Партыя БНФ » Зьезд БНФ: Спыніць палітычныя рэпрэсіі! Свабоду палітвязьням!
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Зьезд БНФ: Спыніць палітычныя рэпрэсіі! Свабоду палітвязьням!

Дададзена 02.10.2017 12:02:56 | 206 праглядаў

Заява XVIII Зьезду Партыі БНФ

30 верасьня 2017 году

Зьезд Партыі БНФ з занепакоенасьцю адзначае, што цяперашнія ўлады Беларусі захоўваюць адміністратыўны і крымінальны перасьлед у якасьці сродку барацьбы супраць палітычных апанэнтаў і супраць незалежных грамадзкіх структураў.

У арсенале палітычна матываванага ўціску асабліва абуральнымі зьяўляюцца:

-        Масавы адміністратыўны перасьлед у выглядзе затрыманьняў, арыштаў і буйных штрафаў у дачыненьні да ўдзельнікаў мірных акцыяў пратэсту, у тым ліку ў гэтым годзе – сотняў удзельнікаў (у тым ліку дзясяткаў актывістаў БНФ) справядлівых мірных пратэстаў супраць сацыяльнай палітыкі дзяржавы ў выглядзе недарэчнага і памылковага “падатку на дармаедаў”, уведзенага дыкрэтам №3.

-        Нагнятаньне істэрыі ў дзяржаўных СМІ напярэдадні сёлетняга Дня Волі 25 сакавіка, а таксама разгортваньне крымінальнага перасьледу дзясяткаў актывістаў і былых актывістаў патрыятычных арганізацыяў у межах гэтак званай “справы патрыётаў”, якім было прад’яўленае абвінавачаньне ў падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў, а пасьля развалу гэтага неабгрунтаванага абвінавачаньня – канструяваньне відавочна беспадстаўнай новай крымінальнай справы па стварэньні незаконнага ўзброенага фармаваньня.

-        Ператрусы, допыты і затрыманьні ў межах крымінальнай справы супраць незалежных прафсаюзаў, адзін з кіраўнікоў якіх цяпер знаходзіцца пад вартай.

Партыя БНФ рашуча асуджае ўціск на адвакатаў, якія абараняюць ахвяраў палітычнага перасьледу, і разглядае пазбаўленьне магчымасьці займацца прафэсійнай адвакацкай дзейнасьцю як спробу пазбавіць ахвяраў палітычнага перасьледу магчымасьці прававой абароны ад несправядлівага і палітычна матываванага перасьледу.

Партыя БНФ патрабуе:

-        Вызваленьня ўсіх асобаў, якія кваліфікаваныя беларускімі правабарончымі арганізацыямі як палітычныя вязьні, у тым ліку Ігара Комліка, Зьміцера Паліенкі, Міхаіла Жамчужнага.

-        Спыненьня крмінальных справаў супраць фігурантаў “справы патрыётаў” і  зьняцьця ўсіх абвінавачаньняў у стварэньні незаконнага ўзброенага фармаваньня.

-        Спыненьня крмінальнай “справы прафсаюзаў” і зьняцьця ўсіх абвінавачаньняў супраць фігурантаў гэтай справы.

-        Спыненьня практыкі перасьледу ўдзельнікаў мірных акцыяў пратэсту і стварэньня заканадаўчых і практычных гарантыяў свабоднай рэалізацыі грамадзянамі права на ўдзел у мірных сходах.

Зьезд Партыі БНФ просіць міжнародныя фэдэрацыі па відах спорту прымаць пад увагу існы аўтарытарны палітычны рэжым у Беларусі і сыстэмныя парушэньні правоў чалавека ў краіне пры разглядзе заявак на правядзеньне міжнародных спаборніцтваў у Беларусі і не дапускаць выкарыстаньня такіх спаборніцтваў у якасьці падставы для палітычных рэпрэсіяў.

Зьезд Партыі БНФ даручае кіраўніцтву партыі зьвярнуцца да ўладаў Латвіі і аргкамітэту чэмпіянату сьвету 2021 году па хакеі на лёдзе з мэтай прадухіленьня хвалі рэпрэсіяў у часе турніру, падобнай на тую, што адбылася падчас чэмпіянату сьвету 2014 году.

Кастрычнік 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Вер    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.