Партыя БНФ » Акцыя не адбылася, але на заяўнікаў з Моладзі БНФ склалі пратаколы
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Акцыя не адбылася, але на заяўнікаў з Моладзі БНФ склалі пратаколы

Дададзена 11.10.2017 3:44:02 | 149 праглядаў

Мінгарвыканкам распачаў справы аб адміністратыўным правапарушэнні супраць актывістаў Моладзі БНФ у адказ на скаргу наконт забароны на правядзенне шэсця 25 жніўня. Заяўнікам пагражае ад 20 да 40 базавых адзінак штрафу альбо арышт.

Нагадаем, што 6 кастрычніка адбыўся суд паміж актывістамі Моладзі БНФ і Мінгарвыканкамам. На паседжанні разглядалася скарга заяўнікаў (Сакалова Багдана, Ягора Сяргіенкі, Дзяніса Мандзіка і Кацярыны Шуст) на забарону святочнага шэсця 25 жніўня гэтага года, які планаваўся па традыцыйным для апазіцыі маршруце. Суд заяўнікі прайгралі.

За дзень да паседжання, кожнаму з заяўнікаў патэлефанаваў прадстаўнік УУС Маскоўскага раёна і запрасіў актывістаў на асабістую сустрэчу. Ужо на месцы маёр міліцыі Сяргей Астаф’еў патлумачыў, што на іх заведзена адміністратыўная справа па частцы 2 артыкула 23.34 Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэньнях. Гэты пункт прысвечаны парушэнню парадка правядзення масавага мерапрыемства і прадугледжвае штраф ад 20 да 40 базавых велічынь або адміністратыўны арышт.

Наконт самой сустрэчы распавядае адзін з заяўнікаў, актывіст Моладзі БНФ Ягор Сяргіенка:

«7 кастрычніка мяне вызвалі ў УУС Маскоўскага раёна да намесніка начальніка Астаф’ева. Гэта было звязана з тым, што яшчэ ў жніўні мы планавалі арганізаваць мітынг і шэсце 25 жніўня, але мерапрыемства адмянілі, бо Мінгарвыканкам адмовіў у шэсці. Цяпер нам шыюць артыкул 23.34 частка 2 у сувязі з тым, што пісьмовай адмовы ў Мінгарвыканкам не паступіла. Я лічу, што Мінгарнвыканкам у помсту за тое, што мы падалі ў суд, спрабуе такім чынам нас запужаць. Але падаецца смешным тое, што прадстаўнікі гарадской адміністрацыі тэлефанавалі мне самі і ведалі, што мерапрыемства не будзе; акрамя таго, пра гэта можна было даведацца са СМІ ды сацыяльных сетак. А цяпер яны нешта гавораць пра парушэнне парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў. Сваю віну ў гэтым я не прызнаю, і лічу дастатковым тое, што мы зрабілі для інфармавання».

Іншыя актывісты таксама лічаць, што дадзеная справа – помста Мінгарвыканкама на іх суд. Сваёй віны, за якую трэба несці адказнасць, заяўнікі не прызнаюць і плануюць змагацца за сваю праўду ў судзе. Не выключана, што ў выпадку пройгрыша, яны будуць яго абскаджваць далей.

Паводле газэты “Народная воля

Кастрычнік 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Вер    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.