Партыя БНФ » Заява Зьезду Партыі БНФ: Саюз з Крамлём – камень на шыі беларускай дзяржаўнасьці
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Заява Зьезду Партыі БНФ: Саюз з Крамлём – камень на шыі беларускай дзяржаўнасьці

Дададзена 30.09.2017 5:30:48 | 282 праглядаў

Заява XVIII Зьезду Партыі БНФ

30 верасьня 2017 году

 

Расейская Фэдэрацыя, няздольная вызваліцца з мафіёзна-карупцыйных абцугоў, зьменшыць сваю крытычную залежнасьць ад цэнаў на нафту й газ, ці скараціць навукова-тэхналягічнае адставаньне ад разьвітых краінаў, стала эканамічным тытанікам пачатку XXI ст., які павольна, але неўнікнёна ідзе на дно, пагражаючы пацягнуць за сабою ў вір бліжэйшых суседзяў. Ідэалягія барбарскага антыцывілізацыйнага імпэрыялізму, пры гэтым, усё болей апаноўвае як кіроўныя эліты, так і  насельніцтва – фактычна ператварыўшыся ўжо ў афіцыйную падставовую ідэю Расеі. Прыхільнікі яе адкрыта заклікаюць да перагляду межаў, да распальваньня войнаў і сутычак, запазычваюць злавесныя ідэі прымусу і падаўленьня адначасова са сталінізму і нацызму, адмаўляюць сувэрэнітэт Беларусі, і самое існаванне беларускага народу. Гэтыя фактары робяць нават само знаходжаньне Беларусі ў зьвязе з РФ шкодным, асабліва ў доўгатэрміновай пэрспэктыве, для нацыянальных інтарэсаў беларускага народу.

 

І надзвычай шкодным ёсьць удзел беларускіх узброеных сілаў у сумесных вучэньнях з вайсковымі фармаваньнямі РФ, бо такія падзеі робяць Рэспубліку Беларусь у вачах міжнароднай супольнасьці несамастойнай, залежнай ад прыхамацяў Крамля, суўдзельніцай імпэрскай агрэсіўнасьці – гэта пагражае ўзаемнакарысным дачыненьням з суседзямі і гандлёвымі партнэрамі, што ўрэшце можа мець мець нэгатыўныя наступствы як з палітычнага, так і з эканамічнага боку, і можа сумным чынам адбіцца на бясьпецы і дабрабыце кожнага беларуса.

 

Партыя БНФ, кіруючыся ўсьведамленьнем і абавязкам абароны інтарэсаў беларускага народу:

 

- заяўляе, што Рэспубліка Беларусь мусіць пакінуць імпэрскія псэўдасаюзьніцкія структуры, у першую чаргу г.зв. Арганізацыю Дамовы аб Калектыўнай Бясьпецы (АДКБ);

- асуджае вучэньні расейскіх узброеных сілаў на тэрыторыі нашай краіны;

-     патрабуе вываду ваенных аб’ектаў пад кіраваньнем Масквы тэрыторыі Рэспублікі Беларусь;

-     заяўляе пра неабходнасьць стварэньня паўнавартаснай памежнай інфраструктуры і абсталяваньня мяжы паміж Беларусьсю ды Расейскай Фэдэрацыяй, а таксама неадкладнага ўвядзеньня кантролю на мяжы з Расеяй;

- заяўляе пра неабходнасьць ўзмацненьня самастойнасьці Ўзброеных Сілаў РБ, падвышэньня ўзроўню тэхнічнага аснаджэньня, і, што найважней, выхаваньню праўдзівага патрыятызму ў шэрагах УС, бязь недарэчных рудымэнтаў савецкай мінуўшчыны, з апорай на гісторыю і традыцыі Беларусі і беларускага народу.

Жыве Беларусь! Жыве беларускае войска!

Снежань 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.