Партыя БНФ » Заява Зьезду Партыі БНФ: За беларускую Беларусь!
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Заява Зьезду Партыі БНФ: За беларускую Беларусь!

Дададзена 01.10.2017 12:07:21 | 343 праглядаў

Падтрымка беларускай мовы, адукацыі і культуры – гарантыя ўстойлівасьці беларускай дзяржаўнасьці

Заява XVIII Зьезду Партыі БНФ

30 верасьня 2017 году

Мы, удзельнікі XVIII Зьезду Партыі БНФ, перакананыя, што развіцьцё беларускай мовы, адукацыі і культуры зьяўляюцца прынцыповай умовай і гарантыяй устойлівасьці беларускай дзяржаўнасьці. Мова – гэта душа народа. Без выразнай нацыянальнай і моўнай ідэнтычнасьці дзяржаўныя і грамадзкія інстытуцыі застануцца пазбаўленымі сэнсу існаваньня і чужымі для народа. Мы лічым безпадстаўнымі і небяспечнымі аблуды, што Рэспубліка Беларусь можа быць пабудаванай на іншым падмурку, апроч як нацыянальная беларуская дзяржава, заснаваная на грунце беларускай мовы, адукацыі і культуры.

Мы з занепакоенасьцю адзначаем, што, нягледзячы на пазытыўныя зрухі ў грамадзтве на карысьць беларушчыны, ў палітычным курсе дзейнай улады ў цэлым захоўваецца неспрыяльны вектар для развіцьця мовы і культуры тытульнай нацыі. Спрыяльнае стаўленьне грамадзтва да такіх праяваў нацыянальнай культуры як нацыянальны арнамент ня можа кампенсаваць наяўнай дыскрымінацыі беларускай мовы ў дзяржаўных установах, зьмяньшэньня аб’ёму беларускамоўнага школьніцтва, адсутнасьці вышэйшай адукацыі на беларускай мове, недабразычлівага, а часам і адкрыта варожага стаўленьня асобных дзяржслужбоўцаў да праяваў нацыянальнай культуры і беларускай ідэнтычнасьці ў грамадзкім жыцьці. Цяперашняя дзяржаўная палітыка ўціску на структуры грамадзянскай супольнасьці, невыкарыстаньне яе патэнцыялу ў культурніцкай сфэры, а таксама неэфэктыўнае супрацоўніцтва з беларускай дыяспарай і слабая падтрымка беларусаў замежжа шкодзяць нацыянальным інтарэсам.

Гэткі дзяржаўны курс зьяўляецца памылковым і, у даўгатэрміновай пэрспэктыве, небясьпечным для ўстойлівасьці беларускай дзяржавы. Рэспубліка Беларусь будзе ўстойлівай і моцнай дзяржавай толькі тады, калі будзе ўсьведамляць і рэалізоўваць сабе як нацыянальная дзяржава беларускага народу, якая створаная і развіваецца як форма дзяржаўнага будаўніцтва беларускай нацыі, на аснове беларускай нацыянальнай культуры і беларускай мовы. Безумоўным прыярытэтам для дзяржаўнай палітыкі павіннае быць развіцьцё беларускамоўнай адукацыі на ўсіх узроўнях, уключна з унівэрсітэцкім.

На цяперашнім этапе ў якасьці першачарговых крокаў для зьмяненьня дзяржаўнай палітыкі мы разглядаем наступныя захады, скіраваныя на развіцьцё беларускай мовы, адукацыі і культуры:

-  Стварэньне на заканадаўчым узроўні дзяржаўнай праграмы развіцьця адукацыі на беларускай мовы, з прыярытэтнай дзяржаўнай падтрымкай грамадзкай ініцыятывы па стварэньні беларускага нацыянальнага ўнівэрсітэту, у якім адукацыя будзе весьціся на беларускай мове.

-  Перавод дзяржаўнага справаводзтва і законапраектнай дзейнасьці на беларускую мову, каб усе нарматыўна-прававыя акты распрацоўваліся і прымаліся на беларускай мове.

-  Замацаваньне на заканадаўчым ўзроўні гарантыяў атрыманьня спажыўцамі тавараў і паслугаў інфармацыі пра тавары і паслугі на беларускай мове.

-  Увядзеньне ў беларускую замежнапалітычную дактрыну ў якасьці імператыву падтрымку суачыннікаў за мяжой, у тым ліку з распрацоўкай канцэпцыі “карты суайчынніка”, якая б замацоўвала сувязь беларускай дыяспары з Бацькаўшчынай.

-  Павелічэньне дзяржаўнага фінансаваньня праграмаў па развіцьці беларускай культуры і мовы, у тым ліку з выдзяленьнем сродкаў на конкурснай аснове недзяржаўным ініцыятывам і арганізацыям грамадзянскай супольнасьці.

Снежань 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.