Партыя БНФ » Юрась Зянковіч: Амэрыканскі адвакат, які хоча стаць прэзыдэнтам Беларусі
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Юрась Зянковіч: Амэрыканскі адвакат, які хоча стаць прэзыдэнтам Беларусі

Дададзена 04.10.2017 1:10:41 | 67 праглядаў

Госьць перадачы Віталя Цыганкова «Інтэрвію тыдня» на Радыё Свабода — сябра Партыі БНФ Юрась Зянковіч, беларускі грамадзянін, які цяпер жыве ў ЗША і працуе там адвакатам.

Зянковіч 2016На апошнім зьезьдзе Партыі БНФ разам з Аляксеем Янукевічам ён быў вылучаны ад партыі ў якасьці патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты на наступныя выбары. Юрась Зянковіч нагадвае, як у свой час дабіўся адзінай у Беларусі вуліцы імя Васіля Быкава, заяўляе, што Аляксандар Лукашэнка — у пэўным сэнсе саюзьнік апазыцыі, і сьцьвярджае, што атрымлівае пэўныя сыгналы з боку ўлады.

— Звычайна размову зь беларускімі палітыкамі не пачынаеш просьбай распавесьці пра сябе. Але ў сытуацыі з вамі, я мяркую, будзе дарэчным папрасіць вас нагадаць свой палітычны шлях да эміграцыі ў ЗША. Думаю, ня толькі шырокая публіка, але нават і палітычныя журналісты далёка ня ўсе памятаюць пра вашу палітычную дзейнасьць у Беларусі.

— Я думаю, гэта таму, што з моманту майго адʼезду ў ЗША прайшло 10 гадоў. Да таго, як я зьехаў, пра маю палітычную дзейнасьць, здаецца, было больш вядома. Я сябра партыі БНФ ад 1998 году, з 1999-га сябра Сойму, быў выканаўцам абавязкаў кіраўніка Менскай абласной арганізацыі. З 2003 па 2007 год быў дэпутатам Менскага раённага і Ждановіцкага сельскага саветаў. Удалося зрабіць некаторыя прыемныя рэчы. Найбольш вядомыя для слухачоў — тое, што на сёньня ў Беларусі існуе толькі адна вуліца Васіля Быкава, у пасёлку Ждановічы, дзе я быў дэпутатам. За гэта я асабіста змагаўся.

— Што вас прымусіла зьехаць у ЗША?

— Разуменьне палітычнай сытуацыі ў Беларусі. Я бачыў у 2007-м, што ў найбліжэйшым часе зьменаў у краіне ня будзе. І таму, па вялікім рахунку, ёсьць дзьве магчымасьці. Можна паехаць на Захад, падняць сваю кваліфікацыю, атрымаць новы досьвед, адукацыю. Або застацца ў Беларусі і рана ці позна сесьці ў турму. Я абраў першы шлях. Цяпер, калі я бачу, што ў Беларусі паціху насьпяваюць зьмены, я спадзяюся, што мой досьвед і веды прыдадуцца краіне.

— То бок вы лічыце, што сытуацыя ў Беларусі зьмянілася настолькі, што зноў зьявіўся нейкі сэнс займацца палітыкай?

— Калі б яна зьмянілася настолькі, каб гэта мела сэнс — думаю, мы б ужо жылі ў іншай краіне. Сытуацыя пакуль толькі сасьпявае да таго. Калі пабачыць, як зьмяніліся беларускія гарады, можна сказаць, што «ня ўсё толькі дрэннае зьвязана з Аляксандрам Лукашэнкам». Сыстэма, якую ён стварыў, зрабіла шмат карыснага. Але рэсурс гэтай сыстэмы вычарпаны, і без далейшых рэформаў, зьменаў кардынальнае паляпшэньне жыцьця беларусаў ужо не магчымае.

— Зьезд БНФ у суботу, 30 верасьня, прайшоў хоць і бурна, але пераважна паводле сцэнару кіраўніцтва. Магчыма, адзіным адхіленьнем ад гэтага сцэнару было ваша вылучэньне ў кандыдаты ў прэзыдэнты. Вы, вядома, падрыхтаваліся, выступілі даволі ярка. Але — ці было гэта зьбегам абставінаў, ці вы мэтанакіравана ішлі да гэтай мэты?

— Мне прыемна чуць, нібыта я быў «падрыхтаваны». На самой справе гэта быў поўны экспромт. І калі вы ўзгадаеце хаду зьезду, то чацьверты пункт парадку дня, пра вылучэньне кандыдатаў у прэзыдэнты, ня быў узгоднены ні з кім з рэгіянальных кіраўнікоў. І тое, што адбылося ў залі — гэта быў выразны бунт рэгіёнаў супраць кіраўніцтва.

Я не плянаваў падымаць гэтае пытаньне, асабіста абяцаў і Кастусёву, і Янукевічу, што ня буду гэтага рабіць. Але паколькі пайшла не зусім сумленная гульня — я вырашыў, што настаў час. Бо калі мы не заявім зараз пра палітычныя амбіцыі — усё ў партыі застанецца па-старому. У новых сілаў ня будзе магчымасьці заявіць пра сябе. Да мяне падышоў адзін з дэлегатаў і сказаў, што вылучыць мяне. Я не адмовіўся. І без падрыхтоўкі выступіў. Удалося сабраць 76 галасоў дэлегатаў зьезду.

— Ужо гучаць галасы, што вось чалавек, які жыве ў бясьпечных ЗША, працуе там адвакатам, вырашыў пагуляцца ў беларускую палітыку, што гэта ўсё несурʼёзна. Якія вашы далейшыя дзеяньні? Вось зараз вы вяртаецеся ў ЗША — і што, адтуль зьбіраецеся весьці прэзыдэнцкую кампанію?

Калі мы прыходзім у Беларусь, мы прыходзім надоўга, і прыходзім дзеля таго, каб змагацца за ўладу

— У першую чаргу мне трэба самому асэнсаваць сытуацыю, ацаніць свае магчымасьці, магчымасьці сваёй каманды. І самае галоўнае — мы не зьбіраемся гуляць у гульні. Калі мы прыходзім у Беларусь, мы прыходзім надоўга, і прыходзім дзеля таго, каб змагацца за ўладу, каб Партыя БНФ стала партыяй улады ў Беларусі.

— А што азначае «ваша каманда»?

— Гэта доктар Зьміцер Шчыгельскі, гэта старшыня партыі Рыгор Кастусёў, які падтрымлівае адразу двух кандыдатаў і на зьезьдзе галасаваў за дваіх. У ЗША ёсьць людзі з выдатнай амэрыканскай адукацыяй, досьвед якіх будзе незалішні ў Беларусі. На жаль, я не ўзгадняў зь імі, што буду называць іхнія імёны публічна.

— На мінулых парлямэнцкіх выбарах вы ўжо вылучаліся кандыдатам у дэпутаты, але выбарчая камісія вас проста не зарэгістравала, бо вы стала не пражываеце ў Беларусі. Калі вы хочаце ўсурʼёз прымаць удзел у прэзыдэнцкай кампаніі, то вам проста давядзецца стала пражываць у Беларусі.

— Па-першае, тое рашэньне выбарчай камісіі было спрэчным. У мяне ёсьць прапіска ў Беларусі, я рэгулярна бываю ў краіне. У мяне ёсьць бізнэс у Беларусі, які дзейнічае з 2002 году і рэгістрацыя якога не скасаваная. Я працягваю весьці гэты бізнэс. У беларускай палітычнай сыстэме пытаньне рэгістрацыі на выбарах — гэта пытаньне мэтазгоднасьці. Калі ўладам будзе больш небясьпечна мяне не рэгістраваць — яны самі прыдумаюць прычыну і юрыдычнае абгрунтаваньне.

Узгадайце выбары 2006 году, калі была зарэгістраваная ініцыятыўная група Зянона Пазьняка, які знаходзіўся ў падобнай да маёй сытуацыі. Бо гэта было палітычна мэтазгодна на той момант.

— Але як кандыдат ён так і ня быў зарэгістраваны.

— Ён ня быў зарэгістраваны, бо ня здолеў сабраць сто тысяч подпісаў. Калі я пайду на выбары, я перакананы, што мы зьбяром ня толькі 100 тысяч, але 250 тысяч подпісаў.

— Вы пісалі, што як адвакат дапамагаеце ў іміграцыйных справах. У «Інтэрвію тыдня» Аляксей Янукевіч казаў, што партыя БНФ ніколі не «гандлявала» партыйнымі білетамі. У вашай адвакацкай дзейнасьці вы калі-небудзь сустракаліся з такімі схемамі?

— Я чуў пра такія схемы. Але я ня чуў, каб такімі схемамі гуляліся прафэсійныя амэрыканскія адвакаты — бо гэта пытаньне крымінальнай адказнасьці. Пра сябе магу сказаць, што я ніколі ад майго кліента не прыму ніводнага фальшывага дакумэнту, бо мая ліцэнзія і маё добрае імя ў Амэрыцы для мяне нешта значаць.

Тое самае датычыць Рэспублікі Беларусь. Я ня буду нічога рабіць, што ідзе насуперак закону, ня буду падстаўляць свой аўтарытэт і імя дзеля нейкіх гульняў, дзеля таго каб пабыць у статусе кандыдата і пацешыць сваё самалюбства. Калі я прыходжу і рэгіструюся кандыдатам у прэзыдэнты — то гэта толькі дзеля таго, каб заняць першае месца і заняць прэзыдэнцкі палац.

— Вядома, дэманстраваць упэўненасьць — гэта важная якасьць для палітыка. Але наколькі гэта ўсё рэалістычна?

Людзі пры ўладзе чакаюць нармальнага кандыдата

— Калі б выбары былі абвешчаныя сёньня, я б нават ня стаў спрабаваць. Бо не гатовыя ні я, ні грамадзтва. Але ёсьць пэўныя прыкметы, зрухі ў грамадзтве, сярод уладных колаў, якія кажуць, што праз 2-3 гады такі сцэнар стане магчымым. Сярод уладаў ёсьць сапраўдныя патрыёты Беларусі, людзі з практычным досьведам. Апазыцыйныя палітычныя партыі, калі б нават сёньня прыйшлі да ўлады — ня здолелі б запоўніць усе кіроўныя вакансіі ў краіне. Таму я лічу, што без падтрымкі хаця б часткі дзейнай эліты вылучэньне ня мае сэнсу, бо перамога будзе немагчымая. Я спадзяюся і атрымліваю пэўныя сыгналы з боку ўладных чыноўнікаў, што такая падтрымка пры пэўных умовах магчымая і што людзі пры ўладзе чакаюць нармальнага кандыдата. Які будзе змагацца за ўладу, а не за статус кандыдата ў прэзыдэнты.

— Наколькі ў вашай кампаніі будзе граць ролю элемэнт пэўнай экзатычнасьці? «Амэрыканскі адвакат хоча стаць прэзыдэнтам Беларусі».

— Я пражыў дастаткова шмат часу па-за межамі Беларусі, каб страціць пэўныя асабовыя сувязі. У Беларусі шмат якія рэчы пабудаваныя на сувязях, кумаўстве, сяброўстве, блаце. Думаю, мая кандыдатура можа быць прывабная для шмат якіх колаў грамадзтва, колаў намэнклятуры — менавіта таму, што я не зьвязаны гэтымі кланавымі сувязямі. Менавіта таму, што я вонкавы чалавек, які будзе дзейнічаць строга па законе, строга па правілах справядлівасьці.

— Людзі часам успрымаюць усіх апазыцыйных кандыдатаў як нешта адзінае, але яны ідэалягічна вельмі розныя. Зь якімі прынцыпамі вы як палітык і прадстаўнік БНФ хацелі б пайсьці на выбары?

— Перш за ўсё я хачу абʼядноўваць, а не разьядноўваць. У нас адна краіна, адзін лёс, і няма чаго дзяліць. Таму я лічу, што трэба шукаць самага шырокага паразуменьня. На сёньня, як гэта ні банальна гучыць, нават Аляксандар Лукашэнка ў пэўным сэнсе наш саюзьнік. Бо ён дбае пра незалежнасьць Беларусі, ён яе бароніць. І, як казаў Напалеон, палітыка пачынаецца з мапы. Мы павінна заўсёды глядзець на мапу і памятаць, што знаходзіцца ў нас на Ўсходзе. Памятаць, што толькі ўсе разам, абʼяднаныя, як адна беларуская нацыя мы можам процістаяць той небясьпецы, якая можа прыйсьці ў любы момант на тэрыторыю нашай краіны.

Беларусы заўсёды кажуць «абы не было вайны». Цалкам з гэтым згодны. Я бачу, што адбываецца ва Ўкраіне, і мне вельмі ня хочацца, каб нешта падобнае адбывалася ў Беларусі. Таму ніякіх рэвалюцыяў, ніякіх Плошчаў. Мы можам разьвівацца толькі эвалюцыйным шляхам, на базе дыялёгу сярод самых шырокіх слаёў грамадзтва.

Паводле Радыё Свабода

Кастрычнік 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Вер    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.