Партыя БНФ » Ільля Дабратвор па выніках Зьезду БНФ: “Мы паказалі адзінства”
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Ільля Дабратвор па выніках Зьезду БНФ: “Мы паказалі адзінства”

Дададзена 17.10.2017 12:08:50 | 433 праглядаў

Кіраўнік мінскай раённай арганізацыі Партыі БНФ Ільля Дабратвор, які на Зьездзе партыі вылучаўся на пасаду старшыні арганізацыі і заняў падчас выбараў трэцяе месца, падзяліўся думкамі па выніках партыйнага форума.

BAA91ED6-2FA3-4205-BBED-BD9A6C948D83_w650_r0_sНа зьездзе Партыі БНФ,  які прайшоў 30 верасьня, адбыўся цэлы шэраг падзеяў, што патрапілі пад пільную ўвагу шматлікіх СМІ, якія асьвятлялі мерапрыемства.

Самае асноўнае – наяўнасьць пільнай увагі да ўнутрапартыйнага мерапрыемства беларускай партыі. Ўвесь верасень практычна ўсе беларускія СМІ пісалі пра партыю БНФ, пра людзей, якія могуць ўзначаліць партыю. Нават «Савецкая Беларусь» незадоўга перад зьездам апублікавала на сваім сайце навіну, якая тычыцца ўнутранай кампаніі ў Партыі БНФ.

У адрозненьне ад большасьці падобных мерапрыемстваў, у Партыі БНФ выявілася  дастаткова амбіцыйных людзей, гатовых стаць старшынём. Як адзін з кандыдатаў, хачу адзначыць, што ўнутрыпартыйна мне не ставілі «палкі ў колы» – працяг маёй кампаніі актыўна асьвятляў партыйны сайт, групы ў сацыяльных сетках. Аб усіх мерапрыемствах, што так ці інакш маюць дачыненьне да выбараў у партыі, я атрымліваў аператыўнае апавяшчэньне і вырашаў сам, дзе мне прысутнічаць, а дзе – не.

Мы здолелі пасьпяхова прайсьці і наступны этап, які ў многіх арганізацыях надыходзіць пасля канкурэнтнай барацьбы – мы паказалі адзінства. Ніхто не выйшаў з партыі пасля зьезду і не пабег ствараць сваю, альтэрнатыўную арганізацыю.

Упершыню старшынём Партыі БНФ стаў праваслаўны. Ўсю папярэднюю гісторыю Партыю БНФ узначальвалі каталікі, але на гэтым зьездзе тэндэнцыя змянілася. У партыі проста не было іншага шляху – практычна ўсе прэтэндэнты зьяўляліся вернікамі праваслаўных прыходаў.

Існуюць беспадстаўныя абвінавачваньні, што Рыгор Кастусёў зьяўляецца не самастойнай фігурай – на самай справе гэта зусім не так. Новы старшыня цалкам самастойная фігура, здольная прымаць рашэньні і праводзіць іх у жыццё.

Акрамя таго, партыю ўзначаліў чалавек, які можа наладзіць рэальны дыялог як з прадстаўнікамі іншага БНФ (ўнутрыпартыйна), так і з прадстаўнікамі ўлады.

Вядома, не варта чакаць, што зьмены ў партыі адбудуцца адразу – трэба даць час Кастусёву ўвасобіць свае планы ў жыцьцё.

Намесьнікам старшыні партыі стаў Юрый Лукашэвіч – лідэр моладзевай арганізацыі, якому ўсяго 19 гадоў. Ці шмат ёсьць арганізацыяў, якія могуць дазволіць сваім чальцам зрабіць кар’еру ад шэраговага чальца партыі да намесьніка старшыні за 2 гады?

Зьезд падняў і шэраг асноўных пытаньняў, у якіх дэлегаты паказалі адзінства пазыцыі. Напрыклад, удзел у выбарах. Разумеючы адказнасьць перад сябрамі партыі, асабліва ў рэгіёнах, партыя прымае ўдзел у досыць бяспечных афіцыйных мерапрыемствах. Праводзіць агітацыю, працаваць з людзьмі можна на выбарах – пры гэтым можна не баяцца наступстваў сваёй актыўнасьці.

Акрамя таго, былі адзначаныя моманты, якія аб’ядноўваюць інтарэсы ўлады і партыі БНФ. Калі мы ідзем у адным кірунку, чаго нам дзяліць?

Для мяне было цікава, што прагучала досыць актыўная крытыка ад дэлегатаў кампаніі партыі супраць вучэньняў «Захад 2017». Нашай арміі неабходная трэніроўка, людзей гэтыя вучэньні абсалютна не хвалююць – гучалі аргументы дэлегатаў з рэгіёнаў.

Вядома, падымалася праблема літвінізма. Многія дэлегаты нагадвалі, што мы называемся Беларускім народным фронтам, а не літвінскім.

Таксама паказальна, што большасьць дэлегатаў падтрымліваюць менавіта грамадзянскі, а не этнічны нацыяналізм.

Іспытам для новага кіраўніцтва будуць мясцовыя выбары. Калі партыі атрымаецца  вярнуць сваіх прадстаўнікоў у дэпутацкі корпус – перамены непазбежна будуць.

Паводле допісу ў сацыяльных сетках

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.