Партыя БНФ » Віталь Амяльковіч распавядае, чаму моладзь ідзе ў палітыку
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Віталь Амяльковіч распавядае, чаму моладзь ідзе ў палітыку

Дададзена 25.09.2017 12:06:26 | 165 праглядаў

Моладзевы праект слуцкай газэты «Кур’ер» распытваў маладзёвых актывістаў палітычных рухаў, што прывяло іх у гэтую «брудную справу», на якога палітыка яны раўняюцца і чаму пазбягаюць палітычных тым у размовах з сябрамі.

АмяльковічВіталь Амяльковіч, 37 гадоў, актывіст, Партыі БНФ:

Палітычная дзейнасць для мяне – гэта магчымасць змяніць шэрае цяперашні дзеля светлай будучыні.

Я рос у палітызаванай абстаноўцы, калі на пачатку 90-х дома глядзелі бясконцыя сэсіі народных дэпутатаў, а на шахматным гуртку, у які я хадзіў, слухалі рускую службу «Радыё Свабода». Памятаю яшчэ дзіцем, як Міхаіл Гарбачоў перапыніў акадэміка Андрэя Сахарава на I З’ездзе народных дэпутатаў – акадэмік пачаў крытыкаваць савецкі лад. Хоць менавіта Гарбачоў паспрыяў, каб Сахараў стаў дэпутатам і здолеў выступіць на тым з’ездзе. Потым былі гучныя палітычныя падзеі: мітынгі ў Мінску, дэкларацыя аб незалежнасці Беларусі, Белавежскія пагадненні, стварэнне СНД, расстрэл Белага дома ў Маскве, выбары прэзідэнта Беларусі 1994-го года.

Пэўны ўнутраны пераварот, пасьля якога з’явілася жаданне неяк уплываць на сітуацыю ў краіне, адбыўся пасля рэферэндума 1995-га года – тады змянілі дзяржаўную сімволіку і ўвялі другую дзяржаўны мову. У той момант стала балюча і крыўдна за беларусаў.

Ужо ў 2001 годзе я ўступіў у «Малады фронт», а пасля – у Партыю БНФ (Беларускі народны фронт). Ніколі не шкадаваў аб зробленым тады выбары. Здаровы нацыяналізм, кансерватызм – гэта тое, што мне блізка: «Хто Ў маладосьці ня быў рэвалюцыянэрам – той ня мае сэрца. Хто у сталасьці ня стаў кансэрватарам – той ня мае мазгоў».

Калі чалавек лічыць сябе грамадзянінам гэтай краіны, у яго не можа не быць грамадзянскай пазіцыі. Калі яе ўсё ж няма – гэта не грамадзянін, гэта амёба. Я ўвесь час цікаўлюся палітычнай сітуацыяй як у нашай краіне, так і ў свеце. З гэтага пачынаю свой звычайны дзень і яго заканчваю. У першую чаргу сачу, што адбылося ў Беларусі, потым – у суседзяў (Украіна і Расія), Еўрасаюзе, ЗША. Ёсць ужо проста патрэба ведаць апошнія навіны.

Асноўную інфармацыю атрымліваю праз сацыяльныя сеткі і інфармацыйныя сайты. Лідэры па праглядам і атрыманню інфармацыі выглядаюць так: Facebook, «Наша Ніва», «Радыё Свабода», РБК, «Украінская праўда». Лічу Facebook самым цікавым і папулярным палітычным рэсурсам. Адпаведна, гэтым крыніцам інфармацыі і давяраю больш за ўсё, бо лічу, што яны найбольш аб’ектыўна адлюстроўваюць рэчаіснасць. Па тэлебачанні гляджу толькі спорт і кіно.

Рэалізацыя палітычных ініцыятываў, якія адрозніваюцца ад спушчальных зверху «мэтаў і задач» дзеючай «дзяржаўнай машыны», – справа неадназначная. Часам нават небяспечная. Але вельмі цікавая і часам вельмі займальная. Напрыклад, мы, актывісты, двойчы не далі вытворчасці «Віцень» не тое што пабудаваць, а нават магчымасці сур’ёзна падысці да ідэі стварэння патэнцыйнага шкоднай вытворчасці ў Слуцкім раёне – вытворчасці па ачыстцы нафтазабруджаных грунтоў. Зараз выступаю за перайменаванне вуліцы Камсамольскай у вуліцу слуцкіх паўстанцаў. Гэта толькі малая частка таго, што мы робім.

З 2008 года я працую назіральнікам на выбарах. У нашых умовах, па маім глыбокім перакананні, сапраўдных выбараў даўно няма. Выбарчы працэс як бы ёсць, а саміх выбараў няма. Таму мы стараемся максімальна сабраць доказы і факты парушэнняў на выбарчых участках і ў камісіях рознага ўзроўню. І небеспаспяхова: пасьля 1994 года ніводныя выбары, паводле ацэнак міжнародных назіральнікаў, не былі прызнаныя адпаведнымі міжнародным стандартам.

Мае блізкія даўно змірыліся з тым, чым я займаюся. Мае палітычныя перакананьні або дзеянні ніколі не шкодзілі ў адносінах з па-сапраўднаму блізкімі мне людзьмі. Але з некаторымі знаёмымі я сам разарваў адносіны, хоць раней лічыў іх значнымі для сябе. Пасля эскалацыі канфлікту ў Украіне, анэксіі Крыма, сітуацыі ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей яны сталі апраўдваць расійскую агрэсію, а для мяне гэта непрымальна.

Найбольш блізкімі да майго ідэалу сярод беларускіх палітыкаў былі і застаюцца Зянон Пазьняк і Аляксандр Мілінкевіч. Яны шмат у чым вельмі не падобныя: першы – прамы і дзесьці залішне агрэсіўны; другі – дыпламатычны і занадта асцярожны. Але абодва – патрыёты, для якіх інтарэсы Беларусі вышэй за ўяўнай папулярнасці і ўладнага кабінета.

Я не згодны з меркаваннем, што палітыка – абавязкова брудная справа. Усё адносна. Ніколі не бачыў сябе буйным палітычным гульцом, я хутчэй чалавек каманды. Пры змене палітычнага рэжыму ў нашай краіне я хацеў бы памяняць сферу дзейнасці. Хоць не выключаю, што будзе жаданне займацца палітыкай на мясцовым узроўні. У любым выпадку ў тым ці іншым выглядзе або праяве палітыка не адпусціць мяне, яна ўжо да канца ў маім жыцці. Я ўжо не змагу быць проста абыякавым да таго, што адбываецца навокал.

Паводле сайту газэты “Кур’ер

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.