Партыя БНФ » Актывізацыя прапаганды “рускага сьвету” вымусіла дэмакратычныя арганізацыі Віцебшчыны зьвярнуцца да ўладаў
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Актывізацыя прапаганды “рускага сьвету” вымусіла дэмакратычныя арганізацыі Віцебшчыны зьвярнуцца да ўладаў

Дададзена 30.10.2017 2:56:05 | 143 праглядаў

У заяве, накіраванай у Віцебскі аблвыканкам, упраўленьне КДБ па Віцебскай вобласьці і ўпраўленьне ўнутраных спраў, шэраг дэмакратычных арганізацыяў выказалі пратэст супраць актыўнай дзейнасьці прапагандыстаў “рускага сьвету” на тэрыторыі вобласьці.

Каліноўскі супраць МураўёваСябры Віцебскай гарадзкой Рады Партыі БНФ, Віцебскай гарадзкой арганізацыі АГП, Аргкамітэту Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі і Руху “За свабоду” пратэстуюць супраць умяшаньня “прарасейскіх марыянэткавых арганізацый і фінансаванай расейцамі агентуры ў грамадзкае жыцьцё вобласьці”.

“Мы асуджаем і адкідаем любую прапаганду так званага “русского мира”, “единого русского народа”, “притеснения русскоязычного населения и русского языка”, якую вядуць расейскія ідэалягічныя структуры і падкантрольныя ім СМІ”, – гаворыцца ў заяве.

Заяўнікі асудзілі ўдзел некаторых чальцоў дэмакратычных партыяў і рухаў у віцебскім сходзе прапагандыста “рускага сьвету” Арцёма Агафонава. Маецца на ўвазе мерапрыемства, якое, пад выглядам “круглага стала” на тэму «Дэмакратыя і правы чалавека на Беларусі», прайшло ў абласным цэнтры ў чэрвені 2017 году.

Асаблівае зьдзіўленьне ў аўтараў заявы выклікаў удзел у гэтым мерапрыемстве намесьніка начальніка ўпраўленьня ідэалёгіі і па працы з моладзьдзю Віцебскага аблвыканкаму Валерыя Марчанкі.

“Калі Валеры Марчанка ведаў, куды ідзе, то паўстае пытаньне: як так атрымліваецца, што дзяржаўны службовец абласнога маштабу ўдзельнічае ў мерапрыемстве, якое ладзіцца незарэгістраванай арганізацыяй (арт. 193.1 КК РБ) і мае да таго ж антыдзяржаўную скіраванасьць”, – пытаюцца заяўнікі.

У звароце пералічваюцца таксама іншыя мерапрыемствы і зьявы, якія, на думку прадстаўнікоў дэмакратычных арганізацыяў, ёсьць прыкладам умяшаньня суседняй дзяржавы ў грамадзкае жыцьцё рэгіёну. Сярод іх – міжнародная навуковая канфэрэнцыя “Духовные основы славянского мира” (праходзіць у межах “Ірынінскіх чытаньняў”), умацаваньне “рускага духу”  ў моладзевых лягерах для беларускіх дзетак інструктарамі з Расеі, грамадзянская ініцыятыва «Гражданское согласие» ды іншыя.

Як мяркуюць заяўнікі, антыбеларускія дзеі адбываюцца пры поўным патураньні з боку ўладаў і на фоне дэмагагічных заяў дзяржслужбоўцаў пра абарону нацыянальнага сувэрэнітэту, нацыянальнай культуры і больш шырокае выкарыстаньне беларускай мовы. Гэтую дэмагогію беларускіх чыноўнікаў выкарыстоўваюць у Расеі для распальваньня гістэрычнай кампаніі аб “адраджэньні беларускага нацыяналізму” і “прыгнёце расейскамоўнага насельніцтва”.

Гэта пры тым, што ў Віцебскай вобласьці “не зьяўляюцца клясы і школы зь беларускай мовай навучаньня, адсутнічаюць беларускамоўныя вышэйшыя навучальныя ўстановы, а беларуская мова не выкарыстоўваецца ў працы дзяржаўных органаў, культурных, камэрцыйных і навуковых установаў”.

Паводле рэгіянальнага сайту “Віцебская Вясна

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.