень Волі, 2015 год

Найперш яны маглі б прыняць рашэньне аб наданьні статусу гістарычных каштоўнасьцяў Пагоні і бел-чырвона-беламу сьцягу, што б дазваляла вольнае выкарыстаньне гэтых сымбаляў, каб зь іх была зьнятая нефармальная забарона. Я думаю, што ня трэба гэта выносіць на рэфэрэндум, а паступова была б створаная магчымасьць для вяртаньня бел-чырвона-белага сьцяга і Пагоні, прыняцьця іх у якасьці дзяржаўных сымбаляў. І, адпаведна, сьпісаньня ў архіў гісторыі таго чырвона-зялёнага сьцяга і герба, які Лукашэнка зацьвердзіў праз рэфэрэндум 1995 году.

Такім чынам, гэта можа быць такі паэтапны працэс, і яго цалкам рэальна прайсьці ў сёньняшняй сытуацыі».

Паводле Радыё Свабода

Кастрычнік 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Вер    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.