Партыя БНФ » Сябра БНФ Васіль Астроўскі не ўключаны ў новы склад Рады па разьвіцьці прадпрымальніцтва
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Сябра БНФ Васіль Астроўскі не ўключаны ў новы склад Рады па разьвіцьці прадпрымальніцтва

Дададзена 13.10.2017 12:05:53 | 121 праглядаў

Бізнэсовец, сябра Партыі БНФ Васіль Астроўскі не застаўся ў новым складзе Рады па разьвіцьці прадпрымальніцтва. Аляксандар Лукашэнка сваім указам некалькі пашырыў яе паўнамоцтвы і зьмяніў склад.

Васіль Астроўскі кажа, што ніякай гутаркі наконт далейшай працы ў радзе зь ім не вялі:

Астроўскі«Са мной ніхто не размаўляў. Вы першы, ад каго я даведаўся пра перамены. З аднаго боку, для мяне гэта нечакана. З другога, пасьля таго як я ўступіў у Партыю БНФ і пачаў выступаць ня толькі ад сябе, але і ад імя партыі, я чакаў, што нешта такое адбудзецца.

Першы раз такое здарылася, калі я ачольваў такую ж раду пры менскім гарвыканкаме. Тады яе спачатку зусім скарацілі, а пасьля зрабілі нейкае новае ўтварэньне, але ўжо без майго ўдзелу. Прымітыўна і сьмешна. Тут хоць можна сьпісаць маё выключэньне на кадравую ратацыю. Але, я думаю, галоўная прычына тая, што я ўвайшоў у апазыцыйную партыю».

Бізнэсовец з Валожына Васіль Астроўскі працаваў у Радзе па разьвіцьці прадпрымальніцтва 5 гадоў. У Партыю БНФ ён уступіў у 2016 годзе, перад выбарамі ў Палату прадстаўнікоў, вылучаўся кандыдатам у дэпутаты ад партыі.

Наконт эфэктыўнасьці працы прадпрымальніцкай рады ў Астроўскага няма ілюзій:

«Адкажу словамі зь вядомай байкі Івана Крылова „А вы, друзья, как ни садитесь, всё в музыканты не годитесь“. Па-другое, гэтая рада ніколі нічога не вырашала. Я на ёй прысутнічаў і адчуваў, што створаная яна не для дапамогі прадпрымальнікам, а для таго, каб нейкі высокі чыноўнік мог сказаць замежным гасьцям: у нас, бачыце, лібэралізацыя.

Я неаднойчы ўздымаў вострыя пытаньні. Але ж гэта было супраць шэрсьці. Таму і вынікаў не было. Скажу можа і востра, але з уласнага досьведу: гэта даволі нікчэмная арганізацыя, якая ня мае рэальнай моцы».

На пасадзе старшыні Рады па разьвіцьці прадпрымальніцтва, якую раней займаў Пётар Пракаповіч, цяпер кіраўнік апарату Савету міністраў Аляксандар Турчын, а на пасадзе намесьніка — уладальнік «Тытунь-Інвэсту» Павал Тапузідзіс. У ліку чальцоў Рады — эканаміст і кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2010 Яраслаў Раманчук, старшыня Банку разьвіцьця Рэспублікі Беларусь Сяргей Румас, кіраўнік «Амкадору» Аляксандар Шакуцін, дырэктар Парку высокіх тэхналёгій і стваральнік БРСМ Усевалад Янчэўскі ды іншыя.

Цяпер да кампэтэнцый Рады адносіцца разгляд і ўзгадненьне (але не прыманьне) прававых актаў, у тым ліку тэхнічнага характару, зьвязаных з прадпрымальніцкай дзейнасьцю, яна можа падаваць прамыя і абавязковыя да разгляду прапановы па ўдасканаленьні заканадаўства ва ўрад і Мінэканомікі. Таксама чальцы Рады будуць працаваць у грамадзка-кансультацыйных радах па разьвіцьці прадпрымальніцтва, якія будуць стварацца ў тым ліку пры мясцовых органах улады.

Паводле Радыё Свабода

Кастрычнік 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Вер    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.