Партыя БНФ » Алесь Кіркевіч тлумачыць, навошта Беларусі патрэбны БНФ
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Алесь Кіркевіч тлумачыць, навошта Беларусі патрэбны БНФ

Дададзена 03.10.2017 11:26:50 | 467 праглядаў

Журнаіст і літаратар Алесь Кіркевіч тлумачыць чытачам сайту тэлеканала Белсат, чаму Беларусі патрэбны Беларускі народны фронт.

Часы змяняюцца, усё мінае. І БНФ ужо не той, і Лукашэнка, і краіна, і мы з вамі, інтэрнэт-карыстальнік. Вы глядзіце на свет «крытычна» і «адэкватна», як Вам падаецца, таму не хацелі б у ім пакінуць нічога, акрамя самога сябе: усё рэшта – састарэлае і лішняе…

Да чаго ўся гэтая дэгрэсія? На выходных прайшоў 18-ы З’езд БНФ, легендарнай партыі, што некалі паспрыяла вяртанню незалежнасці нашай краіны. Справы ў партыі зараз неважнецкія, таму любыя навіны пра яе ды ейных функцыянераў найчасцей вітаюцца кпінамі: «Ну, што там у пенсіянераў?» «Каго там – Рыгорку выбралі?» і г.д. Як у Ніцшэ: «Бачыш каго на краю прорвы – штурхані».


Пікеты БНФ – рэдкая нагода ўбачыць БЧБ сцяг на вуліцы ў рэгіёнах

А сур’ёзна – ці патрэбны нам той БНФ, які некалі быў магутнай сілай, а сёння пераўтварыўся ў тое, у што пераўтварыўся?

Можа час мінуў і варта ўжо самараспусціцца ды разысціся па дамах? Палітыкі ў краіне няма, дык навошта нам гэтыя няўцямныя прэтэнзіі на «палітычную дзейнасць»? Што толку? Вы ж так лічыце, праўда? А я – не.

Так, у Беларусі сёння няма палітыкі, яна была некалі і будзе калісьці ў будучым. І вось акурат для гэтай будучыні, дня заўтрашняга, немінуча спатрэбяцца партыі – структуры, пад сцягамі якіх можна будзе сабрацца. Вы думаеце, што падчас пераменаў усё старое адамрэ і прыйдуць цалкам новыя сілы і партыі? Магчыма. Але, найхутчэй, прыйдуць акурат новыя людзі, а вось партыі застануцца тыя ж – правыя, левыя, цэнтрысты і г.д. І тады акурат БНФ зможа ўзяць свае 20% у парламенце, стаўшы паўнавартасным палітычным суб’ектам.

А што ж зараз? А зараз, ва ўмовах аўтарытарнай улады ды перманентнай пагрозы з боку Расеі, нам як паветра патрэбны палітычна-аформлены кірунак на адстойванне незалежнасці, нават калі гэта толькі дэкларацыі – «пусты гук». Калі такой партыі, нават хворай, слабой і нямоглай, не стане – гэта будзе ўдарам для ўсіх патрыётаў: яшчэ адзін бар’ер на мяжы з усходнім суседам знікне. БНФ, як не парадаксальна, таксама фактар нацыянальнай бяспекі, пра што ведаюць і Лукашэнка, і Пуцін, і нават котка, якая жыве на офісе партыі на Чарнышэўскага, 3 – усе, акрамя Вас, дарагі фэйсбук-карыстальнік.

Дык чаго ж «яны» зараз такія слабыя ды персвараныя?.. Скажыце, а хто зараз моцны – якая апазіцыйная партыя, рух, арганізацыя? Усе, здаецца, у больш-менш роўным становішчы. Адно, што Дзмітрыеву трэба са скуры вон лезці, каб піярыць сваю кампанію, а БНФ і так усе ведаюць – гэта брэнд, пад які ў блытаным светаўспрыманні сярэдняга беларуса падпадае і Дзмітрыеў, і Лябедзька, і Статкевіч, і ўсе астатнія.

У нас прынята кпіць з таго, што «БНФ – партыя не лідэра, а ідэі», але што можна супрацьпаставіць такому сцверджанню па факце? У Беларусі сёння дзве ідэалагізаваныя палітычныя сілы: камуністы і бэнээфаўцы. Усё рэшта – кан’юктурныя праекты, схільныя змяняць пазіцыю пад выбары, грошы, настроі ў грамадстве.

Час міне, але і камуністы, і бэнээфаўцы застануцца, бо гэта палярныя праекты, а без палюсоў і карціна свету немагчымая.


Народны фронт у «старыя добрыя часы»

Дарагі інтэрнэт-карыстальнік, вы скажаце, што абывацель не ведае нават сённяшняга лідара БНФ: Кастусёў, Янукевіч, Пазняк?.. Але ці гэта дрэнна? Я б, да прыкладу, хацеў жыць у краіне, дзе ўсё працуе і ты можаш не ведаць прозвішча прэзідэнта. Абывацель ведае, што БНФ – гэта нешта пра «нацыяналізм», мову, Пагоню і г.д. – гэтага дастаткова: калі ён пойдзе ў партыю, то не за Кастусёвым, а за каштоўнасцямі. Куды горш, калі арганізацыя ці кампанія ствараецца пад лідара, а калі той не спраўляецца – усё развальваецца, як было ўжо безліч разоў. У тым і розніца.


БНФ і камуністы – адзіныя ідэалагізаваныя партыі нашай краіны

БНФ, як і нашы сілавыя структуры – гэта зрэз грамадства. Там ёсць людзі, якія нам падабаюцца і сумленна робяць сваю працу, а ёсць карупцыянеры, здраднікі ды іншая набрыдзь – па-іншаму немагчыма. Але што будзе з краінай, пазбаўленай базавых дзяржаўных інстытутаў, такіх як войска ці міліцыя? Што будзе з грамадска-палітычным полем, пазбаўленым партыі, якая прадстаўляе патрыятычны кірунак? Правільна, будзе – Вейшнорыя.

Вейшнорыя – гэта ідэальны праект, які немагчыма нават крытыкаваць, бо ён – віртуальны. За гэта яго і любяць. Адэптам Вейшнорыі нічога не трэба рабіць, ад іх нічога не патрабуецца, акрамя лайкаў, рэпостаў, сцёбу і вай-фая. Так працуе наша сучаснасць: усе бездакорныя праекты – віртуальныя, усё рэальнае – офлайнавае – дрэннае, бо патрабуе адарваць вочы ад экрану гаджэта.

Дарагі інтэрнэт-карыстальнік, Вам жа няма розніцы каго крытыкаваць: БНФ, парады, беларускае войска, вучэнні… Распусціць, аддаць, скасаваць – хай застанецца адно стол, ноўтбук, віртуальная Вейшнорыя, кава з малаком і – хопіць. А нам і рэшце краіны БНФ яшчэ спатрэбіцца, вось паглядзіце.

Алесь Кіркевіч, belsat.eu

 

Снежань 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.