Партыя БНФ » Юрась Меляшкевіч хоча азеляніць пустку, дзе здымаўся кліп Макса Каржа
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Юрась Меляшкевіч хоча азеляніць пустку, дзе здымаўся кліп Макса Каржа

Дададзена 27.10.2017 10:44:41 | 138 праглядаў

Грамадскі актывіст і сябра Сойму Партыі БНФ Юрась Меляшкевіч пачаў кампанію збору подпісаў за пераўтварэнне пусткі памерам у 3 гектары на Малінаўцы ў сквер са сцяжынкамі і лавамі. Гэта тая самая пустка, дзе здымаўся кліп «Слова пацана» Макса Каржа.

Юрась Меляшкевіч ужо не першы год займаецца сацыяльнымі пытаннямі Малінаўскі, дзе вырас сам і дзе зараз жывуць ягоныя бацькі. Папярэдняя кампанія, да прыкладу, тычылася якасці пітной вады ў раёне. Тут жа Меляшкевіч некалькі разоў балатаваўся ў дэпутаты мясцовых саветаў і парламенту.

Юрась Меляшкевіч (злева) разам з сябрамі сваёй каманды

Юрась Меляшкевіч (злева) разам з сябрамі сваёй каманды

Сёлета ягоная кампанія тычыцца пераўтварэння здаравезнай пусткі паміж дамамі на вул. Слабадской і Ясеніна ў сквер. Сёння гэта наўпрост занядбаная пляцоўка ў 3 гектары, якіх багата ў спальных раёнах: тут п’юць ды выгульваюць сабак. Пустка настолькі характэрная, што менавіта яе абралі для здымак кліпа Макса Каржа “Слова пацана”, прысвечанага маладосці ў дварах на ўскраінах Мінска: паводле сюжэту, на ёй адбываецца бойка маладзёнаў.

Музыка-музыкай, аднак мясцовыя жыхары здаўна скоса глядзяць на пустку, дзе нельга ані нармальна пагуляць з-за адсутнасці сцежак, ані прысесці. Дрэваў тут таксама няма. Мясцовыя ўлады ў свой час абяцалі пабудаваць тут фізкультурна-аздараўленчы комплекс, але так нічога і не зрабілі. Пры гэтым аналагічны комплекс ужо існуе непадалёк: на вуліцы Бялецкага ля 25-й паліклінікі. Найгоршы варыянт – будаўніцтва на гэтым месцы шматпавярховіка, які ўшчыльніць і без таго густую забудову раёна.

За паўтары гадзіны Меляшкевіч разам з актывістамі са сваёй каманды сабраў паў сотні подпісаў за сквер: абсалютная большасць мінакоў паставіліся да ініцыятывы цалкам прыхільна. У той жа дзень, 26 кастрычніка, подпісы разам з распрацаваным архітэктарамі планам будучага скверу былі пададзеныя на разгляд у Адміністрацыю Маскоўскага раёну.

Паводле Меляшкевіча, паўсотні подпісаў – гэта далёка не мяжа, але спроба паказаць, што дастаткова выйсці на вуліцу і паразмаўляць з людзьмі, каб пераканацца ў настроях мясцовых. Пытанне сквера палітык і грамадскі дзеяч мае намер падымаць таксама падчас бліжэйшай кампаніі мясцовых выбараў, якая мае прайсці на пачатку 2018 году.

22729103_10211073684219039_9170998024930746645_n_logo

Юрась Меляшкевіч у Адміністрацыі Маскоўскага раёну

Паводле газэты “Новы Час

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.