Партыя БНФ » Інтэрвію Рыгора Кастусёва парталу “Правы чалавека ў Магілёве”
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Інтэрвію Рыгора Кастусёва парталу “Правы чалавека ў Магілёве”

Дададзена 13.10.2017 12:11:27 | 186 праглядаў

Магілёўскі рэгіянальны партал “Правы чалавека ў Магілёве” даведваўся ў новага кіраўніка Партыі БНФ, што ён думае пра дармаедскія акцыі, якія выклікі стаяць перад ім і колькі людзей далучаюцца да Народнага фронту.

Рыгор КастусёўРыгор Кастусёў – беларускі дзеяч, які ад 1989 году актыўна займаецца палітыкай. Яшчэ з часу стварэння Партыі БНФ ён узначаліў Шклоўскую раённую арганізацыію БНФ. З 2002 па 2009 кіраваў Магілёўскай абласной арганізацыяй БНФ. Апошнія 8 гадоў з’яўляўся намеснікам старшыні партыі БНФ  і ГА БНФ “Адраджэньне”. У 2010 удзельнічаў у прызідэнцкіх выбарах у якасці кандыдата.

30 верасня на ХVIII справаздачна-выбарчым з’ездзе партыі БНФ і ГА БНФ “Адраджэнне” Рыгор Кастусёў был абраны старшынёй.

– Ці хацелі вы быць кіраўніком БНФ і што зараз адчуваеце?

– Я прыхільнік таго, каб на такія пасады выбіраць маладых людзей. І таму зараз я прыцягваю да сябе і ў якасці намеснікаў маладых людзей і увогуле моладзь. Калі ў партыі ёсць моладзь, у партыі ёсць будучыня.

Складанасці ёсць, але яны вырашаюцца. І на арэнду офіса мы знайшлі грошы і электрычнасць нам ізноў падключылі, і з’езд правялі. У цяжкі час я вырашыў узяць на сябе адказнасць. Гэта праца вялікая. Але трэба выходзіць з той сітуацыі, у якой мы апынуліся.

– Што першае трэба вырашыць?

– Нельга так падзяляць. Усе пытанні важныя. І дамова на арэнду офіса сканчаецца. І фармаваць кіруючыя ворганы, бо з’езд Сойм абраў, але трэба абраць і Управу, трэба сфармаваць паліткамісію. Шмат яшчэ спраў. Мы будзем удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах і мы ўжо распачалі дзейнасць у гэтым накірунку. Вырашаем пытанні с падрыхтоўкай да мясцовых выбараў. Рыхтуемся таксама да парламенцкіх выбараў. Часу застаецца вельмі няшмат. На маю думку, да прэзідэнцкай кампаніі трэба было рыхтавацца яшчэ пазаўчора, адразу пасля мінулых выбараў прэзідэнта.

– Аляксей Янукевіч, якога вы вылучаеце на кандыдацтва ў прэзідэнты. Менавіта пры ім БНФ апынулася ў сённяшняй сітуацыі, таксама яму нібыта не стае харызмы. Ён не так заўважаны на інфармацыйным полі, як тыя ж Рымашэўскі ці Лябедзька, якія прыязджалі ў Магілёў некалькі дзён таму. Наколькі варта ўвогуле ставіць такога чалавека “на прэзідэнства”?

– Я б не сказаў, што партыя апынулася ў цяжкім стане, бо ёй кіраваў Аляксей Янукевіч. Складаныя часы зараз у ва ўсіх партыях. У Менску толькі ў некалькіх арганізацый засталіся офісы, яшчэ меней маюць рэгіянальныя прадстаўніцтвы. Калі казаць, што вінаваты Аляксей, то трэба казаць, што вінаваты і я, і іншыя намеснікі. Але прычына не ва ўнутраных праблемах партыі, а ў знешніх, з якімі сутыкаюцца ўсе дэмакратычныя арганізацыі нашай краіны.

Што датычна асабістых якасцяў Аляксея Янукевіча. Вось вы кажаце пра Лябедзьку, які прыязджаў у Магілёў. Але паралельна Аляксей быў у горадзе Слонім у сувязі з гадавінай смерці нашага славутага партыйца Івана Шэгі. Ён там сустрэўся з нашымі сябрамі, з прадстаўнікамі з іншых арганізацый.

Мне цяжка ўсвядамляць вашыя словы пра адсутнасць папулярнасці, харызмы… Вось што такое харызма?

– Напрыклад у Расеі ёсць Аляксей Навальны. Там ёсць свае хібы, але яго бачна. Было больш-менш бачна Статкевіча, Лябедзьку праз вясновыя акцыі пратэсту.

– А я вось хачу ўспамятаць нябожчыка Качыньскага, былога прэзідэнта Польшчы. Ён таксама быў не моцна заўважны, але ж людзі яго абралі. Ці вельмі паважаны мной Вацлаў Гавел. Ён не граў на публіку, але меў поспех. Харызма – гэта яшчэ і розум, і адказнасць, і стаўленне да сваёй працы і ячшэ шмат-шмат фактараў.

А проста засвяціцца… Ну добра, прыехаў Лябедзька, сабралася трыццаць чалавек, якія яго ведаюць. Праца з насельніцтвам – гэта праца не з той тусоўкай, якія цябе ведаюць. Трэба, каб да цябе на сустрэчу шлі людзі, якія незаангажаваныя, новыя.

Менавіта такую працу трэба рабіць і такая праца будзе мець поспех. А так сабралася ну хай 30 чалавек на сустрэчу з лідарамі АГП, БХД і руху “За свабоду”. Ну што гэта, добра?

– Але ж гэта штосьці. У тым жа Магілёве я не ўспамятаю, калі БНФ праводзіла якое-небудзь мерапрыемства.

– БНФ зусім нядаўна ладзіла сход па вылучэнню дэлегатаў на З’езд партыі БНФ.

– Але ж інфармацыі ўсё роўна няшмат.

– Інфармацыя была ў некаторых СМІ.

– Ці гэта не пра ўнутраныя справы больш? Увогуле, складваецца адчуванне таго, што ў тым жа Магілёве гарадской суполкі БНФ нібыта няма, бо ў параўнанні з іншымі, ізноў жа, нейкіх мерапрыемстваў і падзей не адбываецца. І такія прэтэнзіі выказвае шмат хто.

– Пра гэта, напэўна, лепш запытаць у мясцовых каардынатараў, яны дадуць больш слушныя адказы. Я ўжо 8 год працую як намеснік старшыні партыі БНФ і да ўсіх стаўлюся аднолькава. Мне б хацелася б, каб усе суполкі актыўна працавалі па ўсёй краіне. Хто зараз больш актыўны – Брэст, Магілёў, Віцебск – мне сказаць складана.

– Добра. Люты-сакавік. Акцыі пратэста ў Магілёве. Сярод арганізатараў БНФ не было, нягледзячы на тое, што шмат у каго менавіта Народны фронт атаясамліваецца з вулічнай актыўнасцю. Чаму?

– Калі пра “дармаедскія акцыі”, то ў мяне ёсць сваё меркаванне. Я сам не пайшоў на іх і лічу, што правільна зрабіў. Там нашыя прадстаўнікі былі, наш сябра Аляксандр Страх выступаў на мітынгу ў Магілёве 25 сакавіка.

Колькі чалавек атрымалі папярэджанні аб неабходнасці аплаты “падатку на дармаедства”? Прыкладна 400 тысяч чалавек. Колькі выходзіла на вуліцы? У тым жа Магілёве – не больш за 300 чалавек. А колькі з іх тых, каго датычыўся “дэкрэт №3”? Яшчэ меней.

Калі “дармаеды” не хочуць самі абараняць свае правы, то і не трэба чакаць, што хтосьці зробіць гэта за іх.

Салідарнасць – гэта добрая справа. Але салідарнасць з тымі людзьмі, якія самі не клапоцяцца пра свае правы, сядзяць на канапе і чакаюць, што за іх хтосьці будзе змагацца – гэта ненармальная з’ява.

Я дапамагаю людзям. Але толькі тым, хто сам робіць працу, хто сам змагаецца. БНФ дапамагае арганізаваць, падказвае, але толькі калі супольнасць сама варушыцца. На першым месцы ў нас заўсёды нацыянальныя каштоўнасці.

– Вы казалі пра салідарнасць. Шмат людзей выйшлі на “недармаедзкія акцыі” у тым ліку і дзеля таго, каб скарыстацца сваім правам на свабоду мірных сходаў. Ці варта салідарнасці разам абараняць свае правы?

– Зразумела, што БНФ працуе ў гэтым накірунку. Звярніце ўвагу, на любых акцыях нашыя сябры заўсёды заўважаныя. Іншая справа, што вы, журналісты, не заўсёды любіце пазначаць, што гэта менавіта БНФ. Нават мяне неяк назвалі, што я – тады яшчэ намеснік старшыні партыі – “грамадскі актывіст”. Шмат хто са славутых людзей належыць да партыі БНФ, але пра гэта іншым разам проста не кажуць. Для нас піяр – не мэта. Мэта для нас – праца. Хоць канешне журналісты павінны больш шчыльна сачыць за гэтым.

– У размове вы выказалісь аб тым, што да партыі заўсёды павінны далучацца новыя людзі, незаангажаваныя людзі. А як гэта зрабіць і чаму ж тады ў партыю БНФ не ідзе натоўп людзей?

– А хто вам сказаў, што ў менскі офіс БНФ не ідзе натоўп людзей?

– То бок ідзе?

– Канкрэтныя лічбы: за апошнія два гады да “Моладзі БНФ” далучылася па ўсёй Беларусі 600 чалавек. У якой партыі ёсць такі поспех? Гэта добры паказчык.

– Пры гэтым, наколькі я ведаю, у тым жа Магілёве суполкі “Моладзі БНФ” няма.

– Тое, што вы не ведаеце – гэта ці то ваша бяда, ці то ваша віна, ці то адсутнасць цікавасці. Вы пагаварыце з рэгіянальнымі кіраўнікамі і даведаецеся шмат якіх рэчаў.

– Добра. Але ці нармальна гэта для публічнай палітычнай структуры, калі пра яе дзейнасць трэба яшчэ і спецыяльна даведвацца?

– Сувязь журналістаў з грамадскімі і палітычнымі дзеячамі – гэта праблема журналістаў, напэўна. У БНФ сувязь заўсёды з тымі, хто хоча працаваць.

– Аднак на пытанне ж вы так і не адказалі, кажучы пра моладзь, ці ёсць у Магілёве суполка “Моладзі БНФ”?

Ёсць, безумоўна, і нават хтосьці гатовы вылучацца на мясцовыя выбары.

Паводле рэгіянальнага парталу “Правы чалавека ў Магілёве

Снежань 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.