Партыя БНФ » Актывісты БНФ ушанавалі памяць паўстанцаў Каліноўскага ў Сьвіслачы
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Актывісты БНФ ушанавалі памяць паўстанцаў Каліноўскага ў Сьвіслачы

Дададзена 30.10.2017 2:11:50 | 183 праглядаў

Упершыню больш як за 20 гадоў у Сьвіслачы і Якушоўцы актывісты з усёй Беларусі ўшаноўваць памяць паўстанцаў будуць не ў адзін дзень, а на працягу двух месяцаў, каб пазьбегнуць перасьледу з боку ўладаў.

Памятныя імпрэзы распачалі сябры БНФ з Горадні і Менску. Падчас ускладаньня кветак да мэмарыяльных месцаў іх на камэры здымалі міліцыянты.

Кіраўнік Гарадзенскай арганізацыі БНФ Вадзім Саранчукоў расказаў Радыё Свабода, што маратон ушанаваньня памяці паўстанцаў 1863 году ў Сьвіслачы ў новым фармаце распачалі фронтаўцы:

«У Сьвіслач прыехалі лідэры партыі Рыгор Кастусёў і Аляксей Януковіч. Усяго было 12 чалавек, мы традыцыйна наведалі магілу Віктара Каліноўскага, усклалі кветкі і запалілі зьнічы каля помніка Кастуся Каліноўскага, Рамуальда Траўгута, а таксама зьезьдзілі ў Якушоўку. Увесь час, як і ў папярэднія гады, нас суправаджалі міліцыянты ў цывільным і фільмавалі на камэру».

22814116_1696907080354752_8070871052164440737_nАляксей Януковіч заўважыў Радыё Свабода, што, нягледзячы на тое, што ўсяго некалькі чалавек ушаноўвалі афіцыйныя помнікі, якія стаяць у Сьвіслачы, мясцовыя ўлады ўсё роўна імкнуцца кантраляваць такія дзеяньні.

«Улады працягваюць паводзіць сябе непрыстойна. Прыехалі некалькі чалавек да помнікаў, запальваюць зьнічы, а яны з усіх бакоў ходзяць і ва ўпор здымаюць, сунуць камэру ледзь не пад самыя рукі. Гэта вельмі дзіўныя паводзіны. Каб гэтая ўлада адчувала падтрымку народа, яна так бы сябе не пазыцыянавала. Гэта вельмі сумна, бо чыноўнікі працягваюць дэманстраваць сваю антыбеларускую сутнасьць».

На магіле Віктара Каліноўскага ў Сьвіслачы

На магіле Віктара Каліноўскага ў Сьвіслачы

Паводле Януковіча, ён не выключае, што перасьлед скончыцца пратаколамі і судамі. Тым ня менш эстафэту памяці паўстанцаў Каліноўскага падхапілі актывісты з Мастоўшчыны, якія таксама наведалі Сьвіслач і Якушоўку.

Актывіст Ёсіф Палубятка расказаў, што іх група складалася з 10 чалавек — да пяці мастаўчан далучыліся гарадзенцы з сацыял-дэмакратычнай партыі.

«Вядома, нам было ня вельмі прыемна, што па пятах хадзілі людзі ў цывільным. Асабліва гэта абурала тых, хто прыехаў у Сьвіслач упершыню. Але асабіста я заклікаў не зьвяртаць увагі. Мы расказалі пра магілы паўстанцаў, паказалі Сьвіслацкую гімназію, у якой навучалася шмат беларускіх славутасьцяў. Паехалі ў Якушоўку, пабывалі на сядзібе Каліноўскіх. Зьдзіўляе тое, што за намі паўсюль езьдзілі „шпікі“. Уяўляеце, колькі народнага паліва ім давядзецца праезьдзіць за гэты час, бо, як я разумею, зьбіраюцца кантраляваць усе групы, якія наведваць мясьціны, зьвязаныя з паўстанцамі».

Сёлета аргкамітэт адзначэньня Дня памяці паўстанцаў 1863 году, які штогод праходзіць у Сьвіслачы і Якушоўцы, распаўсюдзіў заяву, у якой заклікае грамадзянскую супольнасьць ушаноўваць патрыётаў не ў адзін дзень, а на працягу двух месяцаў, каб пазьбегнуць перасьледу з боку ўладаў.

Каля помніка Рамуальду Траўгуту ў Сьвіслачы

Каля помніка Рамуальду Траўгуту ў Сьвіслачы

Арганізатары заклікалі неабыякавых грамадзянаў на працягу кастрычніка і лістапада, калі беларусы адзначаюць Дзяды, прыходзіць да помніка Каліноўскага ў Сьвіслачы і да крыжа ў Якушоўцы, на магілы паўстанцаў па ўсёй Беларусі.

6CB4BA96-95EC-4704-A1A6-78B28ABC3362_cx0_cy11_cw0_w1023_r1_s

Сябры БНФ побач з помнікам Кастусю Каліноўскаму ў Сьвіслачы

Летась за ўшанаваньне паўстанцаў 1863 году ў Сьвіслачы і Якушоўцы былі аштрафаваныя 15 чалавек.

У заяве, якую распаўсюдзілі сябры аргкамітэту, таксама паведамляецца, што ў 2018-м, калі будуць адзначацца 155-я ўгодкі вызвольнага паўстаньня, ёсьць намер вярнуцца да звыклага масавага і ўрачыстага фармату правядзеньня ў Сьвіслачы Дня памяці паўстанцаў 1863 году.

Паводле Радыё Свабода

 

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.