Заява Зьезду Партыі БНФ: Будучыня краіны – Міжмор’е!
Дададзена 30.09.2017 5:39:46 | 2,371 праглядаў
Заява XVIII Зьезду Партыі БНФ
30 верасьня 2017 году
Сучасны гістарычны момант характарызуецца адраджэньнем канцэпцыі саюзу краінаў паміж Балтыйскім, Чорным і Адрыятычным марамі, каротка названы Міжмор’ем ці Трохмор’ем.
Неабходна нагадаць, што Партыя БНФ разам з іншымі палітычнымі сіламі гэтай часткі Эўропы, стаяла ля вытокаў падобнай канцэпцыі, прадэкляраваўшы ў пачатку 90-х год ХХ ст. ідэю стварэньня Балта-Чарнаморскага Саюзу.
Дзеяньні праціўнікаў гэтай канцэпцыі, як і негатоўнасьць краінаў рэгіёну пайсьці за ёй тады, адсунулі рэалізацыю палітычнага праекту. Падзеі канца 2000-х гадоў, агрэсія Расеі, слабасьць і ўнутраны разлад у краінах “Старой Эўропы”, нязьменная роля Злучаных Штатаў Амэрыкі, як гаранта бясьпекі ў Эўропе і згодна з Будапэшцкім Мэмарандумам, аднаго з гарантаў незалежнасьці Рэспублікі Беларусь, усьвядомілі ўсім краінам, што ў нас адзіны лёс і нам няма чаго дзяліць.
Краіны Міжмор’я аб’яднаныя як супольным гістарычным лёсам, падабенствам культураў, так і супольнымі эканамічнымі інтарэсамі. Асноўнай задачай для ўсіх нас зьяўляецца пазбаўленьне ад залежнасьці ў энэргарэсурсах і ўмацаваньне свайго статусу як транзітных краінаў.
Натуральным ахоўным парасонам над краінамі Міжмор’я зьяўляюцца сілы НАТА, якія стаяць на варце супакою і парадку ў Эўропе. Адным з лёзунгаў Партыі БНФ ёсьць лёзунг “Вяртаньня ў Эўропу”. Пад такім вяртаньнем мы разумеем, перад усім, уваходжаньне Беларусі ў НАТА і далучэньне да альянсу краінаў Міжмор’я. Тут мы зможам сапраўды адчуць сябе ў бясьпецы і мець мажлівасьці для разьвіцьця ўсіх талентаў і сілаў нашага народу.
Незалежнасьць і свабода – у сяброўскай сям’і краінаў Міжмор’я!