Партыя БНФ » Заява Зьезду Партыі БНФ аб сьвяткаваньні стагоддзя незалежнасьці БНР
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Заява Зьезду Партыі БНФ аб сьвяткаваньні стагоддзя незалежнасьці БНР

Дададзена 01.10.2017 4:34:09 | 231 праглядаў

Заява XVIII Зьезду Партыі БНФ

30 верасьня 2017 году

“АБ СВЯТКАВАНЬНІ 100-ГОДДЗЯ АБВЯШЧЭНЬНЯ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ БЕЛАРУСКАЙ НАРОДНАЙ РЭСПУБЛІКІ”

25 сакавіка 2018 году – найвялікшы юбілей у гісторыі Беларусі. Сто гадоў таму была прынятая 3-я Устаўная грамата БНР, якая абвясьціла незалежнасьць Беларусі ў яе этнічных межах:

“Цяпер мы, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, скідаем з роднаго краю апошняе ярмо дзяржаунай залежнасьці, якое гвалтам накінулі расійскіе цары на наш вольны і незалежны край.

Ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца Незалежнай і Вольнай Дзяржавай.”

Менавіта з гэтага часу беларускі народ заняў свой “пачэсны пасад між народамі” і стаў суб’ектам міжнароднага права. Беларусы атрымалі шанец стварыць свае ўласныя дзяржаўныя ўстановы, сваю сыстэму адукацыі, разгалінаваную сетку культурніцкіх асяродкаў, дзяржаўны статус нашай сымболікі і мовы, наяўнасьць дыпляматычных стасункаў зь іншымі дзяржавамі, сацыяльныя і эканамічныя правы для ўсіх грамадзянаў.

Менавіта так склаўся падмурак сучаснай беларускай дзяржаўнасьці і незалежнасьці. Без абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі не было б сучаснай Рэспублікі Беларусь. Таму юбілей яе ёсьць найважнейшым сьвятам для ўсіх тых, для каго нашая незалежнасьць і суверэнітэт ёсьць сапраўднымі каштоўнасьцямі.

У 1990 годзе, па ініцыятыве Беларускага Народнага Фронту, пачалося масавае сьвяткаванне Дня Волі па ўсёй нашай краіне. У 1996 годзе Партыя БНФ стварыла першы агульнанацыянальны Аргкамітэт па сьвяткаваньні Дня Волі на чале з Васілём Быкавым, і з гэтага часу Дзень Волі стаўся сімвалам змаганьня беларусаў за сваю незалежнасць.

Напярэдадні сьвята 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі Партыя БНФ звяртаецца да ўсіх беларусаў: “Шаноўныя грамадзяне, давайце разам годна адсьвяткуем стагодзьдзе пачатку нашай сучаснай дзяржаўнасьці!”

Зьвяртаемся да ўсіх беларускіх партый і рухаў: “Далучаймася да працы агульнанацыянальнага аргкамітэту па сьвяткаваньні  стагодьдзя абвяшчэньня нашай незалежнасьці!” Партыя БНФ спадзяецца, што ўсе, для каго дзяржаўнасьць і незалежнасьць Беларусі ёсьць каштоўнасьцямі, увойдуць у гэты аргкамітэт. Мы лічым, што першыя мерапрыемствы павінны быць арганізаваныя на стагодзьдзе Усебеларускага Кангрэсу, які адбываўся з 5 па 17 снежня 1917 года ў г. Менску.

Мы таксама зьвяртаемся да дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь з заклікам правесьці сьвяткаванне гэтай юбілейнай даты на дзяржаўным узроўні. Пры гэтым Партыя БНФ гатовая ўзяць на сябе распрацоўку дэтальнага пляну дзяржаўных сьвяточных мерапрыемстваў.

Як адзін з суб’ектаў Віленскага мэмарандуму, Партыя БНФ бачыць Раду Беларускай Народнай Рэспублікі галоўным  ўдзельнікам ўсіх  сьвяточных мерапрыемстваў, арганізаваных як грамадствам, так і дзяржавай, як у Беларусі, так і ў замежжы.

Людзі Беларусі!  Годна адсьвяткуем разам юбілей абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі! Як гучыць у Гімне БНР: “Выйдзем шчыльнымі радамі !”

Няхай жыве Дзень Волі!

Жыве Рада Беларускай Народнай Рэспублікі!

Жыве Беларусь!       

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.