Партыя БНФ » Аляксей Янукевіч: Партыя БНФ фармуе палітычны парадак дня для ўсёй краіны
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Аляксей Янукевіч: Партыя БНФ фармуе палітычны парадак дня для ўсёй краіны

Дададзена 30.09.2017 12:31:58 | 91 праглядаў

У суботу, 30 верасня, адбудзецца чарговы з’езд Партыі БНФ. Сярод галоўных пытанняў на ім – выбары новага старшыні. Па статуце старшыня не можа кіраваць больш за 2 тэрміны.

У інтэрв’ю журналісту Беларускага Радыё Рацыя Генадзю Барбарычу яе сыходзячы кіраўнік Аляксей Янукевіч распавёў пра дасягненні і няўдачы партыі падчас свайго кіравання. Ён узначальвае партыю з 2009 года.

янукевіч 12Аляксей Янукевіч: Самае асноўнае, я лічу, што Партыя БНФ цвёрда стала на свой самастойны палітычны курс. На сённяшні момант мы не знаходзімся пад уплывам ніякіх ўнутрыбеларускіх кааліцый і асобных сілаў ці нейкіх знешніх сілаў. Больш за тое, Партыя БНФ фармуе палітычны парадак дня для ўсёй краіны. Тыя тэмы, якія мы прасоўваем, становяцца цэнтрам абмеркавання. Так было, напрыклад, з расейскай авіябазай. Мы за гэтую тэму „зачапіліся”, патрабавалі не дапусціць яе стварэння. У выніку ўсе сталі пра авіябазу гаварыць, пачынаючы ад апазіцыянераў і заканчваючы Аляксандрам Лукашэнкам. І ў выніку расейскай авіябазы ў Беларусі няма. Тое самае адбываецца зараз і з іншымі пытаннямі па абароне незалежнасці.

Так сталася з вучэннямі „Захад – 2017”, калі мы гэтую тэму „закінулі” для абмеркавання і пра яе шырока загаварылі ў грамадстве. Зараз паўстае пытанне кантролю на мяжы з Расеяй. І гэтую тэму Партыя БНФ прапанавала і мэтанакіравана прасоўвае. Яшчэ не так даўно яна здавалася шмат каму правальнай і нерэальнай нават каб пра яе сур’ёзна гаварыць. А зараз, як мы бачым, і іншыя сілы наважваюцца таксама абмяркоўваць гэта пытанне. І незалежныя аналітыкі сцвярджаюць, што без кантролю на мяжы немагчыма гаварыць пра сапраўдную незалежнасць. То бок, на сённяшні момант мы фармуем палітычны парадак дня. Гэта ёсць сапраўды вялікае дасягненне. І яно ўжо само па сабе спрыяе таму, каб намі дасягаліся іншыя істотныя рэчы.

Таксама вельмі важным плюсам за гэтыя 8 гадоў я лічу адраджэнне і аднаўленне „Моладзі БНФ”. Можна цвёрда сказаць, што сёння ў Беларусі ёсць толькі адна масавая моладзевая дэмакратычная арганізацыя – гэта „Моладзь БНФ”. У яе прыйшлі сотні маладых людзей.

Яшчэ адным нашым важным дасягненнем я лічу тое, што мы здолелі спыніць такую ганебную практыку, што пасля кожнай выбарчай кампаніі расчараваныя сябры партыі адыходзілі ад актыўнай дзейнасці. Так здаралася ўвесь час да 2009 года. Пачынаючы з прэзідэнцкай выбарчай кампаніі 2010 года, у якой кандыдатам ад Партыі БНФ быў Рыгор Кастусёў, мы бачым, што тыя новыя людзі, якія прыходзяць, застаюцца ў партыі. Яны маюць імпэт, яны маюць жаданне, яны бачаць сэнс заставацца і працаваць на ўмацаванне партыі, працаваць на далейшае прасоўванне нашых каштоўнасцей.

У гэтым годзе мы ўвайшлі ў альянс еўрапейскіх кансерватараў і рэфармістаў. Гэта таксама ёсць важным дасягненнем. Гэта працяг нашай лініі на пошук і гуртаванне нацыянальна-дэмакратычных партнёраў як унутры Беларусі, так і ва ўсім свеце, на ўмацаванне нашай нацыянальна-кансерватыўнай лініі. І на сённяшні момант Партыя БНФ – гэта адзіная палітычная сіла з Беларусі, якая мае права голасу ў агульнаеўрапейскіх структурах. Ні сацыялісты, ні Еўрапейская Народная партыя сваім партнёрам з Беларусі такога права не даюць. Яны там толькі назіральнікі, а мы маем права голасу. Мы паўнавартасныя сябры гэтага аб’яднання. І на будучыню, стратэгічна, я перакананы, гэта таксама важнае дасягненне.

РР: Ваш спіч мог бы быць добрай прамовай перад выбарамі новага старшыні.

Аляксей Янукевіч: А ён і прагучыць на з’ездзе.

РР: А пра тое, што не атрымалася, Вы неяк пакуль прамаўчалі. Таму пачну я. У Вас, напрыклад, няма сваіх дэпутатаў ні ў заканадаўчым органе – Палаце прадстаўнікоў – і ўвогуле, ні ў адным мясцовым савеце.

Аляксей Янукевіч: Няма… Але трэба пачаць з таго, што ў нас няма заканадаўчых прадстаўнічых органаў. У нас ёсць нейкія марыянеткавыя структуры, якія, на жаль, не маюць ніякай вагі ў сённяшняй Беларусі. І таму надта моцна перажываць, што там няма нашых прадстаўнікоў, не выпадае. Але, канешне, калі казаць пра тое, што сёння мы цалкам знаходзімся ў пазасістэмным становішчы, мы не прадстаўленыя ва ўладзе ні на якім узроўні, – гэта, канешне, мінус. Мы разумеем, што гэта сённяшнія беларускія рэаліі. І калі ты бароніш тыя каштоўнасці, якія бароніць Партыя БНФ, то дамовіцца з уладай пра нейкае ўключэнне ў гэтыя органы не выпадае. Але нам гэта і не цікава. Таму мы працуем на тое, каб у краіне глабальна адбыліся перамены на карысць свабоды. І калі яны адбудуцца, я перакананы, што Партыя БНФ будзе лідарам і ў парламенце, і ў мясцовых саветах у большасці рэгіёнаў Беларусі.

РР: На надыходзячых мясцовых выбарах Партыя БНФ будзе вылучаць сваіх кандыдатаў?

Аляксей Янукевіч: У нас прынята рашэнне, што мы будзем вылучаць кандыдатаў. Мы рыхтуемся да гэтага вылучэння. Хаця мы разумеем, што бліжэйшыя мясцовыя выбары не будуць свабоднымі і справядлівымі. Мы разумеем, што на гэтых выбарах тыя людзі, якія апынуцца ў складзе саветаў, будуць туды ўключаныя ўладамі. Я думаю, што для пазіцыянавання нейкіх зменаў улада пойдзе на тое, каб можа 20, можа больш ці менш прадстаўнікоў апазіцыі ўключыць у мясцовыя саветы. Але мы бачым, што неўзабаве, можа быць, праз 2-3 гады, можа быць, на бліжэйшых прэзідэнцкіх выбарах, адбудзецца сапраўды нейкае вырашальнае каштоўнаснае сутыкненне паміж нацыянальнымі сіламі, ядром якіх ёсць і будзе Беларускі Народны Фронт, і пракрамлёўскімі сіламі, якія хочуць уцягнуць Беларусь яшчэ глыбей у сферу ўплыву Крамля. І мясцовыя выбары, на якія мы ідзём, для нас ужо элемент гэтага глабальнага стратэгічнага змагання з пракрамлёўскай пятай калоннай тут у Беларусі, за розумы беларусаў, за будучыню Беларусі.

РР: Калі Вы амаль 8 гадоў таму выйгралі, гэта стала пэўнай сенсацыяй. Як зараз Вы лічыце, чаму фактычна адныя з заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронту Лявон Баршчэўскі, Вінцук Вячорка, Віктар Івашкевч, Пётр Садоўскі і іншыя прайгралі? І не проста прайгралі, а сышлі з партыі.

Аляксей Янукевіч: Ведаеце, гэта ўжо крыху старая гісторыя. І можа быць, не варта яе варушыць зараз. Але абсалютна відавочна, што тая каманда загулялася, калі можна так сказаць, у кааліцыйную дзейнасць. І Партыя БНФ у выніку страціла сваё аблічча, страціла свой выразны твар. Было адчуванне, што сапраўды мы вымушаны бараніць, прапагандаваць, знаходзячыся ў кааліцыях, нейкія занадта размытыя каштоўнасці. Пры гэтым у імя згоды і ў імя інтарэсаў кааліцыяў менш казаць і менш рабіць акцэнт на нашыя базавыя каштоўнасці, якія могуць у грамадстве ўспрымацца неадназначна. То бок мінулае кіраўніцтва баялася гэтай неадназначнасці. І праз гэта Партыя БНФ знаходзілася ў крытычным стане, калі ўсе толькі і казалі вакол, што рэгіянальныя структуры Партыі БНФ кантралююцца Рухам „За свабоду”, а нацыянальнае кіраўніцтва знаходзіццца пад уплывам Хартыі’97 і будзе працаваць на Андрэя Саннікава ў прэзідэнцкай кампаніі 2010 года. І фактычна гэта было такое змаганне паміж Мілінкевічам і Саннікавым, каму дастанецца Партыя БНФ. А сама партыя не з’яўлялася палітычным суб’ектам у палітычнай барацьбе, а толькі інструментам. Менавіта таму тагачаснае кіраўніцтва Партыі БНФ і прайграла. Я быў абраны менавіта з мандатам – зрабіць Парыю БНФ суб’ектам палітычнага жыцця ў Беларусі. І гэта зроблена.

РР: Вы тры тэрміны былі старшынём партыі. І менавіта пры Вас у статут партыі ўнесены змены аб абмежаванні працягласці кіравання партыяй двума тэрмінамі. Зараз не шкадуеце аб гэтай ініцыятыве?

Аляксей Янукевіч: Не, я не шкадую, што такое абмежаванне было ўведзена. Хаця дэмакратычная партыя – гэта не дзяржава. І не трэба капіраваць усе атрыбуты дэмакратычнай дзяржавы і аўтаматычна пераносіць іх на партыю. Але я перакананы, што для партыі гэта была вельмі карысная змена. Таму што любы новы чалавек, які прыходзіць, ён непазбежна прыносіць нейкую новую энергію, нейкія новыя ідэі. І гэта для партыі карысна. І хачу падкрэсліць, што абмежаванні не тычацца ўсяго перыяду жыцця, а тычацца толькі бліжэйшага тэрміну. І я ці нехта іншы маем права, прабыўшы два тэрміны ў кіраўніцве і перастаўшы быць старшынём, праз пэўны час зноў вылучаццца. І я лічу, што гэта вельмі добры час, каб зрабіць крок убок, каб паглядзець на сябе самога, каб паглядзець на партыю, можа быць, крыху збоку, ацаніць, нешта пераасэнсаваць. І калі нават праз нейкі час ізноўку прэтэндаваць на кіраванне партыяй, то ўсё ж такі маючы і гэты досвед таксама. І гэта вельмі карысна.

РР: То бок Вы не сыдзеце ад актыўнай партыйнай працы?

Аляксей Янукевіч: Не, ні ў якім разе я не збіраюся сыходзіць ад актыўнай партыйнай працы. Я спадзяюся, што Рыгор Кастусёў будзе абраны на пасаду старшыні. І ў яго я гатовы быць намеснікам. Калі будзе абрана нейкая іншая асоба, я думаю, што ў Сойме тады будзе магчымасць усё роўна актыўна працаваць на карысць партыі. Хаця, канешне, нават пасада намесніка, не кажучы пра сябра Сойма, – гэта ўсё ж іншы ровень адказнасці. Калі ты старшыня, то праца з партыяй, – гэта як з дзіцёнкам. Раніцай прачынаешся з думкай, што сёння трэба рабіць, каб партыя працавала, функцыянавала. І кладзешся спаць з гэтай думкай. А зараз у мяне будзе больш магчымасцяў ацэньваць сітуацыю ў партыі і не зусім з боку, і адначасова больш комплексна, і не з эпіцэнтру падзеяў.

Пра тое, хто стане старшынём Партыі БНФ, стане вядома ўвечары 30 верасня. Зараз на пасаду кіраўніка прэтэндуюць 5 асобаў: гэта Рыгор Кастусёў, Ігар Лялькоў, Вольга Дамаскіна, Ілля Дабратвор і Алесь Таўстыка.

Гутарыў Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя

 

Кастрычнік 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Вер    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.